Па сыр — на Камароўку, па садавіну — у "Еўраопт". 21.by

Па сыр — на Камароўку, па садавіну — у "Еўраопт"

04.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шчыра сказаць, на рынках бываю рэдка, па-першае, не люблю тлуму, мітусні. Па-другое, не ўмею дамаўляцца з гандлярамі, каб збавілі цану. Калі і заглядваю на рынак, то хуценька купляю неабходнае і спяшаюся да выхаду. Але на гэты раз цярпліва абышла павільёны "Камароўкі", каб на свае вочы пабачыць, што па чым.

... Спыняюся каля бакалейнага ларка. Рыс ад расійскіх вытворцаў, расфасаваны па 900 грамаў, тут можна набыць за 9 тысяч 900 рублёў. Але ў іншых гандлёвых кропках — і на тысячу-другую танней. Ёсць гатункі і значна даражэйшыя — па 12 тысяч рублёў. Ячныя крупы расійскай вытворчасці па 0,9 кілаграма — за 3 тысячы 550 рублёў. У той жа час кілаграм беларускіх круп каштуе на 150 рублёў менш. За расійскую грэчку трэба аддаць ад 12 тысяч рублёў і больш. На жаль, знайсці крупы айчынных вытворцаў не ўдалося ні ў адным з ларкоў.

— Чаму не відаць беларускай грэчкі? — дапытваюся ў прывабнай маладой прадаўшчыцы.

На думку Наталлі, больш выгадна яе закупляць за мяжой, нават з улікам усіх выдаткаў. Між тым, на грэчку няма такога ажыўленага попыту, як мінулагодняй вясной і летам. Так, людзі падыходзяць да прылаўка, купляюць пачак альбо два — не больш.

На мой погляд, рост цэн на асобныя прадукты харчавання спыніўся. У прыватнасці, на бройлерных куранят. Дасягнуўшы сваёй вяршыні ў 25 тысяч і больш за кілаграм летась, іх кошт цяпер знізіўся да 23-24 тысяч рублёў. І выбар мяса птушкі, дарэчы, даволі разнастайны: 1-й Мінскай, Дзяржынскай, Баранавіцкай, Смалявіцкай, Маладзечанскай птушкафабрык. Разам з тым, нават такі кошт, відаць, не ўсім па кішэні. Адна з пакупніц у задуменні стаіць каля прылаўка, нешта падлічвае, а потым просіць гандлярку ўзважыць невялікую тушку: маўляў, на двухкілаграмовую грошай не хапае.

Каля мясных радоў пакупнікоў няшмат. Гандляры ледзьве не за рукі хапаюць мяне, расхвальваюць сваю прадукцыю: маўляў, самая найлепшая свежаніна, цэны таксама прывабныя. Даводзіцца літаральна ўхіляцца ад шалёнага націску, каб уважліва вывучыць цэннікі. Свініна — ад 45 да 68 тысяч, у залежнасці ад таго, шыя гэта, кумпяк ці лапатка. Далёка не ўсім пакупнікам па кішэні такія прысмакі. Нягледзячы на тое, што гаспадыня прылаўка прапаноўвае невялікую зніжку, адмаўляюся ад яе паслуг.

Прыемна парадавалі цэны на беларускую бульбу, чырвоныя буракі, моркву, рэпчатую цыбулю, белакачанную капусту: 1500, 1400, 2100, 2580 і 1000 рублёў. А ў іншым месцы гэтую прадукцыю можна набыць і на 100-200 рублёў танней. У той жа час, айчынная зялёная цыбуля на прылаўках па 5000 тысяч рублёў за 100 грамаў. Мандарыны, у залежнасці ад гатунку і краіны-вытворцы, — ад 11 да 16 тысяч рублёў. Прыблізна столькі ж каштуюць і апельсіны. Цяплічныя агуркі — ад 16 да 25 тысяч рублёў. Разам з тым, у аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў кошт садавіны, можна сказаць, зашкальвае. Так і патыхае экзотыкай ад цэн на замежныя апельсіны і мандарыны па 75 тысяч рублёў, грушы — па 25, а лімоны — па 107 тысяч рублёў за кілаграм.

Разнастайны выбар і цвёрдых сыроў. Налічыла больш за два дзясяткі. Толькі вось цэны стрымліваюць. Валожынскі "Эліт" — 65 тысяч рублёў за кілаграм, асіповіцкі "Пашахонскі" — 44-50 тысяч рублёў. Самы танны сыр "Капрыз" глыбоцкага завода — усяго 36 тысяч 900 рублёў за кілаграм. Папрасіла ўзважыць трыста грамаў. Літаральна за 10 хвілін яго набылі дзесьці пяць пакупнікоў.

Каля прылаўка з алеем раяцца маці з дачкой — які лепш купіць. Нарэшце спыняюцца на расійскім "Онако", ёмістасцю 0,92 літра і коштам 12 тысяч 700 рублёў. Бяруць адразу пяць бутэлек. Зрэшты, выбар алею на "Камароўцы" багаты, у асноўным расійскай і ўкраінскай вытворчасці, цэны вагаюцца ад 14 да 17 тысяч.

Мае субяседніцы — частыя госці на "Камароўцы". Жывуць у Мінскім раёне, але аддаюць перавагу менавіта гэтаму рынку, хутчэй за ўсё па даўнішняй звычцы, яшчэ з савецкіх часоў.

Многім мінчанам больш падабаецца рынак "Ждановічы", які ў народзе празвалі "народным".

