Цэгла і "рэбры" Сухараўскага храма
13.03.2012
—
Новости Общества
|
У мінулую нядзелю Мітрапаліт Філарэт асвяціў накупальны крыж храма Архістратыга Міхаіла ў сталічным мікрараёне Сухарава Гэту падзею і прычт, і вернікі называюць цудам, бо фундамент Свята-Міхайлаўскага храма быў закладзены больш як 10 гадоў таму, аднак будаўніцтва амаль не рухалася да мінулага лета, і вось за некалькі месяцаў на вачах мінчан вырас вялікі і прыгожы храм, а побач з ім, на зямлі, паступова апрануўся ў золата купал. І вось ужо асвячоны накупальны крыж — сцяг перамогі над смерцю ў хрысціянскай царкве. Днямі купал і крыж узнімуцца ў неба і зайграюць сонечным праменнем над мікрараёнам, а пакуль вернікі з задавальненнем прыкладаюцца да святыні, фатаграфуюць яе для сямейных архіваў і не ўтойваюць сваёй радасці. Царква расце і ўмацоўваецца, запрашаючы ўсіх пад свае купалы — нябесныя крылы, каб мы разам маглі славіць Бога і Збаўца нашага Ісуса Хрыста, — вітаў прыхаджан Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі ФІЛАРЭТ,Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Будзем славіць Яго і словам, і справай, і ўсім сваім жыццём. Узнясём малітвы да Бога за Яго літасці і дабрадзействы да нас. Хай блаславенне Жыватворчай Тройцы сыходзіць на ўсіх нас, хто сёння рупліва моліцца пра пасланне Божага блаславення на ўвесь прыход, на ўсю акругу, на ўсіх людзей, што прыцякаюць да гэтага храма. На Божай Літургіі ў нядзелю людзей тут было столькі, што ўсе не ўмясціліся ў малы храм імя святой Ксеніі Пецярбургскай, а набажэнства зацягнулася амаль на гадзіну. Як заўсёды, вялікую частку прычаснікаў складалі дзеці. Мітрапаліту Філарэту саслужыў сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, протаіерэй Мікалай Коржыч, настаяцель і ўсё духавенства прыходу. Настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма протаіерэй Ігар ГАЛАКОЎ быў узнагароджаны правам нашэння паліцы і крыжа з упрыгажэннямі. — Малы храм асвячоны ў 2009 годзе, — паведаміў журналісту "Звязды" настаяцель, протаіерэй Ігар Галакоў. — Але і ён ужо з цяжкасцю ўмяшчае ў сябе вернікаў. У нядзелю на набажэнства прыходзіць каля 700 прыхаджан, а на вялікія святы — паўтары тысячы. Асноўны храм будзе складацца з двух прыдзелаў: ніжні ўмесціць 500 чалавек, верхні — 700. Месяц таму, напярэдадні Дня памяці Святой Ксеніі Пецярбургскай, памятную капсулу з граматай у апсіду асноўнага храма заклаў вікарый Мінскай епархіі Веніямін. У бліжэйшыя дні мы ўстановім купал і крыж, плануем хутка пачаць тынковачныя работы. Гэта што тычыцца будаўніцтва, але галоўная наша праца — выратаванне чалавечых душ. Свята-Міхайлаўскі прыход імкнецца праводзіць сацыяльную і асветніцкую работу. Тут працуе нядзельная школа, моладзевы цэнтр, сястрыцтва, беларусазнаўчы і англамоўны гурткі. Прыхаджане на чале са святарамі апякаюць 4-ю клінічную бальніцу, наведваюць ветэранаў вайны і інвалідаў, ладзяць святы для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Усё гэта аб'ядноўвае вернікаў, але святары паўтараюць, што галоўнае для кожнага з іх — самаўдасканаленне і любоў у сэрцы. — Царква не ў бярвенні, а ў рэбрах, не збор камянёў, а сход людзей, — нагадаў на святочнай пропаведзі іерэй Віталь МАЛІШЭЎСКІ. — У адным старажытным помніку ёсць параўнанне будаўніцтва царквы з будаўніцтвам вежы, якую ўзводзяць анёлы. Яны бяруць апрацаваныя белыя камяні, а вуглаватыя і шурпатыя, з расколінамі адкідаюць убок. Гэта вобраз таго, што Царква складаецца з людзей. Мы — як цэгла: або падыходзім для мура, або не. Добра, калі чалавек выраўнуе свае грані і зможа "ўвайсці ў мур". Але гора таму, хто не апрацаваў уласныя вострыя вуглы — ганарыстасць, зайздрасць, якія не дазваляюць іншым людзям "прыляпіцца" да яго, каб разам скласці сцяну храма. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую нядзелю Мітрапаліт Філарэт асвяціў накупальны крыж храма Архістратыга Міхаіла ў сталічным мікрараёне Сухарава Гэту падзею і прычт, і вернікі называюць...
|
|