«Так было наканавана лёсам…». 21.by

«Так было наканавана лёсам…»

13.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З сяржанта авіяцыі ў прафесара медыцыны вывела жыццёвая сцежка Барыса Уладзіміравіча Дрывоцінава

Упершыню я сустрэўся са знакамітым сваяком на пахаванні брата маёй бабулі. Атрымаўшы візітоўку прафесара, я здзівіўся. На ёй было напісана: «Профессор кафедры нервных и нервно-хирургических болезней БГМУ, доктор медицинских наук, лауреат Государственной премии Республики Беларусь, заслуженный врач Республики Беларусь, почетный доктор БГУ ФК, почетный академик АМН РБ Дривотинов Борис Владимирович». Не Дрывоцень, як дзявочае прозвішча маёй бабулі Марыі Маркаўны!

Як высветлілася, яно было трансфармавана яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя.

Дзед Барыса Уладзіміравіча Іван Cцяпанавіч Дрывоцень (1870—1955) нарадзіўся ў Пру-дзішчах, непадалёку ад Мінска. Ён удзельнічаў у Руска-японскай вайне, быў паранены і хадзіў з палачкай. Бабуля Варвара Філіпаўна Навойчык была родам з Далгінава. А бацька Уладзімір Іванавіч Дрывоцень нарадзіўся ў Мінску ў 1897 годзе. У 1918-м яго прызвалі ў Чырвоную армію. Віхуры Грамадзянскай вайны закінулі ў Саратаў, дзе ў 1921 годзе чырвоны камандзір уступіў у шлюб са студэнткай Саратаўскага медыцынскага інстытута Ганнай Чабатаровай. У 1922 годзе ў іх з’явіўся сын Барыс. Пры дэмабілізацыі, калі бацька звальняўся з арміі, пісары да яго прозвішча дадалі «ов». Так ён стаў «Дривотинов».

Калі Барысу было 5 гадкоў, сям’я вярнулася на радзіму бацькі, у Мінск. У сталіцы Беларусі Уладзімір Іванавіч Дрывоцінаў займаў пасаду начальніка бюджэтнага ўпраўлення і члена калегіі Наркамата фінансаў БССР.

...У кабінеце прафесара я з цікаўнасцю разглядаў фотаздымкі.

Барыс Уладзіміравіч называў прозвішчы аднакурснікаў, з хваляваннем успамінаў гады вучобы ў Тамбоўскім вучылішчы грамадзянскай авіяцыі...

У 1940 годзе прыйшоў загад з Масквы перапрафіляваць іх вучылішча ў ваеннае. Прыгожую форму, у якой курсанты фарсілі па Тамбове, нібы генералы, прыйшлося змяніць на ваеннае абмундзіраванне.

Праз месяц пасля пачатку вайны з нацысцкай Германіяй у Тамбове прызямліўся 55-ы полк хуткасных бамбардзiроўшчыкаў «СБ». Авіяцыйная часць была перабазіравана з далёкаўсходняга горада Спаска, дзе ўдзельнічала ў баях супраць японцаў на Халхін-Голе і возеры Хасан.

У гэты полк разам з іншымі курсантамі лётнай школы быў накіраваны і Дрывоцінаў.

Немцы рваліся на ўсход. На Дняпроўскім рубяжы, імкнучыся сарваць наступленне гітлераўцаў, савецкае камандаванне кідала ў бой усе магчымыя рэзервы. 28 ліпеня 1941 года сюды прыбыў і 55-ы полк. Наносячы бомбава-гарматныя ўдары, без прыкрыцця знішчальнікаў (якіх у Чырвонай арміі было зусім мала), нашы неслі велізарныя страты. Да сярэдзіны верасня ад усёй часці застаўся толькі адзін самалёт, на якім у Растоў былі перапраўлены дакументы і сцяг палка. Барысу цудам удалося вырвацца з акружэння разам са штабам 55-га палка: камандзірам палка маёрам Дубініным, камісарам палка маёрам Пановым, начальнікам штаба маёрам Угольнікавым, начальнікам аператыўнага аддзела маёрам Трэццяковым і некалькімі дзясяткамі воінаў, якiя засталіся ў жывых.

