...і персанальная бочка рому
24.03.2012
—
Новости Общества
|
У суботу ды ў першую палову наступнага дня 8-мільённы Каракас нібыта вымірае: большасць жыхароў мегаполіса бавіць час на ўзбярэжжы Карыбскага мора. Але і тыя, хто засталіся ў сталіцы, дома не сядзяць. Паркі Каракаса Многія гараджане, якія не паехалі на пляж, накіроўваюцца ў муніцыпальныя паркі. Адзін з іх — "Паркэ дэль Эстэ" — нагадвае мінскі парк імя Чалюскінцаў. Тут таксама прастора, цішыня і шмат спартыўных пляцовак, карыстанне якімі бясплатнае. На гэтым падабенства заканчваецца, бо ў каракаскім парку іншая фаўна і флора. З пальмы на пальму пералятаюць чырвоныя папугаі ара памерам з нашага грака, а па газоне крочуць гіганцкія яшчаркі ігуаны, якія сваім выглядам ды позіркам здольныя напалохаць нават бультэр'ера.
Непадалёку ёсць яшчэ адзін парк. Па памерах ён значна меншы, але варты ўвагі, бо адначасова з'яўляецца музеем. Называецца гэты парк "Ла Эстансья", а размешчаны ён на паплавах былой фабрыкі па вытворчасці кавы. Адрэстаўраваная сядзіба ў каланіяльным стылі — яскравы ўзор таго, як трэба захоўваць гістарычную спадчыну. Усё тут нібыта ў Швейцарыі — чысціня ды парадак. Для Каракаса — дзіва! Сакрэт крыецца ў фінансаванні: спонсар музея — дзяржаўная нафтавая кампанія РDVSА. Удзень тут працуюць бясплатныя курсы ды гурткі, увечары ладзяцца канцэрты і вечарыны, выставы і тэматычныя кінапрагляды... Напрыклад, 9 мая дэманстравалася стужка "Яны змагаліся за Радзіму" Сяргея Бандарчука. Цікавая адметнасць музея — шкляная падлога ў адным з залаў сядзібы. У цэнтры залы ляжыць вялізны жорнаў, які прыводзіўся ў рух канём. Перамеленая кава сыпалася ўніз, у падзямелле, дзе размяркоўвалася па мяхах. Без шкляной падлогі было б цяжка ўявіць, як гэта адбывалася ў ХVІІІ стагоддзі. Канатная дарога на гару Авіла Увогуле Венесуэла — горная краіна, таму многія выбіраюць для адпачынку гарыстую мясцовасць, дзе шмат рэчак і крыніц. Калі пашанцуе, дык можна спыніцца каля вадаспада. Тут асаблівая прахалода плюс бясплатная рэспіраторна-гукавая тэрапія. Дарэчы, менавіта ў Венесуэле ў штаце Балівар знаходзіцца самы высокі вадаспад у свеце — Сан-Анхель. Вышыня яго — каля 1000 метраў. Падзівіцца на Сан-Анхель едуць турысты з усіх краін свету, але для жыхара Каракаса гэта не блізкі свет. Таму каракасцы бавяць уік-энд побач з домам, на гары Авіла. Тут ёсць свае вадаспады. Пасля працяглых дажджоў яны выглядаюць асабліва прыгожа. Вышыня гары Авіла складае 2150 метраў, і яе пік можна ўбачыць, бадай, з любой кропкі Каракаса. На вяршыні раскінулася прыроднае плато, дзе размешчаны мясцовы парк культуры і адпачынку. Названы ён цяжкавымаўляльным словам Варайрарэпана ў гонар колішняга правадыра абарыгенаў-індзейцаў. Трапіць сюды магчыма па канатнай дарозе даўжынёй 3,5 км, працягласць паездкі — 18 хвілін. Абслугоўваюць фунікулёр 84 вагончыкі на восем пасажыраў кожны. Экскурсія на Авілу карыстаецца папулярнасцю і ў беларусаў — хутка, танна, прыгожа. Тэмпература паветра — як на Гомельшчыне падчас дажынак. Бясплатны бонус — Каракас як на далоні. Не апошняя якасць гэтай вандроўкі — бяспечнась. Яшчэ ніводнага здарэння тут не было. І злачынцаў на гары не бывае. Паверце, для даволі крымінагеннага Каракаса гэта істотна. Дыяманты без сігналізацыі У Каракасе ды наваколлі шмат музеяў. Мне давялося пабываць у двух з іх. Балазе, уваход туды бясплатны, як, дарэчы, і ў тэатры ды цырк. Музей Сымона Балівара. Ён размешчаны ў сядзібе, дзе нарадзіўся і правёў юнацкія гады герой вызвалення Паўднёвай Амерыкі ад іспанскай кароны. Балівар — самая шануемая ў Венесуэле асоба. У яго гонар названа грашовая адзінка, адзін са штатаў краіны, міжнародны аэрапорт, а таксама галоўныя плошчы ўсіх гарадоў і мястэчак.
Музей Балівара ўражвае вартасцю экспанатаў і... адсутнасцю сігналізацыі. І гэта пры тым, што амаль усе экспанаты — арыгіналы. Тут можна ўбачыць прыжыццёвыя партрэты героя, яго асабістыя рэчы, уключаючы кавеньку, інкруставаную дыямантамі, і начную кашулю. Асабіста мяне больш за ўсё здзівілі батфорты генералісімуса. Дакладней кажучы, іх памеры. Самы славуты герой Амерыкі насіў дзіцячыя на выгляд боцікі 34-35 памера. На маё пытанне, чаму вітрыны з артэфактамі не маюць сігналізацыі, ахоўнік паведаміў: — А навошта яна? Да гэтай пары нічога надзвычайнага не здаралася. Я, са свайго боку, прыгадаў, што існуюць вар'яты, неўраўнаважаныя хворыя людзі... Ахоўнік, загадкава ўсміхаючыся, згадзіўся: — Так, сустракаюцца дзівакі... Сцвярджаюць, што з'яўляюцца нашчадкамі Балівара. Але пры гэтым ніхто з іх шкоды не робіць. Музей транспарту. Ён месціцца пад адкрытым небам на манер беларускага музея авіяцыі, што пад Мінскам, у Баравой. Розніца ў тым, што паветраны флот прадстаўлены ўсяго адным самалётам. Гэта аднаматорны аэраплан першай паловы ХХ стагоддзя. На той час у краіне пражывала ўсяго 3 мільёны жыхароў. Сёння ў Венесуэле насельніцтва складае больш за 26 мільёнаў, і сетка нацыянальных авіяліній налічвае дзясяткі маршрутаў. Ёсць гарады, куды арганізавана да трох авіярэйсаў штодня. Увогуле міжнародны аэрапорт Каракаса з’яўляецца адным з самых буйных у Паўднёвай Амерыцы. Асноўны экспанат каракаскага музея транспарту — старажытны цягнічок з вагонамі. Ён нібыта сышоў з кінаэкрана, з каўбойскага вестэрна. Іншы наземны транспарт прадстаўлены тузінам антыкварных легкавушак, грузавікоў, а таксама вайсковым браневіком і сельскагаспадарчым трактарам з металічнымі коламі.
Напрыканцы экскурсантаў завядуць у склеп з 1000-літровымі дубовымі бочкамі, у якіх ром настойваецца. У склепе шмат і маленькіх, 80-літровых, бочак. Яны імянныя і належаць грамадзянам з розных краін свету. Пакупнік, не вывозячы бочкі з завода, мае права замовіць сабе з яе бутэльку-другую, прычым з дастаўкай на дом. Адна з бочак належыць колішняму прэзідэнту СССР Гарбачову. Раз на год Міхаіл Сяргеевіч атрымлівае каштоўную бандэроль з Санта-Тэрэзы. Моцнасць гэтай "бандэролі" вядомая — 40 градусаў. Андрэй СМІРНОЎ. фота аўтара. Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У суботу ды ў першую палову наступнага дня 8-мільённы Каракас нібыта вымірае: большасць жыхароў мегаполіса бавіць час на ўзбярэжжы Карыбскага мора. Але і тыя, хто... |
|