Пропуск у дарослае жыццё
15.03.2012
—
Новости Общества
|
З чаго пачынаецца дарослае жыццё? Безумоўна, можна прыдумаць розныя варыянты адказу на вышэйназванае пытанне, але ў гэты дзень хочацца сказаць, што пачынаецца яно з... пашпарта. Усё астатняе — выпускныя, уступныя іспыты, пошукі працы — будзе пасля. Але першае адчуванне, што нешта мяняецца ў жыцці, што пераходзіш пэўную мяжу, за якой пачынаецца дарослае жыццё, мабыць, усё ж у большасці з нас звязана з атрыманнем першага дакумента. Напэўна, людзі, якія пра сваё атрыманне пашпарта могуць узгадаць толькі чаргу ў пашпартным стале і банальную просьбу "распісацца за атрыманы дакумент", пазайздросцяць героям нашага рэпартажу, якія атрымлівалі пашпарты ва ўрачыстай атмасферы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Менавіта адсюль стартавала традыцыйная акцыя "Мы — грамадзяне Беларусі!", прымеркаваная да Дня Канстытуцыі, якую праводзіць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. 14-15 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны 16-гадовыя хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць свае першыя дакументы з рук кіраўнікоў органаў выканаўчай і заканадаўчай улады на месцах, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў. Дарэчы, сёлета "Клуб маладых дэпутатаў" БРСМ выступіў з прапановай, каб беларускія парламентарыі ўручалі пашпарты хлопцам і дзяўчатам ва ўсіх выбарчых акругах. Між іншым, сёлетняя акцыя набыла сімвалічны характар. Да 10-годдзя БРСМ у кожнай выбарчай акрузе пашпарты атрымаюць 10 маладых людзей, у якіх ёсць асаблівыя заслугі ў галіне навукі, культуры, спорту, вучобы, грамадскай дзейнасці. У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шаснаццацігадовыя беларусы атрымлівалі пашпарты з рук першага сакратара ЦК Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ігара Бузоўскага, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Святланы Шылавай і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнай дзейнасці Галіны Юргілевіч. Дарэчы, права атрымаць пашпарты з рук парламентарыяў удастоены сапраўды лепшыя з лепшых. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты заявілі аб сабе на навуковых алімпіядах, займаюцца дабрачыннай справай, удзельнічаюць у розных конкурсах. Пазнаёмімся бліжэй. Аня Запруцкая — прызёр Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, мае дыплом ІІ ступені па беларускай мове і дыплом ІІІ ступені па рускай мове. — У мяне заўсёды былі поспехі ў розных мовах — беларускай, рускай, англійскай, хоць я вучуся ў фізіка-матэматычнай гімназіі, — прызнаецца дзяўчына. — Я лічу, што вельмі цікава вывучаць мову і асабліва літаратуру роднай краіны. Я захапляюся творчасцю Багдановіча, Караткевіча, Купалы. Мне ўсё жыццё казалі, што беларуская мова — адна з найбольш мілагучных у свеце, і я лічу, што сапраўды яна вельмі хораша гучыць. Я шчыра люблю родную мову. Дзяўчына падзялілася і сваімі ўражаннямі ад акцыі: — Я ў захапленні, вельмі цікава даведацца пра гісторыю беларускага парламентарызму, пабываць у такім будынку. Хвалююся... Удзельнікі свята атрымалі ў падарунак Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таксама кнігу "Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь" і выданне "Герб, Сцяг і Гімн Беларускай Дзяржавы". Дарэчы, сёння пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь атрымаюць лепшыя вучні школ Мінскага раёна, прычым урачыстасць адбудзецца ў Авальнай зале Дома ўрада — там, дзе прымалася першая Канстытуцыя суверэннай Беларусі. Алена Дзядзюля. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З чаго пачынаецца дарослае жыццё? Безумоўна, можна прыдумаць розныя варыянты адказу на вышэйназванае пытанне, але ў гэты дзень хочацца сказаць, што пачынаецца яно...
|
|