Адкуль нялюдскасць?
25.01.2012
—
Новости Общества
|
Цяпер уся краіна ведае падрабязнасці жорсткага злачынства, якое адбылося ў навагоднюю ноч у вёсцы Лядзец Столінскага раёна. 13-гадовая вучаніца мясцовай школы 31 снежня была на святочным вечары ў вясковым Доме культуры Снягуркай. Вясёлая, камунікабельная, артыстычная, — нягледзячы на юны ўзрост, яна добра справілася са сваёй роляй. А потым, пасля сустрэчы з бацькамі новага года, пайшла з сяброўкамі ў той жа ДК патанцаваць.
15 дзён вяліся пошукі, а бацькі Юліі Ляшук жылі ў самым страшным душэўным стане, які толькі можа быць — у стане невядомасці, надзеі і чакання, што кожную хвіліну можа абярнуцца самай трагічнай весткай. Заставалася маленькае спадзяванне, што дзяўчынку выкралі для атрымання выкупу, бо бацька Юлі займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Але гэта была толькі саломінка для родных збалелых душ... Аператыўнікі з першых гадзін работы і пасля першых атрыманых улік не верылі, што дзяўчынка жывая. Непадалёк знайшлі Юліны рэчы, фрагменты адзення, кроплі крыві. На прэс-канферэнцыі яшчэ ў першыя дні студзеня начальнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Аляксандр Рахманаў сказаў, што крымінальная справа заведзена па артыкуле "Забойства". У вёсцы працавала некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі, у асобныя дні да пошукаў было падключана пад 200 чалавек, дапамагалі супрацоўнікі МНС, пагранічнікі, вадалазы. Не выключаліся версіі аб злачынцах, што прыехалі з-за мяжы. Столінскі раён, як вядома, мяжуе з Украінай. Толькі віноўнік трагедыі знаходзіўся непадалёк, амаль што па-суседску. Ён не пражыў на свеце нават 18 гадоў, але "біяграфію" ўжо мае, бо паспеў трапіць на ўлік інспекцыі па справах непаўналетніх за п'янства. Вырас хлопец у сям'і, з якой сышоў бацька. Калі яго затрымалі, юны нелюдзь адразу паказаў месца, дзе закапаў цела, расказаў падрабязнасці жудаснай справы. На многія пытанні яшчэ павінна адказаць следства, якое, па сутнасці, толькі пачынаецца. У вёсцы чамусьці ўпэўнены, што душыцель быў не адзін. Ды што б там яшчэ ні высветлілася, якое б пакаранне ні вынес вінаватаму суд, бацькам ніхто не верне іх дачушку. А яна ж падавала такія надзеі: цудоўна вучылася, была лепшай у класе па замежнай мове, магла б стаць гонарам сваёй сям'і і апорай бацькам. Мае знаёмыя з Екацярынбурга, якія гасцявалі ў Брэсце на Каляды, пачуўшы гэту гісторыю, жахнуліся. У іх было толькі адно пытанне: як можна было адпусціць ноччу на дыскатэку школьніцу адну? Яны такога ўявіць сабе ў прынцыпе не могуць. У нас — можна. Нашы дзеці і мы самі можам адносна спакойна хадзіць па вуліцы вечарам, і гэта падстава для гонару. Але мы, здаецца, суцешылі сябе пераконваннямі, што ў нас усё спакойна, і страцілі пільнасць. Як вядома, жыць у грамадстве і быць свабодным ад грамадства нельга. А сёння паняцце "грамадства" пад уплывам сусветнай "павуціны" ды іншых сродкаў камунікацый значна пашырылася. На чым выхоўваюцца нашы падлеткі, асабліва ў не вельмі шчаслівых альбо не вельмі дбайных сем'ях? На шматлікіх каналах тэлевізара, дзе бачаць, як катуюць, рэжуць, ірвуць на кавалкі. Для праблемнай падлеткавай псіхікі гэта "зерне" прабіваецца адпаведнымі парасткамі. Калі ж "каша" ў галаве, якая ўтвараецца пад уздзеяннем ТБ і сеціва, узмацняецца ўздзеяннем спіртнога (прычым рэгулярным уздзеяннем, пачынаючы з малых гадоў), наступствы могуць быць самыя горшыя. Чакаць, што з такога юнака вырасце чалавек, асоба — амаль што марная справа. Што наогул можа быць горш за з'яву дзіцячага п'янства? Юнак у 15-16 гадоў трапіў на ўлік у інспекцыю з-за злоўжывання спіртным. І аператыўнікам на пытанне, чаму забіў, ён адказваў: "Быў моцна п'яны". Не зразумела, адкуль браліся грошы на гарэлку, як і сама гарэлка, у гэтага падлетка, у многіх іншых, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях, у наркалагічных кабінетах? Самі бацькі частуюць альбо мядзведжую паслугу аказваюць старэйшыя сябрукі? "Плады" алкагалізацыі пажынаюць і горад, і вёска. У вёсках ад п'яніц асабліва церпяць старыя, безабаронныя людзі, якія часам баяцца знаходзіцца ў сваіх дамах, баяцца, што да іх прыйдуць. Злачынства ў столінскай вёсцы, у многім дзякуючы СМІ, нейкім чынам скалыхнула грамадства. А злачынствы накшталт таго, што сын-п'яніца забівае маці, патрабуючы грошай, праходзяць амаль незаўважнымі... Бацькам бязвінна забітай Юліі Ляшук удвая цяжка несці крыж страты. Цяпер для іх навагоддзе заўсёды будзе самым страшным святам. Як ім жыць у адной вёсцы з маці, сёстрамі таго, хто адабраў дачку?.. Святлана ЯСКЕВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер уся краіна ведае падрабязнасці жорсткага злачынства, якое адбылося ў навагоднюю ноч у вёсцы Лядзец Столінскага раёна. 13-гадовая вучаніца мясцовай школы 31...
|
|