Каля прылаўка, дзе гандлююць бройлерамі, шмат людзей. Станаўлюся ў чаргу і я, паколькі кошт цалкам задавальняе — 19 тысяч 500 рублёў за кілаграм. Побач такая ж прадукцыя ўжо па 20 тысяч. Вось муж з жонкай набылі адразу шэсць тушак. "Навошта так многа?" — пытаюся ў іх. "Рыхтуемся да хрэсьбінаў", — задаволілі яны маю цікаўнасць.

Андрэй і Наталля звычайна затаварваюцца ў некалькіх гандлёвых кропках. Папярэдне тэлефануюць прадаўцам, цікавяцца, якія прадукты ёсць у асартыменце, які іх кошт. Як пастаянным кліентам, ім робяць зніжкі, невялікія, але, як кажуць, капейка рубель беражэ. Сёння яны закупілі прадуктаў харчавання на 250 тысяч рублёў і зэканомілі 10 тысяч.

Пакуль мы размаўлялі, да прылаўка падышла пажылая жанчына, некалькі хвілін вывучала цэны на курыныя яйкі, хаця, на мой погляд, яны былі цалкам пад'ёмныя — ад 9200 да 10000 рублёў. Высветлілася, што яна набывае прадукты харчавання менавіта ў гэтага прадаўца. Калі не хапае грошай, тая дае ўсё неабходнае "на вэксаль", да пенсіі.

Варта зазначыць, што самы "народны" рынак карыстаецца папулярнасцю не толькі ў мінчан. Яго наведваюць жыхары з усіх куткоў Беларусі. Прадукты харчавання тут таннейшыя чым на перыферыі. Некаторыя прыязджаюць цэлымі сем'ямі і загружаюць багажнікі сваіх легкавікоў, што называецца, "пад завязку". Алей тут можна набыць за 13 — 14 тысяч рублёў. А мне, у прыватнасці, пашчасціла знайсці нават за 12 тысяч. У бакалейных кропках адшукала рыс, вагой 900 грамаў, па 8000 рублёў. А ў цэлым набыць яго можна за 9000—12000 рублёў.

Кошт яблыкаў у залежнасці ад гатунку — 8000-9000 рублёў, мандарынаў — ад 12000 (а дробных — і таго менш), белакачаннай капусты — 1000.

...У гандлёвым доме "Еўраопт", што ў Заводскім раёне сталіцы, каля скрынь з садавіной корпаюцца пакупнікі. Бяруць усё, ды не па адным, а па тры, пяць і нават дзесяць кілаграмаў. Грушы па 9900 рублёў і ніжэй, яблыкі — 7900—9900 рублёў, мандарыны — 11900 рублёў. Больш за ўсё пашанцавала аматарам часнаку, рост кошту на які затармазіўся. Калі летась кітайскі быў "дарагім госцем" на стале (25 тысяч і болей за кілаграм), то ўжо сёння ён стаў цалкам даступны — па 18 тысяч.

А вось грэчка на мой погляд, таннейшая на вышэйназваных рынках. У "Еўраопце" за 700 грамаў аддала 7800 рублёў. Рыс прапараны "Янтарны", фасоўкай 900 грамаў, — 9150 рублёў, расійскія ячныя крупы — 3600. А вось асартымент бройлераў на момант наведвання гандлёвай кропкі быў прадстаўлены толькі двума айчыннымі вытворцамі, коштам 23400 і 23950 рублёў.

У аддзеле паўфабрыкатаў філейная частка свініны і карэйка каштавалі адпаведна 79900 і 74550 рублёў.

На рыбных прылаўках шмат якой прадукцыі — вочы разбягаюцца. Толькі цэны... Асабіста я выбрала самае таннае: тушкі свежазамарожанага хека вытворчасці ЗША за 29900 рублёў за кілаграм і мінтай за 23900 рублёў.

Каля паліц з алеем, у асноўным расійскім і ўкраінскім, мітусілася пенсіянерка Кацярына Іванаўна. Цэны на яго розныя — ад 14 да 21 тысячы рублёў у залежнасці ад ёмістасці. Але свайго, беларускага, я не заўважыла. "Магчыма, наш рапсавы быў бы і таннейшы, чым замежны, — выказала думку жанчына. — Два тыдні таму ў магазіне купіла бутэльку такога ўсяго за 8 тысяч 900 рублёў. Калі не разабралі, то яшчэ адну набуду".

У гандлёвай зале звяртае на сябе ўвагу абвестка. Як вынікае з яе зместу, пакупнікам належаць зніжкі. Тыя, хто набыў тавару менш як на 700 тыс. рублёў, — 1%, на 700 — 1 млн 500 — 2%. Ну, а больш за ўсіх пашчасціла "багатым" пакупнікам, хто пакінуў у гандлёвай кропцы за месяц больш як 3 мільёны, — 5%.

Бадзёры мужчына гадоў 60-ці, з якім стаялі ў чарзе да касы, накупіў прадуктаў на 145 тысяч і атрымаў зніжку 3900 рублёў. Мой субяседнік абзавёўся дысконтнай карткай. Для пенсіянераў яна бясплатная, але для афармлення трэба ехаць у цэнтральны офіс. Для астатніх пакупнікоў "дазвол" на зніжку каштуе 9900 рублёў. Не пашкадавала грошай і я, пры разліку на касе набыла "права на льготу". Так што ў наступны раз крыху зэканомлю.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шчыра сказаць, на рынках бываю рэдка, па-першае, не люблю тлуму, мітусні. Па-другое, не ўмею дамаўляцца з гандлярамі, каб збавілі цану. Калі і заглядваю на рынак, то...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика