Цяжкі "яблычак"
14.03.2012
—
Новости Общества
|
Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме асаблівасцяў пераходнага ўзросту. На пытанні карэспандэнтаў, а таксама слухачоў і чытачоў адказаў псіхолаг Мінскага гарадскога клінічнага дзіцячага псіханеўралагічнага дыспансэра Віктар ГУБКІН. (Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 3 і 6 сакавіка.) (— Мінск, Надзея. Дачцэ 17 гадоў. Выхоўваю адна. Апошнія пяць гадоў стасункі нашы пагоршыліся. Дачка праяўляе грубасць, не цікавіцца маім жыццём і маімі праблемамі, што мяне вельмі крыўдзіць. А на людзях яна ветлівая і пяшчотная... — Гэта якраз прыклад таго, што ў дзяўчыны праблема не з соцыумам, а менавіта з маці. Незразумела, па-першае, чаму маці крыўдзіцца. Ад дзіцяці не трэба патрабаваць, каб яно замяняла мужа. Калі вы хочаце пагаварыць пра дарослыя праблемы, ідзіце да дарослай сяброўкі. Калі ж дзіця адмаўляецца дапамагаць, то, хутчэй за ўсё, вы з самага ранняга дзяцінства не прывучалі яго да такіх сямейных узаемаадносін. Чаго ж патрабаваць, калі дзіця вырасла? Усё, што мы паспяваем даць дзіцяці да 7 гадоў, то і будзем атрымліваць на працягу, як мінімум, наступных дзесяці. Праўда, у дробязях мы заўсёды можам спрабаваць адпрацоўваць свае "памылкі"... Дапусцім, у пакоі дзіцяці непарадак. Часам ён нават патрэбны. Для таго, каб дзіцяці нешта спатрэбілася, і яно паспрабавала навесці парадак па закліку ўласнай душы, а не па жорсткім патрабаванні бацькоў. А часам бацькам не лішне прапанаваць сваю дапамогу, каб канкрэтна паказаць, як прыгожа можна зрабіць. У выхаванні трэба спалучаць мяккасць характару і жорсткасць патрабаванняў. Калі мы прад'яўляем нейкае патрабаванне, яно павінна быць, па-першае, адно, па-другое, кароткае і адэкватнае. Калі мы кажам, што дзіця павінна прыходзіць дадому ў 22.00, то павінны патлумачыць, чаму так і не інакш. І тут не можа быць ніякіх ваганняў. Дарэчы, ідэальны варыянт — каб дзіця клалася спаць у 21.00. У супрацьлеглым выпадку мы бачым у школе сонныя вочы, рассеянасць, няздольнасць да вучобы ў прынцыпе. Другі важны момант — самому таксама трэба трымацца пэўных правілаў. Калі дзіця бачыць, што вы гуляеце ў камп'ютарныя гульні да трох гадзін раніцы, а ад яго патрабуеце класціся спаць а 21-й гадзіне, то дакладна можна сказаць: будуць канфлікты. Калі мы просім выключыць камп'ютар, то павінны патлумачыць, чаму гэта трэба зрабіць. Можа быць, давядзецца патлумачыць неаднойчы. Калі будзеце практыкаваць гэта з самага ранняга дзяцінства, то надалей спрацуе звычка. Адсутнасць жа дысцыпліны адаб'ецца і на дарослым жыцці. Вядома, ёсць дарослыя, якія не могуць прачнуцца, прымусіць сябе выконваць нейкія абавязкі. Нарэшце, трэба прыгадаць і пра пачуццё гумару. Гумар у нашым жыцці адыгрывае вельмі важную ролю. Чым часцей у вашай сям'і усміхаюцца, тым больш у вас шчасця, даверу, расслаблення... Безумоўна, у некага можа быць дрэнны настрой, і тады ўсе могуць яму паспачуваць. Усё ж такі сям'я — гэта своеасаблівае згуртаванне, дзе ўсе разважаюць, у прынцыпе, аднолькава. Калі некаму дрэнна, сям'я аб'ядноўваецца, каб дапамагчы. Аднак іншая рэч, калі падлетак пастаянна бачыць толькі незадаволеныя, хмурыя, злыя твары... (— Мінск, Арына. Малодшаму брату 14 гадоў. Размаўляць з ім і мне, і бацькам, мякка кажучы, няпроста. А самае важнае, ён не жадае вучыцца, наогул не імкнецца чытаць, усё спісвае з дапамогай мабільнага... Нам усё пусціць на самацёк або ёсць нейкія варыянты ўздзеяння? — Часам трэба не толькі гаварыць, але і нешта рабіць. Чаму дапускаецца спісванне з мабільнага? Чаму ў 14-гадовага падлетка мабільнік мае большыя функцыі, чым проста прыём званкоў? (— Мінская вобласць, Ірына Аляксандраўна. Цікава, што вы думаеце наконт таго, якім чынам бацькі павінны ўдзельнічаць у школьным жыцці? Можа быць, вы дасце некалькі парад, як трэба паводзіць сябе бацькам школьнікаў з іх настаўнікамі, дырэктарам школы, каб гэта было на карысць і школе, і дзецям? — Бацькі павінны ўдзельнічаць у школьным жыцці роўна столькі, колькі гэта неабходна для ведання сапраўднага становішча з паспяховасцю. А не для таго, каб спрабаваць такім чынам падняць ацэнкі ці рэйтынг вучня. (— Брэст, Вольга, маці 16-гадовага сына. Зараз, напэўна, усе дзеці захапляюцца камп'ютарам, засынаюць з мабільнікам... Так ці інакш узнікаюць пэўныя праблемы: і ў саміх дзяцей, калі гаварыць пра эфектыўнасць іх навучання ў школе, і ў нас, бацькоў, якія часта не могуць знайсці аргументаў для таго, каб скіраваць дзяцей на нейкія карысныя рэчы. Як трэба сябе паводзіць бацькам? Што забараняць? — Забараняць і вучыць трэба значна раней за 16 гадоў. Змагацца з залежнасцю, калі яна ўжо сфарміравалася, неверагодна цяжэй. (— Віцебская вобласць, Аляўціна Мікалаеўна. Майму сыну зараз 13 гадоў. На шчасце, у нас поўная сям'я, аднак наш тата — чалавек па натуры вельмі мяккі і, як правіла, "строгая і прыдзірлівая" ў сям'і я. Таму ў мяне пытанне: якім чынам я павінна праводзіць размовы на далікатныя тэмы пра ўзаемаадносіны палоў і што рабіць, калі знаходзіш у кішэнях сына цыгарэты? — Па-першае, няхай растлумачэнні праводзіць бацька — праяўляе сябе як мужчына. Пра цыгарэты таксама можна пагаварыць, але калі дзіця даведаецца, што вы без папярэджання залезлі ў кішэню, ён вам верыць ужо не будзе. Проста абмяркуйце з сынам праблему курэння, а калі адчуеце пах, вось тады можна пагаварыць і больш дэталёва! (— Асіповічы, Алена Іванаўна, настаўніца. Што трэба рабіць, калі ў класе ўзнікае праблема знікнення рэчаў, крадзяжоў? Звычайна настаўнік не хоча "выносіць смецце" за межы не тое што школы — класа. Якім чынам настаўнік можа правесці разбор, каб выявіць тых, хто гэтым займаецца? Якім чынам будаваць работу з бацькамі? — Калі мы нешта хаваем, замоўчваем, то толькі патураем сітуацыі, спрыяем ёй. Такія сітуацыі неабходна вырашаць усё ж такі з прыцягненнем міліцыі. Святлана БАРЫСЕНКА Як стаць ідэальным бацькам для падлетка?1. У сям'і, дзе ёсць падлетак, дарослы павінен выступаць то ў ролі вядучага, то ў ролі вядзёнага, то ў ролі аўтарытэта, то ў ролі "чайніка". Бацькі павінны пастаянна адаптавацца да змены сітуацыі і настрою, праяўляць гібкасць да меркавання і поглядаў ІНШАЙ асобы — уласнага дзіцяці. 2. Не камандуйце і не кіруйце! Ваша дзіця больш не верыць абстрактным словам і дэкларацыям, яно аналізуе вашы дзеянні, стратэгіі, статус. 3. Не толькі слухайце дзіця, але і назірайце за яго рэакцыямі. Задавайце сабе пытанні: "Чаму ён так (неадэкватна) рэагуе?". Паверце, дзіця не хоча змагацца, яно хацела б разабрацца. 4. Не плануйце канкрэтны вынік выхаваўчага ўздзеяння, ён усё роўна будзе іншым. Вы задумвалі адно, а атрымалася зусім іншае — радуйцеся. Дзіця пазбавіла вас яшчэ аднаго стэрэатыпу. Гэта спрыяе росту вашай асобы, правакуе спантаннасць рэакцый. 5. Не бойцеся рызыкаваць разам з падлеткам, здзіўляць яго. Пошук новых спосабаў узаемадзеяння з дзіцём хутчэй дапаможа пачаць гутарку на адной мове. 6. Перадавайце дзіцяці свой аптымізм. Шэраг змен, якія адбываюцца з падлеткам, успрымаюцца ім трагічна. Дапамажыце яму глядзець на любыя сітуацыі з лёгкай, аптымістычнай пазіцыі. Нельга жартаваць толькі з эмоцый. 7. Фільтруйце інфармацыю, якая датычыцца праблем падлеткавага ўзросту. Далёка не ўсё, пра што вы чытаеце, адносіцца менавіта да вашага дзіцяці. І не ўсё, што можа адбыцца з падлеткам, абавязкова адбудзецца менавіта з вашым дзіцём. 8. Не забывайцеся на сямейныя каштоўнасці і традыцыі, якія існуюць у вашай сям'і. Менш дэкларуйце і больш паказвайце на сваім прыкладзе перавагі тых ці іншых каштоўнасцяў. 9. Падлетак імкнецца да адказнасці толькі там, дзе яна яму выгадная. Задача бацькоў — навучыцца дзяліцца сваёй адказнасцю з ім і ў іншых, малавыгадных, на першы погляд, абласцях. Дзіця павінна зразумець: усё, то адбываецца ў яго жыцці і жыцці яго сям'і, адбываецца не толькі дзякуючы дарослым, як гэта было ў раннім дзяцінстве, але і дзякуючы яго дзеянням. 10. Падлетак — не гліна, а бацькі — не скульптары. На жаль, дарослым не па сілах вылепіць ідэальнае дзіця, бо ў яго — іншае ідэальнае Я. Бацькі павінны толькі дапамагаць мяняцца і станавіцца дарослымі, зыходзячы з рэальных памкненняў. 11. Дапамагайце дзіцяці рабіць канкрэтныя крокі да яго мэт. Гэта важна для самавызначэння. Вядучая роля і адказнасць тут належыць яму, а дарослыя — толькі "аксакалы", здольныя падзяліцца ўласным вопытам па запыце дзіцяці. 12. Вучыце не баяцца памылак. Паказвайце вопыт падзення і ўзлётаў на прыкладах з уласнага жыцця і жыцця іншых значных для дзіцяці людзей, а не на пастаянным "разборы яго палётаў". 13. Звярніце ўвагу падлетка на тое, што любому чалавеку ўласцівыя ўнутраная супярэчлівасць, неадназначнасць, канфлікт жаданняў і матываў паводзін. Пазіцыя "ўсе праз гэта праходзяць" значна менш уразлівая, больш абароненая, чым пазіцыя "я такі непаслядоўны". 14. Самапазнанне — прэрагатыва любога, хто думае і адчувае, незалежна ад узросту і статусу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сумесна з радыёстанцыяй "Мір" наша газета правяла "прамую лінію" па тэме асаблівасцяў пераходнага ўзросту. На пытанні карэспандэнтаў, а таксама слухачоў...
|
|