Потым у якасці стралка-радыста бамбардзiроўшчыка Дрывоцінаў прымаў удзел у знішчэнні нямецкіх войскаў фельдмаршала Манштэйна, якія імкнуліся дапамагчы вырвацца з акружэння пад Сталінградам арміі фельдмаршала Паўлюса.

…Пасля цяжкага ранення лётная кар’ера сяржанта закончылася, бо, падняўшыся са шпітальнага ложка, ён мог хадзіць толькі ў гарсэце і на мылiцах.

Назіраючы ў шпіталі за работай студэнтаў-практыкантаў медыцынскага інстытута, ранены Барыс Уладзіміравіч зацікавіўся нялёгкай прафесіяй медыкаў. Дзень Перамогі ён сустрэў у шпіталі.

А крыху ачуняўшы, паступіў вучыцца ў Саратаўскі медінстытут. На трэцім курсе перавёўся ў Мінскі медінстытут.

Выпускніка Дрывоцінава пакінулі працаваць на кафедры нервовых хвароб на пасадзе клінічнага ардынатара. Потым ён паступіў у аспірантуру, працаваў асістэнтам, дацэнтам, а з 1974 года — прафесарам кафедры нервовых і нервова-хірургічных хвароб БДМУ.

У 1958 годзе Барыса Уладзі-міравіча прызначылі на пасаду галоўнага ўрача 2-й клінічнай установы Мінска, якую ён узначальваў на працягу 6 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам была праведзена рэканструкцыя карпусоў і пабудаваны новы галоўны корпус. Бальніца стала буйной сучаснай клінічнай установай з найноўшымі метадамі дыягностыкі і лячэння.

Барыс Уладзіміравіч апісаў гісторыю гэтай лячэбнай установы і выдаў два зборнікі навуковых работ урачоў бальніцы. Армія страціла ваеннага, а медыцына атрымала будучага вучонага.

Велізарная працавітасць, самадысцыпліна, адказнасць і прыродны талент спрыялі таму, што медыцынская кар’ера Дрывоцінава імкліва ішла ўгору. Ён стаў прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі. Больш дваццаці сямі гадоў узначальваў навуковае таварыства неўрапатолагаў і псіхіятраў.

За час сваёй навуковай дзейнасці Барыс Уладзіміравіч падрыхтаваў 17 кандыдатаў медыцынскіх навук. Некаторыя з яго вучняў сталі вядомымі вучонымі, прафесарамі, дактарамі медыцынскіх навук. У іх ліку В. Латышава, Н. Філіповіч, А. Луп’ян…

Вучоны Дрывоцінаў лічыцца заснавальнікам беларускай навукова-педагагічнай школы вертанеўралогіі. Вынікі яго навуковых даследаванняў прадстаўлены больш чым у 400 публікацыях, уключаючы 5 манаграфій, 8 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, 7 выданняў пад яго навуковай рэдакцыяй.

У 1998 годзе Барыса Уладзімі-равіча выбралі ганаровым акадэмікам Беларускай акадэміі медыцынскіх навук.

Разам з вучнямі ён упершы-ню распрацаваў і ўкараніў у практыку аўтаматызаваныя і вылічальныя сістэмы па прагназаваннi і лячэннi шмат-лікіх хвароб. І цяпер шмат працуе ў галіне «Матэматыка ў медыцыне». Распрацоўкі Дрыво-цінава знайшлі практычнае прымяненне ў медыцынскіх установах Беларусі, краінах бліжняга і далёкага замежжа, нават на амерыканскім кантыненце.

Інтэнсіўная разумовая праца ідзе на карысць не толькі грамадству, але і самому Барысу Уладзіміравічу. У свае 90 гадоў мой знакаміты сваяк свабодна чытае газеты без акуляраў.

Відаць, так было наканавана лёсам, каб былы сяржант Ваенна-паветраных сіл СССР стаў прафесарам медыцыны, якога ў Кембрыджы ў 1997 годзе ўключылі ў лік выдатных людзей ХХ стагоддзя.

На здымку: прафесар Дрывоцiнаў, 1990 год.

Фота: сямейны архіў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Барыс Дрывоцiн: Ад сяржанта авіяцыі да прафесара медыцыны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика