Курс на збліжэнне
20.03.2012
—
Новости Общества
|
Адносіны Беларусі і Таджыкістана актывізуюцца Праз 20 гадоў незалежнасці цікава прасочваць лёс і ўзаемныя стасункі краін, якія некалі былі адной дзяржавай. Пра суседзяў мы, натуральна, заўжды больш дасведчаныя. А сёння забяромся трохі далей — у сонечны Таджыкістан. З размовы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом гэтай дзяржавы Казідаўлатам КАІМДОДАВЫМ высвятляем, што замінае Таджыкістану на шляху ў Еўразійскі саюз, якую ролю можа адыграць краіна ў выхадзе беларускай прадукцыі на цэнтральнаазіяцкі рэгіён, калі адбудзецца візіт прэзідэнта Эмамалі Рахмона ў Беларусь. — Казідаўлат Каімдодавіч, апошнім часам слова "інтэграцыя" ўсё часцей гучыць у дачыненні да постсавецкіх краін. Як глядзіць Таджыкістан на тое, каб самому далучыцца да будучага Еўразійскага саюза? — А пакуль Беларусь, відаць, становіцца больш прывабным гандлёвым партнёрам? — Безумоўна, функцыянаванне АЭП і намер трох дзяржаў стварыць Еўразійскі саюз дае дадатковы імпульс развіццю нашага супрацоўніцтва. За апошні год таваразварот павялічыўся амаль у чатыры разы і склаў больш за 70 млн долараў, з дадатным сальда для Беларусі, дарэчы. Пастаўляюцца найперш трактары для сельскай гаспадаркі, вялікагрузная і кар'ерная тэхніка для будаўніцтва гідраэнергетычных аб'ектаў і выкарыстання ў гарнаруднай прамысловасці. За апошнія два гады ў Таджыкістане з'явілася больш за сотню адзінак будаўнічай і кар'ернай тэхнікі беларускай вытворчасці. Але патэнцыял выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, неабходна нарошчваць аб'ёмы паставак. Таджыкістан павінен стаць пляцоўкай для выхаду Беларусі на рынак Цэнтральнай Азіі. Беларуская тэхніка можа вырабляцца сумеснымі сіламі ў Таджыкістане. Яе прасцей вырабляць там, чым гнаць на такую адлегласць. І ўжо гэтай сумеснай прадукцыяй мы маглі б гандляваць з тэрыторыі Таджыкістана на паўднёвых рынках. У актыўнай стадыі перамовы пра зборачную вытворчасць трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. — У якіх яшчэ галінах краіны маглі б скааперавацца? — Натуральна, у аграрным сектары. У Таджыкістане спрыяльныя кліматычныя ўмовы, шмат сонечных дзён, што дазваляе за год атрымліваць два — тры ўраджаі. Мы павінны наладжваць новую форму кааперацыі. У насенняводстве прапануем такую формулу. Бяром, скажам, кілаграм беларускага насення, у сябе робім з яго тону, пэўную частку зноў пастаўляем у Беларусь. Абедзве краіны ў выйгрышы. Перспектыўным лічыцца таксама развядзенне племянной буйной рагатай жывёлы. — Ці заглядваецца Таджыкістан на беларускія прадпрыемствы, выстаўленыя на прыватызацыю? — Так, таджыкскія спецыялісты зацікаўлены ўдзельнічаць у прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Як вытворцы бавоўны, мы хацелі б акцыянаваць беларускае прадпрыемства па вытворчасці пражы — у прыватнасці, Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне. Нас цікавіць менавіта вытворчасць канечнага прадукту з нашай сыравіны ў еўрапейскай краіне. Гэта магло б стаць паспяховым праектам. — Якія таджыкскія прадукты вы хацелі б бачыць у Беларусі, а беларускія — у сваёй краіне? — Калі мы вырашым пытанні з нашымі авіятарамі, то маглі б наладзіць пастаўкі сюды грузавымі самалётамі свежай садавіны, агародніны і сухафруктаў. Мы славімся сваімі запасамі вады. І мінеральныя, і пітныя воды, я ўпэўнены, прыйшліся б даспадобы беларускім спажыўцам. Таджыкскі мёд здабываецца высока ў гарах — гэта надае яму непаўторны смак і водар. Не адным пакаленнем правераны гаючыя ўласцівасці нашых лекавых траў. Нашым спецыялістам у фармацэўтыцы варта сумесна папрацаваць і... заваліць беларускія і таджыкскія аптэкі такой прадукцыяй! Прапрацоўваюцца магчымасці павелічэння паставак з Таджыкістана ў Беларусь баваўнянага валакна, воўны, гарбарнай сыравіны, перапрацаванай садавіны і агародніны. Таджыкскі рынак сёння заваяваны пакістанскай бульбай — непарадак! Павінна быць беларуская! Мы зацікаўлены таксама ў пастаўках мукі, сухога малака з Беларусі. А калі наладзіць авіязносіны — то і сметанковага масла, сыроў. Беларускія сыры па смакавых уласцівасцях нічым не саступаюць якасным еўрапейскім. Я ўвогуле лічу, што рынак на прасторы СНД павінен быць запоўнены таварамі вытворчасці гэтых краін. Многія заходнія прадукты, на жаль, не такія натуральныя, як нашы, утрымліваюць больш хіміі. Тамтэйшыя фермеры клапоцяцца найперш пра ўраджайнасць і прыбыткі, а наша сельская гаспадарка яшчэ не развучылася вырабляць смачныя прадукты. — Студэнты беларускіх ВНУ ўсё часцей дзеляць парту з таджыкскімі аднагодкамі... — Мы і надалей будзем павялічваць колькасць студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі. Ужо адкрыты факультэт БНТУ ў Таджыкскім тэхнічным універсітэце. Мы арыентаваныя не толькі на падрыхтоўку, але яшчэ і на павышэнне кваліфікацыі нашых спецыялістаў у Беларусі. Рыхтуем таксама пагадненне паміж Акадэміямі навук. — Як рухаецца праект будаўніцтва Рагунскай ГЭС, у адрас якой гучыць столькі крытыкі? Праясніце, калі ласка, сітуацыю. — Мы восьмыя ў свеце па запасах водных рэсурсаў. Пры гэтым выкарыстоўваем менш за пяць адсоткаў. Нам жыццёва неабходна будаваць гідраэлектрастанцыю. Мы гэта не ўчора прыдумалі: 40% збудавання было ўзведзена яшчэ да распаду СССР. Калі дабудуем, забяспечым таннай электраэнергіяй не толькі сваю краіну — увесь рэгіён. Да таго ж яна яшчэ ўзнаўляльная і экалагічна чыстая. Туркменістану, Узбекістану гэта таксама выгадна: яны будуць менш спальваць газ для вытворчасці і больш яго прадаваць. У нашай энергіі зацікаўлены Пакістан, Афганістан, Індыя — рынак ёсць. Праекціроўшчыкі заяўляюць пра бяспеку плаціны — у прыватнасці, яе сейсмаўстойлівасць. Суседнія краіны непакояцца, што пры будаўніцтве вадасховішча знізяцца аб'ёмы стоку ў нізоўях Амудар'і і зменяцца рэжымы водаразмеркавання. Такія сцвярджэнні не адпавядаюць рэчаіснасці. У адпаведнасці з праектам, Рагунскае вадасховішча будзе напаўняцца на працягу 13 — 18 гадоў і пройдзе амаль непрыкметна для арашальнага земляробства. Уплыў запаўнення вадасховішча на сток Амудар'і складзе не больш за 3 — 5 адсоткаў. Само вадасховішча плануецца выкарыстоўваць як у энергетычных, так і ў ірыгацыйных мэтах. Мы прапаноўвалі суседзям, датычным да водных крыніц, ствараць сумесны водна-энергетычны кансорцыум. Наша ініцыятыва не была падтрымана. Магчыма, яны асцерагаюцца таго, што мы будзем дыктаваць цэны на ваду. У нас такіх планаў няма. У такой сітуацыі патрэбны толькі добры палітычны падыход, дыпламатыя, бо гэта ў інтарэсах усіх. Народы рэгіёна будуць жыць лепш, таму мы павінны ўсе гэтыя бар'еры і непаразуменні зняць. Беларускі Прэзідэнт падчас візіту ў Таджыкістан, дарэчы, выказаў падтрымку ініцыятыве будаўніцтва Рогунскай ГЭС. — Пасля леташняга візіту беларускага лідара ў Таджыкістан адносіны прыкметна актывізаваліся. Калі плануецца візіт у адказ? — Так, найбольш адчувальныя зрухі — у прамысловасці, энергетыцы, сельскай гаспадарцы. Візіт таджыкскага прэзідэнта Эмамалі Рахмона ў Беларусь не за гарамі. Дзякуй Богу, у нас няма палітычнага рознагалосся. Нашы краіны падтрымліваюць адна адну на ўсіх міжнародных пляцоўках. Паміж нашымі прэзідэнтамі прыязныя сяброўскія адносіны. Іх аб'ядноўвае тое, што абодва яны — сапраўдныя лідары, выхадцы з народа. Яны занялі свае пазіцыі не праз усплёскі і народныя хваляванні. Гэта тое, што прывязвае іх да народа, зямлі. — Што б вам, як дыпламату, хацелася дадаць у адносіны краін? — Самая галоўная задача дыпламата — стварыць добрыя ўмовы для развіцця стасункаў, прыбраць бар'еры, якія замінаюць людзям. Я рад, што паміж нашымі краінамі няма візавага рэжыму, гэта вялікая справа. У нас нават з некаторымі суседзямі ёсць візавы рэжым, а з Беларуссю, якая знаходзіцца ў Еўропе, няма. У той жа час нам трэба пашырыць прававую базу, якая забяспечвала б свабодны рух капіталу, тавараў. Актывізаваць супрацоўніцтва сярэдняга прадпрымальніцтва. Яно павінна быць касцяком развіцця грамадства. Мы ўсё яшчэ маем праблемы з лагістыкай. Адсутнасць прамога рэйсу змушае нас дабірацца праз Прыбалтыку. А гэта перашкаджае бізнэс- і турпаездкам. — Чым мы маглі б прывабіць вандроўнікаў? — У Таджыкістан турыста вабяць горы і цудоўны клімат. Трэба арганізаваць паездкі беларускіх дзяцей туды. Каб яны не толькі частаваліся таджыкскай садавіной дома, але маглі паехаць і наесціся вітамінаў там. А ў Беларусь госця вабіць магчымасць аздараўлення ў мясцовых санаторыях. Сам люблю прагульвацца па ваколіцы: месцы тут дзівосныя. Вунь расіяне ўжо даўно зарыентаваліся. Неяк звярталіся да мяне землякі, якія збіраліся ў Беларусь на адпачынак. Тэлефаную галоўнаму ўрачу аднаго з санаторыяў: няма, кажа, месцаў, пасол, — на месяцы наперад усё распісана! Так што Беларусь, можна сказаць, санаторная "мека". — Нядаўна была ўтворана беларуска-таджыкская суполка сяброўства і культурных сувязяў. Яна напэўна змацуе повязі дзвюх краін. — Так, гэта адкрые новую старонку ў двухбаковых адносінах. Самае галоўнае — гэта ўсё ж стасункі паміж людзьмі. Жыхары Таджыкістана ведаюць Беларусь як краіну, дзе жывуць працалюбівыя, шчырыя, вельмі прыстойныя, з шырокай душой людзі, якія любяць сваю радзіму, шануюць памяць загінулых вызваліцеляў, клапатліва ставяцца да традыцый, даражаць агульначалавечымі каштоўнасцямі, працуюць і ствараюць на карысць краіны. Беларусам уласцівыя дабрыня, вытрымка, цярпенне і непахіснасць. Краіну вылучаюць сярод іншых паступальныя рух і развіццё пасля распаду СССР. Была ўтрымана эканоміка, яна застаецца кіруемай. Не была дапушчана хаатычная прыватызацыя, не была разбазарана дзяржаўная маёмасць ва ўсіх сферах. Адбываецца сістэмная мэтанакіраваная прыватызацыя дзеля народа. Захаваны важныя прадпрыемствы, аб'екты. А для рэканструкцыі заўжды трэба менш сродкаў, чым для адбудоўвання нанова. Я ўдзячны лёсу за добразычлівасць — у Беларусі працуецца спакойна і плённа. Ала МАЧАЛАВА. Фота аўтара
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адносіны Беларусі і Таджыкістана актывізуюцца Праз 20 гадоў незалежнасці цікава прасочваць лёс і ўзаемныя стасункі краін, якія некалі былі адной дзяржавай. Пра...
|
|