Нечаканы канфлікт
14.03.2012
—
Новости Общества
|
Побач з кансерваторыяй, на тым месцы, дзе сёння стаіць шыкоўны атэль "Еўропа", быў будынак старадаўняга, амаль трухлявага яўрэйскага тэатра. Цяпер ужо і не памятаю, дзеля чаго я трапіў у гэты куточак Мінска менавіта ў той момант, калі вялізная чыгунная "груша" разбівала сцены будынка. З грукатам і пылам падалі буйныя кавалкі збудавання, якое ў далёкім мінулым было храмам Мельпамены. І вось на маіх вачах яму трэба было кануць у Вечнасць. Вырашаю, што трэба зрабіць фотаздымак. Няхай будзе ў маім архіве, магчыма, калі-небудзь спатрэбіцца. Выцягваю з сумкі фотаапарат і паспяваю адзін раз націснуць на кнопку. Раптам нехта за маёй спінай бесцырымонна пляскае далонню па плячы. Я ніяк не рэагую і працягваю трымаць фотаапарат на ўзроўні вачэй. Чакаю, каб зрабіць яшчэ адзін "дубль". Але ж нехта працягвае пляскаць па плячы. — Прашу не замінаць! — кажу гэтыя словы, а сам сачу за рухам чыгуннай "грушы", каб націснуць на кнопку менавіта ў момант удару па сцяне. — Грамадзянін! Перастаньце фатаграфаваць! Я павярнуўся і ўбачыў перад сабой маладога сяржанта міліцыі, які вельмі рашуча яшчэ раз загадаў спыніць фатаграфаванне. Я выцягнуў з кішэні рэдакцыйнае пасведчанне, назваўся і спытаў, чаму ён забараняе выконваць маю службовую справу. Далей адбыўся дыялог. Сяржант: "Нельга! Забаронена!". Задаю пытанне: "Хто забараніў і па якой прычыне?". Сяржант: "Асабіста я забараняю, таму што гэта фатаграфаваць нельга!". Вакол нас літаральна за нейкую хвіліну сабраўся натоўп разявак. Нашага чалавека хлебам не кармі, толькі дай яму відовішча. Нейкая бабулька асабліва цікаўным паведаміла: "Шпіёна злавілі!". Большага абсурду ў маім жыцці яшчэ не здаралася, і мне стала так смешна, быццам пачуў нейкі забаўны анекдот. Мой смех падзейнічаў на сяржанта, як чырвоная ануча на быка, і ён рашуча загадаў: "Хопіць! Пайшлі ў райаддзел міліцыі, там разбяромся!". Скажу шчыра: я ўзрадаваўся такому выпадку. Ёсць цудоўная магчымасць паказаць гэтаму заўзятаму сяржанту, дзе ракі зімуюць, і даць яму ўрок ветлівасці. Разумею, што ён прычапіўся без прычыны, але ж на вуліцы не буду яму тлумачыць, што ён робіць глупства. Усё гэта я скажу там, у кабінеце начальніка міліцыі. Крочым бадзёра, плячом да пляча. Калі засталося метраў сто да будынка, кажу свайму канваіру: "Таварыш сяржант! Я не прадвеснік, зусім не валодаю магіяй, але дакладна ведаю, што будзе ў бліжэйшыя паўгадзіны ў райаддзеле міліцыі". Сяржант: "Ну, дык што там будзе?". — А будзе наступнае, — адказваю, — па-першае, вам загадаюць папрасіць у мяне прабачэння. Але гэта яшчэ не ўсе непрыемнасці для вас. Вам загадаюць даставіць мяне на машыне туды, адкуль забралі. І, нарэшце, дадуць вымову. Сяржант спыніўся. Я зразумеў, што ён хоча адчапіцца ад мяне і думае, як гэта лепш зрабіць. — Вось што, — пасля роздуму кажа сяржант, — у мяне шмат іншых спраў, больш важных, так што вы свабодны, я вас больш не затрымліваю. Адказваю яму вельмі стрымана, спакойна, амаль ветліва: "Вялікі дзякуй! Вы мне сарвалі рэдакцыйнае заданне, зрабілі з мяне шпіёна, і цяпер я свабодны? Вы абяцалі разабрацца ў райаддзеле — вось там у кабінеце вашага начальства і разбяромся, хто з нас мае рацыю". Мы як быццам памяняліся ролямі. Я энергічна ішоў уперад, а сяржант плёўся ззаду. У кабінеце палкоўніка я даў волю сваім пачуццям. Палкоўнік хутка ўсё зразумеў. — За тое, што я дрэнна выхаваў свайго падначаленага, — сказаў ён, — прашу ў вас прабачэння. Гэта першае. І другое: сяржант на машыне даставіць вас туды, адкуль забраў або ў любое іншае месца. А з табой, сяржант, будзе асобная размова. Інцыдэнт быў вычарпаны. Я выйшаў на вуліцу. Услед за мной выбег сяржант, чырвоны, як спелы памідор. — Куды вас даставіць? — пытае. — Пайду пяшком, — адказваю, — аднак як дакладна збылося маё прадказанне, ці не так, таварыш сяржант? — Усё так. З прэсай трэба дружыць. Я вельмі шкадую, што праявіў непатрэбную стараннасць і шчыра прашу ў вас прабачэння, — сказаў сяржант, і мы развіталіся спакойна і мірна, быццам і не было аніякага канфлікту. Мікалай АМЕЛЬЧАНКА, былы фотакар "Звязды". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Побач з кансерваторыяй, на тым месцы, дзе сёння стаіць шыкоўны атэль "Еўропа", быў будынак старадаўняга, амаль трухлявага яўрэйскага тэатра
|
|