Што то за хлопец, што за дзяўчына. 21.by

Што то за хлопец, што за дзяўчына

14.03.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вера ў каханне і вернасць каханню... Шчасцем поўніцца існаванне, калі гэтыя святланосныя пачуцці яднаюцца.

А між імі — прага кахання. Яна і вярэдзіць юначыя душы, і верхаводзіць імі. Тады бураломам ідзе ўсё наўкола. Супярэчнасці кахання яскрава перададзены ў вакальным творы "Што то за хлопец, што за дзяўчына". Неадольнае імкненне быць разам прымушае закаханых вырвацца з-пад бацькоўскай апекі, быць смелымі і знайсці прытулак нават ля млына — таямнічай мясціны, дзе, паводле павер'яў, ліхая сіла гуляе па начах...

Вернасць каханню ўслаўляецца ў песні "Што то за хлопец, што за дзяўчына". Апошнім часам лічаць, што музыку да гэтага вакальнага твора напісаў Сымон Рак-Міхайлоўскі (1885—1937), паклаўшы ў яго аснову народную баладу (сюжэтам яна нагадвае меладраматычныя аповесці, асабліва ўкраінскія, з ХІХ стагоддзя.) Ён, як педагог (скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю і Феадасійскі педагагічны інстытут) і грамадска-палітычны дзеяч, добра разумеў сутнасць кахання, яго гаючую сілу і дабратворнае ўздзеянне на стваральнае развіццё людскіх дзеяў. Тым больш што імклівы рэвалюцыйны ўздым у краіне запатрабаваў самаадданасці ад грамадоўцаў і адначасова іх рамантычнай узнёсласці. Дзейснай дапамогай тут выступаюць новыя лірычныя песні: і зместам, і музычным афармленнем (гарманічным спалучэннем фальклорных традыцый і рамансавых рысаў) мусяць быць блізкія для ўспрымання гараджанамі.

На пачатку 1920-х гадоў Сымон Рак-Міхайлоўскі знаходзіўся ў цэнтры нацыянальнага асяродку гродзенскай інтэлігенцыі. Працуючы школьным інспектарам у Гродзенскім аддзеле народнай адукацыі (і выкладчыкам матэматыкі ў Гродзенскай беларускай гімназіі), а потым дырэктарам Барунскай настаўніцкай семінарыі, ён спрыяў пашырэнню нацыянальна-культурных новаўвядзенняў. У гэты ж час ён, кампазітар-аматар, паклаў на музыку верш "Раманс" ("Зорка Венера") М. Багдановіча (прыклад таму падаў Ян Тарасевіч, выпускнік Пецярбургскай кансерваторыі, які тут выкладаў музыку ў беларускай гімназіі: ён першы з кампазітараў звярнуўся да паэзіі М. Багдановіча, Я. Коласа, Ф. Багушэвіча). Моцны нацыянальны зарад нясе і песня "Што то за хлопец, што за дзяўчына". Музычныя арыгіналы вакальных твораў Сымона Рак-Міхайлоўскага не зберагліся. Існуе шэраг іх апрацовак, зробленых прафесійнымі кампазітарамі.

...На ўшанаванне памяці мужнага патрыёта ў роднай вёсцы Максімаўцы, што на Маладзечыншчыне, усталяваны памятны знак — камень з мемарыяльнай дошкай, яго імем названа адна з вуліц у Маладзечне. Аднак самы магутны помнік — гэта песні. А тое, што яны сталі народнымі, — найлепшая адзнака для працы стваральнікаў, самы паспяховы вынік іх творчай дзейнасці.

Што то за хлопец, што за дзяўчына

Што то за хлопец,

што за дзяўчына

У поле пад вечар выходзяць

І, прытуліўшысь там каля млына,

Ночкі спакойна праводзяць.

Яна ўцякае з бацькавай хаты,

Хлопец з зялёнага гаю.

Дзяўчына з вёскі. Гэляй завецца,

Хлопца як зваць — не знаю.

Ён ёй штось шэпча,

быццам кахае,

Нібы любую дзяўчыну,

І кожны раз ёй ўсё паўтарае:

— Міла, не плач, не пакіну!

Мілая Гэля, мая кахана,

Ты мне за ўсё даражэйша,

Тут каля млына сон нас

не зморыць,

Ночка для нас дня яснейша!

Дзяўчына рада, жмецца, цалуе

І пры ім ўсё забывае:

Дома ніколі ўжо не начуе,

Дома спакою не мае...

Месяц за хмары ўжо захіліўся,

Зоркі усе пахавалісь.

Толькі ля млына

свет запаліўся —

<І>Вочы дзяўчыны смяялісь.

Апошнія два радкі кожнай страфы паўтараюцца.

Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН

¢ 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вера ў каханне і вернасць каханню... Шчасцем поўніцца існаванне, калі гэтыя святланосныя пачуцці яднаюцца.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика