На ўсе выпадкі маладога жыцця
06.04.2012
—
Новости Общества
|
У межах Міжнароднай выставы-кірмашу тавараў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці "БелТЭКСлегпрам. Вясна-2012" вядучыя айчынныя прадпрыемствы паказалі прамысловыя калекцыі мужчынскага і жаночага, дзелавога і ўрачыстага адзення, у тым ліку для школьнага выпускнога балю. "Па-за часам" — так называлася калекцыя ААТ "Знамя индустриализации" (г. Віцебск). Прадпрыемства спецыялізуецца на класічных дзелавых касцюмах, сукенках, спадніцах чорнага і шэрага колераў. "Калекцыя, якую мы тут прэзентавалі, — гэта офісны варыянт, адсюль і строгасць колераў, — кажа вядучы мастак-мадэльер ААТ "Знамя индустриализации" Марына КОШАЛЕВА. — У летняй калекцыі, безумоўна, будуць светлыя колеры, аднак у любым выпадку захаваецца строгасць і мінімалізм і ў колькасці апрацовак, якія звычайна падбіраюцца тон у тон, і ў сілуэтах: калі жакет, то прыталены, калі спадніца, то "аловак", калі штаны і шорты, то з завышанай таліяй. Такое адзенне патрэбна любому гардэробу, паколькі можа спатрэбіцца з любой нагоды, у тым ліку ўрачыстай. Дастаткова толькі прадумаць аксесуары". ААТ "Коминтерн" (г. Гомель) прапанавала прамысловую калекцыю "Сіtу lіfе" ("Гарадское жыццё") для вучняў малодшых і старэйшых класаў, выпускнікоў ВНУ. Што такое мужчынскі касцюм 2012? Гэта найперш моцны ўплыў англасаксонскай стылістыкі — элегантны стыль і неардынарныя дэталі ў духу "дэндзі". — Мужчыны ўсё часцей адважваюцца апранаць на ўрачыстасці светлыя касцюмы, — тлумачыць мастак-мадэльер аддзела маркетынгу і гандлю ААТ "Коминтерн" Ірына ЛАБАЗНІКАВА. — І мы з радасцю прапануем касцюмы ва ўсіх гандлёвых марках светлых тонаў — ад жамчужна-шэрага да крэмавага і белага. У новым сезоне моднымі лічацца тканіны з імітацыяй вады, якая льецца. Гэта размытыя малюнкі, "крапчатыя" (рабізна на вадзе), 3D эфекты (малюнак можна ўбачыць толькі падчас праламлення), псеўдакаляровы (адзін колер праступае праз іншы), тканіны з апрацоўкай "раtіnе" (штучна састараныя, адмытыя). Ключавая характарыстыка новага вобразу — шматслойнасць, якая можа быць прадстаўлена ў выглядзе супатнага шліца на рукаве. Сілуэты прыталеныя. Вельмі важны нюанс, які мы прадэманстравалі і падчас гэтага паказу, — творчы падыход да выбару гальштука. Сучасныя класічныя мужчынскія касцюмы slіm fіt цудоўна спалучаюцца з вузкімі гальштукамі. Выдатная альтэрнатыва — наогул адмовіцца ад гальштука на карысць шыйнай хусткі, якая павязваецца як на голай шыі, так і на пінжаку. Каўнер сарочкі можа быць французскім — яго яшчэ называюць "акулай", або "кент"... Як павінны выглядаць маленькія лэдзі падчас урачыстасцяў, на якія багатае жыццё наведвальніц дзіцячых садкоў і пачатковай школы, — прадэманстравала калекцыя ўрачыстага адзення для дзяўчынак ЗАТ "Калінка" (г. Салігорск). Паветраныя бальныя сукенкі маюць пяшчотныя колеры (жамчужна-белы, мякка-ружовы, ванільны) і разнастайныя модныя ў новым вяснова-летнім сезоне прынты, пышныя, аб'ёмныя спадніцы, рушы ды аборкі, банты, шаўковую тасьму, стразы і паеткі. "Такі дзіцячы, непасрэдны вобраз цудоўна дапаўняюць "дарослыя" дэталі — арыгінальныя ўпрыгажэнні для валасоў і розныя мадэлі пальчатак у тон сукенкі, — удакладняе начальнік аддзела распрацоўкі дзіцячага асартыменту ЗАТ "Калінка" Алена ГВАЗДОВІЧ. — Атлас у спалучэнні з арганзой і сеткай, лёгкія, з блёсткамі, тканіны самі па сабе ствараюць атмасферу свята". Святлана БАРЫСЕНКА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У межах Міжнароднай выставы-кірмашу тавараў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці "БелТЭКСлегпрам. Вясна-2012" вядучыя айчынныя прадпрыемствы паказалі...
|
|