Зорка Венера. 21.by

Зорка Венера

25.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Песня "Зорка Венера" — візітоўка Нацыянальнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы... Яна ўвайшла ў рэпертуар гэтага праслаўленага калектыву з першых дзён яго існавання. І ўвесь час, на працягу многіх дзесяцігоддзяў, у выкананні капэлы твор гучыць па-юнацку свежа, эмацыйна ўсхвалявана, абуджаючы рамантычна ўзрушаныя памкненні слухачоў.

Успрымаецца песня і як музычны помнік яе стваральнікам і яе нястомнаму папулізатару Рыгору Шырму.

Доўгі час лічылася, што музыка песні "Зорка Венера" — народная, і яе ў 1935 годзе занатаваў на Навагрудчыне Рыгор Шырма. Але мужны прапагандыст і актыўны збіральнік беларускай песні ведаў пра яе аўтараў. Вакальныя творы кампазітара-аматара (і грамадскага дзеяча) Сымона Рака-Міхайлоўскага бытавалі на Беларусі. Асабліва блізка іх успрымала нацыянальная інтэлігенцыя. Аднак імя гэтага дзеяча пэўны перыяд не згадвалася ў друку. Таму музыку песні "Зорка Венера" выдавалі за народную, што дазваляла яе выконваць на сцэне. Нацыянальна-культурны ўздым, што агарнуў беларускую грамадскасць у 1920—30-я гады, актывізаваў пашырэнне дзівоснай перлінкі вакальнай музыкі.

У асяродку сучаснай інтэлігенцыі песня "Зорка Венера" выступае як гімн каханню (а гімн — урачыстую песню — мусяць ведаць усе прысутныя. Агульны спеў яднае супольнікаў, умацоўвае іх стваральны дух). Не толькі моладзі падабаюцца пачуццёвая напоўненасць і шчымлівая развага лірычнага героя. Яго расповед, у якім першы радок кожнай страфы з'яўляецца і яе чацвёртым, але незакончаным, псіхалагічна выразна перадае напружаны стан душы ў прадчуванні непазбежнай ростані, няспраўджанасці надзей. Псіхалагічнае ўспрыманне песні ўзмацняецца, калі згадваеш, што за постаццю прывіднай асобы праглядваюцца прывабныя рысы дзяўчат: Ганны Какуевай, сястры гімназічнага таварыша, у якую Максім Багдановіч быў моцна закаханы, але яна выйшла замуж у 1914 годзе; магчыма, і Ю. Кіціцынай, з якой ён пазнаёміўся ў 1909 годзе на лячэнні ў Крыме (верш датуецца 1912 годам.) А музыка песні, рытмічна-інтанацыйным ладам блізкая да раманса, улагоджвае душэўны стан, супакойвае парыванні, скіроўвае іх да вечаровага неба, да чароўнай зоркі, як называюць планету Венеру, спадарожніцу закаханых.

Зорка Венера

Верш Максіма Багдановіча Музыка Сымона Рака-Міхайлоўскага

Зорка Венера

ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі

з сабой прынясла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас...

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю,

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, —

у расстанні

З ёю зліём мы пагляды свае...

Каб хоць на міг

уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе...

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Песня "Зорка Венера" — візітоўка Нацыянальнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы... Яна ўвайшла ў рэпертуар гэтага праслаўленага калектыву з першых дзён яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика