Каму патрэбен банк сірот?
20.03.2012 09:19
—
Новости Общества
|
Каму патрэбен банк сірот? Наталля Шэх, жанчына, якая ўсынавіла траіх з 5 сваіх дзяцей, і псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе двайнят, лічыць, што змешчаны ў інтэрнэце адкрыты банк звестак пра дзяцей, якіх можна ўсынавіць, патрэбен перш за ўсё самім дзецям. Наталля сабрала пад Калектыўным зваротам у Міністэрства адукацыі больш за 500 электронных подпісаў. У пачатку сакавіка яе прыняў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. Але яшчэ да гэтага, на этапе збору подпісаў, журналіст "Звязды" сустрэлася з Наталляй, каб падрабязней даведацца пра ініцыятыву, якая, на першы погляд, не такая ўжо і новая.
— Усё пачалося з дзяўчынкі, ад якой адмовіліся ўсынавіцелі проста ў зале суда гады тры таму. Дзяўчынка мела асаблівасць — зрошчаныя пальчыкі на руцэ. Усынавіцелі ведалі гэта, яны ўжо пазнаёміліся з дзяўчынкай, бралі яе ў госці і... раптам спужаліся. Супрацоўнікі Цэнтра ўсынаўлення не маглі супакоіцца: як жа так, дзіця чакае... Яна, да таго ж, была з Друі, гэта на самай мяжы Беларусі з Латвіяй... І тады Нацыянальны цэнтр усынаўлення, з дазволу дзяржаўнага апекуна, змясціў яе фотаздымак на сваім сайце. Адгукнулася адна сям'я, другая, трэцяя... — "Звязда" змяшчала на сваіх старонках фотаздымкі дзяцей, якіх можна ўсынавіць, яшчэ ў 1993 годзе... — Ды і цяпер падобныя акцыі можна сустрэць у СМІ. Але ўсе яны разавыя і магчымыя толькі па ініцыятыве альбо з дазволу апекуна, якім з'яўляецца кіраўнік дзіцячага дома альбо іншай інтэрнатнай установы. Пасля выпадку з друйскай дзяўчынкай Нацыянальны цэнтр усынаўлення стаў запрошваць афіцыйны дазвол у такіх апекуноў на размяшчэнне — Але ж Цэнтр мае рэспубліканскі банк звестак пра дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў? — У гэтым банку змешчана канфідэнцыяльная інфармацыя: адкуль дзеці, хто іх нарадзіў... Гэта — асабістыя карткі дзяцей. Згодна з Палажэннем пра стварэнне рэспубліканскага банка, такая інфармацыя даецца толькі тым кандыдатам ва ўсынавіцелі, якія ўжо атрымалі станоўчае заключэнне аддзела адукацыі. — Чаму вы вырашылі збіраць подпісы пад калектыўным зваротам? — Ідэя належыць не мне адной. Яна прыходзіць у галаву ўсім, хто прайшоў праз усынаўленне або прыёмнае бацькоўства. Гэтыя людзі разумеюць, што грамадству вельмі важна ведаць ібачыць, якія дзеці знаходзяцца ў дзіцячых дамах, і даць ім шанц вырасці ў сям'і. Калектыўны зварот трэба разглядаць як прапанову, як падставу для дзеяння. Ён не змяшчае ні крытыку, ні прэтэнзіі. Нацыянальны цэнтр праводзіць вялізную і паспяховую работу па ўладкаванні дзяцей у сем'і, а таксама грунтоўную навуковую працу. За апошнія гады ўдалося павялічыць штогадовы паказчык усыноўленых дзяцей амаль да 600. Гэта вельмі добра. Але сёння 14 з паловай тысяч дзяцей у нашай краіне маюць статус для ўсынаўлення, з іх каля 6 тысяч жывуць у інтэрнатных установах! Для іх гэты паказчык не мае ніякага значэння. — Калектыўны зварот ініцыявалі ўсынавіцелі. Але — чаму? Гэтыя людзі ўжо сустрэлі сваё дзіця, прычым не маючы інтэрнэт-банка сірот... — Справа ў тым, што ўсынавіцелі лепш за астатніх ведаюць: трымаць дзяцей, асабліва малога ўзросту, у інтэрнатных установах — злачынства! Мае малодшыя сыны да таго, як сустрэліся са мной, жылі ў вельмі добрым доме дзіцяці. Там і выхавацелі цудоўныя, і кіраўніцтва, і ўмовы. Але без сям'і ў дзіцяці не з'яўляецца прыхільнасцяў, яно не навучаецца разумець іншых людзей, выяўляць сябе... Мае дзеці выглядалі ўдвая меншымі за свой узрост. Яны дрэнна хадзілі і няўклюдна рухаліся, амаль не размаўлялі... За паўгода знаходжання ў сям'і яны выраслі на 10 сантыметраў, зрабілі настолькі моцны скачок у развіцці, што ў гэта цяжка паверыць! Сям'я — гэта сям'я. Не важна, якая: мае яна выдатныя ўмовы альбо жыве проста і сціпла... Вядома, банк звестак — не панацэя, але ён павялічыць шанцы на ўсынаўленне тых 6 тысяч выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. — Вы лічыце, што адкрыты банк сірот змяніў бы сам прынцып падбору дзецям сям'і? — Калі будзе створаны адкрыты банк звестак сірот, праца па пошуку сям'і стане не толькі больш актыўнай, але ў ёй перамесціцца фокус з сямейнай пары на дзіця. У Мінску ёсць Дом дзіцяці №1, дзе жывуць дзеці з пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы. У рэспубліканскім банку аб усынаўленні ёсць малыя адтуль, але многія патэнцыйныя ўсынавіцелі проста баяцца адкрываць папку з такімі дзеткамі, нават не глядзяць на іх. Там сапраўды ёсць дзеці з вельмі цяжкімі захворваннямі, але ёсць і такія, якія ва ўмовах сям'і цалкам або амаль цалкам паправіліся б. Нават дзеткі з сіндромам Даўна ў сям'і развіваліся б інакш. А там шмат дзетак проста з адставаннем, з наступствамі таго, што яны не ведалі матчыных рук, голасу... — Вы працуеце псіхолагам у Цэнтры ўсынаўлення, падзяліцеся ўражаннямі — якія людзі прыходзяць туды? — Розныя. Сярэдні ўзрост — ад 30 да 45 гадоў, часцей — пары, адзінокія таксама ёсць, прычым як жанчыны, так і мужчыны. Апошніх, праўда, няшмат. Большасць усынавіцеляў сваіх дзяцей не маюць, але апошнім часам усё часцей усынаўляюць сем'і з дзецьмі. Магчыма, гэта звязана з тым, што тэма стала больш адкрытай, у грамадства з'явілася разуменне: усынаўленне — не вырашэнне праблемы бяздзетных пар, а неабходнасць тэрміновай дапамогі дзецям. — Як часта сустракаюцца тыя, хто хоча ўсынавіць дзіця, каб вырашыць нейкую асабістую праблему? Скажам, выратаваць шлюб, перажыць страту, пазбегнуць адзіноцтва... — Матыў не заўсёды бывае вызначальным. Тут вельмі важная падрыхтоўка ўсынавіцеляў. А таксама патэнцыял чалавека — што ён хоча і што можа, які ў яго характар, узаемаадносіны, асабістыя якасці і перакананні. Нядаўна прачытала пра дзіцячы дом у Расіі, дзе жывуць дзеці-інваліды, і пра грамадскую групу, якая на працягу многіх гадоў дапамагае ім. Узначальвае групу чалавек, які першы раз туды прыехаў у якасці ўдзельніка трэнінгу асабістага росту. Іх прывезлі, каб паказаць, якія яны паспяховыя на фоне гэтых дзяцей. Вось такі быў матыў. Але калі ён туды трапіў, убачыў дзяцей, матыў змяніўся, і гэты чалавек стаў ездзіць у дзіцячы дом з зусім іншымі мэтамі. Так і з усынаўленнем. Матыў можа быць — утрымаць мужа, а ў выніку атрымліваюцца выдатныя бацькі і цудоўная сям'я. — Ці патрабуе, на ваш погляд, сённяшняя працэдура ўсынаўлення нейкіх змен? — Я не бачу тут значных недахопаў. Пакет дакументаў лагічны, навучанне — вельмі патрэбнае. Тэрміны таксама ў большасці залежаць ад таго, як хутка ўсынавіцель пройдзе медыцынскую камісію. Падрыхтоўка да ўсынаўлення ў нас наладжана добра, горш — з суправаджэннем сям'і пасля ўсынаўлення. Але і тут ужо ёсць напрацоўкі. Думаю, мы маем дастатковую метадычную базу для таго, каб папярэдзіць вяртанне дзяцей, калі адкрытая інтэрнэт-база звестак пра сірот усё ж такі з'явіцца. — Як часта ўсынавіцелі вяртаюць дзяцей і чаму? — Рэдка. Некалькі выпадкаў на працягу года. Бывае, вяртаюць дзіця, пражыўшы разам з ім 15-16 гадоў. Прычыны: страта кантакту, смерць або цяжкая хвароба ўсынавіцеля, распад сям'і... Амерыканскія спецыялісты лічаць, што сярод прычын вяртання дзяцей на першым месцы стаіць нерэалізаванае чаканне ўсынавіцеля. І вінаваты ў гэтым не ўсынавіцелі, а мы, спецыялісты па апецы, якія недастаткова гэтае чаканне скарэкціравалі. Спецыялісты павінны добра вывучыць сям'ю і спрагназаваць усе рызыкі, улічыць пры гэтым асаблівасці дзіцяці: у якой сям'і яму будзе лягчэй, дзе лепш задаволяць яго патрэбы. — У вас ёсць і ўласны вопыт усынаўлення... — Прычым двойчы. Дачку я ўдачарыла 10 гадоў таму, калі мяне ніхто не рыхтаваў. І мне тады было больш складана. Цяпер вопыт і веды вельмі дапамагаюць. Я разумею, што істэрыка ў дзіцяці ў перыяд адаптацыі — гэта нармальна, што ўсе складанасці трэба спакойна прайсці, бо гэта проста пэўны — непазбежны — перыяд у новым для ўсіх жыцці. — У вас ужо былі дзеці? — Два сыны. Мы жылі побач з дзіцячым домам, я спачатку нават не ведала, думала, што гэта проста дзіцячы садок, часта гуляла там са сваімі хлопчыкамі. А потым разам з іншымі мамамі мы прыйшлі да кіраўніцтва дзіцячага дома і прапанавалі сваю дапамогу: фатаграфаваць дзетак, гуляць з імі. Нам далі групу, якую мы апякалі. Аднойчы адбыўся выпадак, калі я зразумела, што гэтай сваёй дапамогай мы толькі шкодзім дзецям. Так, мы прыходзім, гуляем з імі, і... сыходзім. А яны застаюцца. І гэта сітуацыя ім не на карысць. Там была дзяўчынка гадоў пяці з захворваннем, якое выклікае надзвычайную крохкасць костак, яе рукі і ногі амаль не згіналіся. Неяк мы ішлі з ёй, размаўлялі, яна трымала мяне за руку, і тут прыехаў аўтобус і нехта крыкнуў: "Госці, госці прыехалі!". Яна адразу кінула маю руку і пайшла да аўтобуса, яна спяшалася, рукі і ногі дрэнна яе слухаліся, але было відаць, як ёй важна паспець сябе... паказаць. І тады мяне пранізала здагадка пра ўсю жудасць таго, што адбываецца. Пасля гэтага мы з мужам вырашылі, што можам адно дзіця забраць. Вырашылі ўзяць дзяўчынку, бо ўжо мелі двух хлопчыкаў, і не хацелі ствараць ім канкурэнцыю. — Як вы сустрэлі сваіх малодшых дзяцей? — Я размяшчала звесткі пра двойню на сайце НЦУ пад рубрыкай "асаблівы выпадак". Кожны раз, калі размяшчала там звесткі, думала: "Калі ніхто не ўсынавіць, то сама ўсынаўлю". Пачалі збіраць дакументы, а пакуль збіралі, тую двойню ўсынавіла іншая сям'я. Мы вырашылі — гэта лёс, і нашы — іншыя дзеці. Таксама двое. Вось так і сустрэліся. — Старэйшыя з разуменнем паставіліся? — Вядома. Два сыны ўжо студэнты, яны з задавальненнем гуляюць з малодшымі братамі, прыглядаюць за імі ў маю адсутнасць. Трохі больш складана дачцэ. Але гэта таксама нармальна, і гэта — часова. Цяжэй зразумець людзям староннім, але і яны паступова прывыкаюць. Неяк старэйшы сын сказаў: "Мама, як людзі не разумеюць, што гэта так здорава — забраць дзіця з дзіцячага дома!" — Гадаванне ўсыноўленага дзіцяці адрозніваецца ад выхавання народжанага самой? — Трэба разумець, што ўсыноўленае дзіця мае рану, якую сям'я павінна загаіць. Сям'я не проста бярэ дзіця, каб жыць разам з ім і радавацца, яна павінна быць гаючай сям'ёй. Рана гэта, напэўна, ніколі не знікне бясследна, але бацькі павінны зрабіць усё магчымае, каб яна як мага менш балела. — Ці многа людзей здольныя стаць гаючай сям'ёй? — Думаю, усе, хто бярэ на сябе адказнасць за дзіця, здольныя інтарэсы дзіцяці паставіць вышэй за свае ўласныя, гатовы прымаць дапамогу спецыялістаў, здольныя да развіцця і змен. Ідэя заслугоўвае ўсебаковага і глыбокага аналізу Каментарый начальніка аддзела Упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Галіны Рудзянковай Так, мы знаёмыя з прапановай стварыць інтэрнэт-банк дзяцей-сірот, якіх можна ўсынаўляць, і яна будзе разгледжана з удзелам розных спецыялістаў па ахове дзяцінства, у тым ліку і Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. Папярэдняе абмеркаванне прапановы адбылося ў Міністэрстве адукацыі падчас асабістага прыёму ініцыятара гэтай ідэі. Прапанова цікавая і прывабная, але трэба ўзважыць усе рызыкі. Я лічу, што з'яўленне інтэрнэт-банка дзяцей, якіх можна ўсынавіць, — не тое пытанне, якое патрабуе грамадскага абмеркавання. Мы, як і ініцыятары звароту, хацелі б спадзявацца, што інтэрнэт-банк актывізуе працэс усынаўлення. Але як медыкі маюць права на выбар аптымальнага віду аперацыі, так і спецыялісты па ахове дзяцінства маюць права на выбар аптымальнага варыянту работы па сямейным уладкаванні дзяцей-сірот. Інтэрнэт-банк — зусім не адназначны падыход да праблемы ўсынаўлення. Ёсць краіны, дзе атрыманне любой прыватнай інфармацыі пра дзяцей-сірот забаронена. Напрыклад, у Даніі ўсынавіцелі ўвогуле не маюць права выбіраць дзіця для ўсынаўлення. Там кампетэнтныя органы кіруюцца прынцыпам, што не сям'я шукае сабе дзіця, а для канкрэтнага дзіцяці падбіраюць сям'ю, якая здольная максімальна задаволіць яго асабістыя патрабаванні. Стварэнне банка дадзеных дзяцей-сірот, пры галоўнай умове, што на кожным этапе будзе забяспечана якасная работа праекта, можа мець поспех. Аднак тут нельга кіравацца толькі эмоцыямі і энтузіязмам. Хачу прывесці прыклад. Пры стварэнні новай сямейнай формы ўладкавання дзяцей-сірот (прыёмнай сям'і) паміж зацвярджэннем Палажэння і стварэннем першых сямей прайшоў год напружанай падрыхтоўчай работы. Праводзіліся трэнінгі для спецыялістаў, была напісана праграма падрыхтоўкі прыёмных бацькоў... Мы былі ўпэўненыя, што гэта старанная і планамерная работа забяспечыць добры вынік. Аднак не ва ўсіх выпадках атрымліваецца так, як было задумана. Не таму, што дрэннае Палажэнне альбо праграма. А таму, што адзін чалавек робіць сваю справу сумленна, а другі — абы-як. Мы павінны ўлічыць і гэтыя рызыкі, і выпадкі адмоўнага вопыту ў суседніх краінах. Разам з тым, хачу адзначыць: цудоўна, што інтэрнэт адыгрывае не толькі негатыўную, але і станоўчую ролю ў жыцці нашага грамадства. Вельмі добра і тое, што знайшлося так шмат неабыякавых людзей, якія не проста падпісаліся "за кампанію", але гатовы падтрымаць праект сваім удзелам. І яшчэ раз паўтару: ідэя заслугоўвае ўсебаковага і глыбокага аналізу. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наталля Шэх, жанчына, якая ўсынавіла траіх з 5 сваіх дзяцей, і псіхолаг Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе двайнят,...
|
|