Любоў. Кіно. Блюз. 21.by

Любоў. Кіно. Блюз

28.02.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уяўляеце беларускі фільм, які пачынаецца з маруднага разняволенага блюза ў стылі крутых нетаропкіх вестэрнаў або "роўд муві"? Калі не, то гэты фільм для вас. Прэм'ера новай стужкі "Беларусьфільма" "Адзінокі востраў" эстонскага рэжысёра Пеэтэра Сіма адбудзецца 1 сакавіка ў сталічным "Доме кіно". А далей з'явіцца на экранах ва ўсіх абласных цэнтрах краіны.

"Адзінокі востраў" — гэта цудоўны прыклад паступовага перараджэння Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Новы праект — чыста еўрапейская супрадукцыя. Фільм фінансаваўся і здымаўся на тэрыторыі трох краін: Латвіі, Эстоніі, Беларусі. А ў арыгінале гучыць на чатырох мовах: беларускай, рускай, эстонскай, латышскай. Калі фільм будзе ўдзельнічаць у міжнародных кінафестывалях, яго мяркуецца суправаджаць англійскімі субцітрамі — каб замежныя гледачы маглі адчуць усю прыгажосць розных моў.

— Гэты фільм для нас з'яўляецца знакавым перш за ўсё па падыходзе, па вызначэнні — дзеля чаго здымаецца беларускае кіно сёння, — разважае Алег Сільвановіч, генеральны дырэктар УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм". — Мы спрабуем гаварыць пра тое найбольш важнае, што вылучае сапраўднае мастацтва, уздымае яго над сферай побытавых інтарэсаў. Усё, што нам трэба, гэта, вядома, любоў. Гэта вера ў пазітыўныя змены ў сферы кінематаграфіі ў Беларусі і ў тое, што гэта нарэшце прывядзе нас да новага вобразу "Беларусьфільма", у якім гарманічна спалучацца і вартыя стужкі мінулых гадоў, і сённяшнія фільмы, дэбюты маладых творцаў. Менавіта на моладзь "Беларусьфільм" робіць сёння галоўную стаўку.

Сюжэт "Адзінокага вострава" — гэта пяць жыццёвых гісторый, якія развіваюцца паралельна і перакрыжоўваюцца паміж сабой. Адметна, што шмат роляў дасталася вядомым беларускім акцёрам. Святлана Зелянкоўская — шыкоўная і бясстрашная жанчына-паліцэйскі, якая дапусціла ракавую памылку ў працы. Ігар Сігоў — таленавіты хірург, якога несправядліва абвінавацілі. Валерыя Арланава, Вольга Водчыц, Уладзімір Грыцэўскі-малодшы і іншыя таксама здымаліся ў карціне з беларускага боку. Наогул, здымачная група была сфарміравана вельмі дэмакратычна: эстонцы, латышы, беларусы. Вядома, што аўтар сцэнарыя эстонец Міхкель Ульман нарадзіўся і пэўны час жыў у Беларусі. А карэнны беларус аператар Вадзім Пацееў наогул настолькі добра справіўся са сваёй работай, што адразу і не пазнаеш па выяве, што фільм беларускі. Беларускі ўнёсак у стужку зрабіў і Аляксей Шадзько. Ён напісаў экслюзіўны блюз для фільма. Блюз гэты на тэму восені ў пэўным сэнсе задае тон і рытм карціны. Але гучыць у канкрэтным кантэксце ўсё-ткі неапраўдана пафасна.

Эклектычны, але шчыры. Заблытаны, з мноствам пытанняў адносна драматургіі, але жвавы. "Адзінокі востраў" — жывы фільм.

— Мы вельмі хочам, каб беларускі кінематограф стаў маладым, вельмі крэатыўным, яскравым і запатрабаваным для беларускага гледача, — гаворыць Алег Сільвановіч.

Будзем спадзявацца, што так яно і адбудзецца. Тым больш што ў Нацыянальнай кінастудыі на бліжэйшую будучыню велізарныя планы. Напрыклад, прэзентацыя на Канскім кінафестывалі фільма Сяргея Лазніцы "У тумане" паводле твораў Васіля Быкава, які таксама ствараецца ў супрадукцыі: Беларусь і яшчэ чатыры краіны.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уяўляеце беларускі фільм, які пачынаецца з маруднага разняволенага блюза ў стылі крутых нетаропкіх вестэрнаў або "роўд муві"? Калі не, то гэты фільм для вас....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика