Урокі гісторыі бацькі беларускіх гарадоў. 21.by

Урокі гісторыі бацькі беларускіх гарадоў

14.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Грамадскім прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды падрыхтоўкі да юбілею Полацка.

Але яе можна было назваць і "круглым сталом" на тэму "Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці. Да 1150-годдзя з дня заснавання". У Доме прэсы сабраліся прадстаўнікі тых ведамстваў і ўстаноў, якія маюць непасрэднае дачыненне да святкавання гэтай даты. Таму праблематыка святкавання юбілею аднаго з самых старажытных гарадоў не толькі Беларусі, але і Еўропы, была асветлена кваліфікавана, падрабязна і з розных бакоў. І сапраўды, тэма для размовы была абрана цікавая, змястоўная і, часам здавалася, неабсяжная. Полацк — унікальная тэрыторыя. Адзін толькі факт: у склад Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ўваходзяць 11 музеяў. У 2010 годзе горад стаў першай культурнай сталіцай Беларусі. Карацей, ёсць што абмеркаваць.

Старшыня Полацкага гарвыканкама Аляксандр Пазняк, на плечы якога лёг асноўны цяжар па правядзенні шматлікіх святочных мерапрыемстваў, быў галоўным, так бы мовіць, ньюсмейкерам на сустрэчы з журналістамі. І не дзіўна. Сёння ўсе намаганні кіраўніцтва горада накіраваны на падрыхтоўку да свята. Работа гэта шматгранная і шматпланавая. У прыватнасці, стварэнне сучаснай турыстычнай інфраструктуры, якая б дазволіла гораду прымаць тысячы турыстаў з блізкага і далёкага замежжа. Ужо распрацавана адпаведная канцэпцыя. Яе галоўныя палажэнні будуць рэалізаваны на працягу двух гадоў. За гэты час плануецца добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол Сафійскага сабора і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, аднавіць асобныя гістарычныя аб'екты, зрабіць больш камфортнымі ўмовы прыёму турыстаў, узвесці дзве гасцініцы і рэстаран.

Увогуле Аляксандр Пазняк расказаў прысутным шмат цікавага аб ходзе падрыхтоўкі да 1150-годдзя Полацка. Напрыклад, што пры актыўным удзеле гарвыканкама да юбілею выдадзена кніга "Полацк — бацька гарадоў беларускіх", брашуры, буклеты і праспекты, таксама створаны рэкламны відэаролік, распрацаваны сумесна з прыбалтыйскімі  партнёрамі турыстычны маршрут па беларуска-балтыйскім рэгіёне праз Полацк.

Але галоўны акцэнт быў зроблены на тых мерапрыемствах, якія пройдуць у горадзе з 25 мая па 5 чэрвеня. Гэта будзе апафеоз святкавання юбілею. Яго праграма пачнецца з велічнага канцэрта "Шэдэўры опернага мастацтва каля сцен старажытнай Сафіі" і фэсту сярэднявечнай культуры. У гэтыя святочныя дні будзе дадзены старт велапрабегу па гарадах, якія ўваходзілі ў склад Полацкага княства, адкрыецца выстава "Беларускія мастакі Полацка", "Крывіцкі кірмаш" рамёстваў, адбудзецца прэзентацыя гандлёва-рамесных падворкаў "Полацкі гандлёвы пасад" і шэраг іншых цікавых забаўляльных мерапрыемстваў. А навукоўцы і даследчыкі збяруцца на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Полацак і Полацкая зямля ў гісторыі і культуры Еўропы". 5 чэрвеня завершыць свята горада хросны ход ад Сафійскага сабора, які адбудзецца менавіта ў дзень памяці Ефрасінні Полацкай.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі заўважыў, што 1150-годдзе Полацка — гэта падзея нацыянальнага і міжнароднага значэння, якая будзе ўрачыста адзначацца па ўсёй краіне, а таксама за яе межамі. У прыватнасці, пры садзейнічанні аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА пра юбілей беларускага горада даведаюцца не толькі жыхары і госці Парыжа (месца штаб-кватэры ЮНЕСКА), але і ў іншых краінах. Яны там пройдуць пры падтрымцы і ўдзеле нашых суайчыннікаў. А ў нас цікавай абяцае быць прэзентацыя юбілею Полацка ў Нясвіжы — культурнай сталіцы Беларусі 2012 года. Усе гэтыя мерапрыемствы, на думку намесніка міністра, будуць спрыяць папулярызацыі нашай краіны ў свеце.

Леанід Гуляка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, нагадаў прысутным, што Полацк яшчэ і калыска беларускай духоўнасці. Гэтая тэма таксама будзе гучаць падчас святкавання юбілею, бо ў горада слаўныя хрысціянскія традыцыі. Яго праваслаўная епархія мае ўжо больш чым тысячагадовую гісторыю. Больш за тое, казаў Леанід Гуляка, заснаванне горада практычна супадае з заснаваннем Полацкай праваслаўнай епархіі. Гэта знамянальная акалічнасць. Таму ў красавіку ў Полацку намечана правядзенне міжнароднай рэлігійнай канферэнцыі, якая пройдзе пад знакам трох Святых Сафій — з Ноўгарада, Кіева і Полацка. Пройдзе і выстава "Пасхальная радасць зямлі Полацкай". А міжнароднае свята званоў парадуе палачан і іх гасцей у дні святкавання юбілею. Намечаны і іншыя цікавыя мерапрыемствы.

У сваю чаргу, Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, паведаміў аб удзеле навукоўцаў у падрыхтоўцы да юбілею. Гэтую работу яны пачалі загадзя. Бо дастойнае ўшанаванне слаўнага мінулага патрабуе і яго адпаведнага грунтоўнага асэнсавання гісторыкамі і даследчыкамі. Яны ўжо шмат зрабілі: да друку падрыхтавана калектыўная манаграфія навукоўцаў, якая прысвечана гісторыі Полацка. Па словах Вячаслава Даніловіча, гэта ўнікальнае выданне, аналаг якога адсутнічае ў гісторыкаграфіі. Манаграфія будзе выдатна праілюстравана.

Узнікае практычнае пытанне: а ці можна будзе знайсці прытулак у горадзе ў святочныя дні для ахвотных на свае вочы пабачыць, як палачане, уся краіна адзначае слынны юбілей? Аляксандр Пазняк упэўнены: праблемы з гэтым не павінны ўзнікнуць. Усяго гарадскія ўлады мяркуюць прыняць прыкладна тры тысячы чалавек. Сярод іх дэлегацыі 18 гарадоў-пабрацімаў Полацка. Нагадаем, ён актыўна развівае пабрацімскія сувязі з гарадамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы, Літвы, Латвіі, Швецыі, Польшчы, Грузіі, Германіі. На свята таксама запрошаны прадстаўнікі ўсіх акрэдытаваных у Мінску дыпламатычных місій і міжнародных арганізацый.

Леанід Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Грамадскім прэс-цэнтры сталічнага Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды падрыхтоўкі да юбілею Полацка. Але яе можна было назваць і "круглым сталом"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика