ФОРМУЛА БЕССМЯРОТНАСЦІ
14.03.2012
—
Новости Общества
|
Акадэмік Купрэвіч пацвердзіў яе жыццём Сёлета навуковая грамадскасць Беларусі адзначае 115-годдзе вядомага беларускага вучонага, заснавальніка глебавай энзімалогіі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесара, дзяржаўнага дзеяча Васіля Феафілавіча Купрэвіча (1897--1969). Васіль Купрэвіч нарадзіўся 24 студзеня 1897 года ў в. Кальнікі (Кляннікі) Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і сялян Феафіла Лявонавіча і Матроны Паўлаўны. Пачатковыя веды хлопчык атрымаў у вясковай школе, а ў 1910 годзе паступіў у сельскагаспадарчае вучылішча ў Смалянах. Пасля яго заканчэння ў 1913 годзе, нечакана для бацькоў, паехаў у Санкт-Пецярбург і ўладкаваўся юнгам на Балтыйскі флот. Відаць, недзе ў глыбіні душы жыла мара аб моры, аб невядомых краінах. У школе юнгаў і потым у Матроскай гімназіі пры Гельсінгфорскай Аляксандраўскай гімназіі паказаў сябе таленавітым, дысцыплінаваным вучнем. Захаваліся атэстат юнгі Купрэвіча і пасведчанне матроса эскадранага мінаносца "Самсон", дзе ў раздзеле "Атэстацыя па спецыяльнасці і паводзінах" адзначана: "Способен. Прилежен. Хорошо управляется с огнем"; "Очень старательный, исполнительный. Хороший строевик. Поведения отличного"; "Знающий, способный очень (падкрэслена ў дакуменце. -- М.Л. Т.Ж.), образованный. Может быть командиром своего плутонга". У 1914 годзе В.Купрэвіч быў прыведзены да прысягі, а ў канцы 1915 года паспяхова здаў экзамен на званне камендора (марскога артылерыста) -- матроса, які спецыяльна быў падрыхтаваны для стральбы з карабельных гармат. А далей В.Купрэвіч у званні старшыны ўдзельнічаў у баях з германскім флотам у Рыжскім заліве, камандаваў кармавым плутонгам мінаносца, у складзе каманды эскадранага мінаносца "Самсон" прымаў удзел у рэвалюцыйных падзеях у Петраградзе, у эвакуацыі флоту з Гельсінгфорса (Хельсінкі) у Кранштат. Але хвароба прымусіла пакінуць флот, і ў чэрвені 1918 года В.Купрэвіч вярнуўся ў родныя мясціны. Уладкаваўся настаўнікам з 1928 па 1931 год завочна вучыўся на спецыяльным факультэце аддзялення аграбіялогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі кадраў народнай адукацыі ў Маскве. Падчас працы настаўнікам Купрэвіч з цікавасцю вывучае мясцовую мікалагічную флору, збірае калекцыю насення пустазелля Смалявіцкага раёна, складае зельнік, за што ў 1925 годзе нават атрымлівае Ганаровы дыплом сельскагаспадарчай і рамесніцкай выстаўкі. А ў 1926 годзе з'яўляецца і яго першы навуковы артыкул. Менавіта з гэтага часу можна весці адлік яго навуковай дзейнасці. У 1931--1934 гадах Васіль Купрэвіч -- аспірант Батанічнага інстытута АН СССР. ...У 1938 годзе Купрэвіча запрашаюць на працу ў Батанічны інстытут імя У.Л.Камарова АН СССР, дзе ён працуе спачатку старшым навуковым супрацоўнікам, потым загадчыкам лабараторыі (з 1949 года -- дырэктарам інстытута). За час працы ў гэтай вядомай навуковай установе Васіль Феафілавіч Купрэвіч працягвае даследаванні па фізіялогіі хворых раслін, а таксама пачынае паглыбленую працу па сістэматыцы грыбоў. Восенню 1941 года ў блакадным Ленінградзе ён паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю. У самыя цяжкія для блакаднага горада дні В.Купрэвіч быў разам са сваім інстытутам, ратаваў каштоўныя калекцыі, абсталяванне (за што пазней быў узнагароджаны медалём за ўдзел у гераічнай абароне Ленінграда), спазнаў усе цяжкасці Ленінградскай блакады. У сярэдзіне 1942 года вучоны быў эвакуіраваны ў Казань, потым накіраваны ў Сыктыўкар і Таджыкістан. Там у новых прыродна-кліматычных умовах працягваў вывучэнне грыбоў, у тым ліку іржаўных, складаў гербарыі раслін з грыбнымі захворваннямі. Навуковыя заслугі В.Ф. Купрэвіча былі адзначаны выбраннем яго ў студзені 1952 года Агульным сходам АН БССР акадэмікам і прэзідэнтам Акадэміі навук БССР, а ў 1953 -- членам-карэспандэнтам АН СССР. Даследчыка цікавілі і пытанні, звязаныя з працягласцю жыцця, бессмяротнасцю. Пры непасрэдным удзеле вучонага ў 1960-х гадах у сістэме АН БССР упершыню на тэрыторыі былога СССР быў створаны геранталагічны сектар, супрацоўнікі якога вывучалі механізмы старэння арганізма. Ідэі В.Ф. Купрэвіча адносна гэтай праблемы ўнеслі значны ўклад у развіццё геранталагічнай навукі. Васіль Купрэвіч -- аўтар больш за 100 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій. З ініцыятывы Васіля Купрэвіча ў сістэме Акадэміі навук былі створаны інстытуты, якія сталі флагманамі беларускай навукі: фізікі, матэматыкі, ядзернай энергетыкі, цепла- і масаабмену, тэхнічнай кібернетыкі, генетыкі і цыталогіі і інш. Паралельна з навуковай і кіраўнічай працай Васіль Купрэвіч ажыццяўляў работу па прапагандзе навуковых здабыткаў: быў галоўным рэдактарам "Ботанического журнала"(1959--1966), часопісаў "Доклады АН БССР" (1952--1969), "Микология і фитопатология" (1967--1969). У 1967 годзе акадэміку было нададзена званне заслужанага дзеяча навукі, а ў 1969 годзе -- Героя Сацыялістычнай Працы. Яго дзейнасць не абмяжоўвалася толькі сценамі Акадэміі навук. Навуковую працу ён паспяхова спалучаў з дзяржаўнай і грамадскай. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1951--1954), Вярхоўнага Савета СССР (1954--1969), уваходзіў у склад ЦК КПБ. Талент вучонага і кіраўніка былі высока адзначаны дзяржавай. В.Ф.Купрэвіч узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, "Знак пашаны". Імя вучонага з гонарам носяць Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі, вуліца ў Мінску, гімназія ў Смалявічах. 17 сакавіка 1969 года Васіля Купрэвіча не стала. Пайшоў з жыцця чалавек, які зрабіў вялікі ўнёсак у сусветную навуку і вельмі шмат зрабіў для развіцця навукі айчыннай. У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы (ЦНБ НАН Беларусі) захоўваецца асабісты архіў Васіля Купрэвіча, які складаецца з 2 405 адзінак захавання. Па матэрыялах архіва супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавана юбілейная экспазіцыя "Акадэмік Купрэвіч. Да 115-годдзя з дня нараджэння", якая распавядае пра жыццёвы і творчы шлях гэтага неардынарнага чалавека. Сярод рукапісаў навуковых прац упершыню экспануюцца матэрыялы, якія належаць да сапраўдных рарытэтаў. Гэта малюнкі В.Ф. Купрэвіча да манаграфіі, прысвечанай іржаўным грыбам, і рукапіс апавядання "Два камня и роза", якое можа быць аднесена да ліку мастацкіх твораў. Побач з надрукаванымі навуковымі манаграфіямі гэтыя і іншыя рукапісы складаюць даволі вялікі раздзел выстаўкі. Асаблівую цікавасць выклікаюць прадстаўленыя на выстаўцы запісныя кніжкі, дзённікавыя запісы і фотаздымкі, зробленыя падчас паездкі па Цэнтральнай Афрыцы ўдзельнікаў VІІІ Міжнароднага батанічнага кангрэса (сярод якіх быў і В.Ф. Купрэвіч), а таксама падчас візіту ў Англію на святкаванне 300-годдзя Брытанскага Каралеўскага Таварыства; удзелу ў рабоце 47-й канферэнцыі Міжпарламенцкага Саюза, якая праходзіла ў Бразіліі. Вядомы вучоны вёў шырокую перапіску. Сярод яго адрасатаў -- людзі розных заняткаў і ўзростаў. Узоры эпісталярнай спадчыны прадстаўлены на выстаўцы лістамі вядомых вучоных І. Краўчанкі, М. Дарожкіна, А. Жэбрака, М. Келдыша, пісьменнікаў К. Крапівы, П. Глебкі, П. Броўкі. Завяршаюць экспазіцыю матэрыялы аб жыцці і дзейнасці вучонага: біяграфічныя артыкулы з энцыклапедычных выданняў, манаграфіі, артыкулы, нарысы, успаміны вядомых навукоўцаў, пісьменнікаў і ўсіх тых, хто ведаў, паважаў, цаніў і любіў Васіля Феафілавіча. Марына ЛІС, Таццяна ЖУК, навуковыя супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акадэмік Купрэвіч пацвердзіў яе жыццём Сёлета навуковая грамадскасць Беларусі адзначае 115-годдзе вядомага беларускага вучонага, заснавальніка глебавай...
|
|