Кантроль і арэнда: якія змены чакаюць беларускі бізнэс?
11.04.2012
—
Новости Общества
|
Базавае паняцце для амаль любога бізнэсу — гэта ўласнасць. Калі ёсць свае (а не арандаваныя) кавалак зямлі ці нейкае памяшканне, то на іх можна спакойна будаваць і развіваць бізнэс і нават не хвалявацца, што заўтра арэндадаўца падыме плату або наогул выганіць на вуліцу. На апошнім пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва якраз і абмяркоўвалася тэма арэндных адносін і новага заканадаўства ў гэтай сферы. І, як аказалася, праблем з арэнднымі адносінамі і выкупам маёмасці ў краіне яшчэ хапае. Вельмі паказальны прыклад прывёў дырэктар таварыства з абмежаванай адказнасцю "ГолдТраст" Дзмітрый ЭЛЕНТУХ (яго фірма займаецца заменай аўтамабільных масел і шынамантажом), прадстаўнік таго самага малога бізнэсу, пра падтрымку якога любяць казаць чыноўнікі. — Я шэсць гадоў таму пачаў арандаваць памяшканне, пабудаванае ў 1956 годзе. Яно было амаль што ў аварыйным стане і не выкарыстоўвалася. Мы зрабілі касметычны рамонт за свае сродкі — адрамантавалі столі, сцены, зрабілі ўязныя вароты, правялі электрычнасць — і пачалі працаваць, — расказвае ён. Калі выйшла Дырэктыва № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь", ТАА "ГолдТраст" вырашыла скарыстацца яе пунктам 2.6 і выкупіць памяшканне, якое арандуецца. — Былі знойдзены грошы на выкуп будынка і яго капітальны рамонт. Мы звярнуліся з вуснай просьбай аб выкупе будынка згодна з Дырэктывай № 4 ва ўнітарнае прадпрыемства "Партызанскае" — атрымалі адмову. Потым мы звярнуліся ў Мінгарвыканкам — таксама атрымалі адмову: маўляў, "здача ў арэнду маёмасці, якая знаходзіцца на праве гаспадарчага вядзення ва УП "Партызанскае", з'яўляецца дадатковай крыніцай даходу і дазваляе часткова пакрываць страты"... І фактычна атрымліваецца, што сітуацыя зайшла ў тупік: рабіць рамонт у арандаваным будынку прыватнае прадпрыемства, вядома, не хоча — бо ўкладваць як мінімум 800 мільёнаў (такая сума спатрэбіцца на рамонт па папярэдніх падліках) у чужое памяшканне, згадзіцеся, нелагічна. А само УП "Партызанскае" таксама наўрад ці зможа знайсці грошы і адрамантаваць памяшканне за свае сродкі... Пры гэтым Дзмітрый Элентух прызнаецца, што ён не разумее, у чым дзяржаўны інтарэс не прадаваць стары будынак, у які не праведзена ні вада, ні каналізацыя: — Тут жа пытанне рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці: калі ў гэтую маёмасць сёння не пачаць укладваць грошы, то будынак хутка трэба будзе зносіць. Грошай, каб укладваць у рамонт, наколькі я разумею, у дзяржаўнага прадпрыемства няма. Трох мільёнаў арэнды, якія мы плацім, таксама на гэта не хопіць... Распараджальнік дзяржмаёмасці павінен дбаць перш за ўсё аб дабрабыце дзяржавы, а выгада дзяржавы ў гэтым выпадку толькі ў адным — прадаць памяшканне, на ўтрыманне якога няма сродкаў (па папярэдніх ацэнках ТАА "ГолдТраст", яго кошт складае 30-40 тысяч долараў. — Аўт.). І каб гэты будынак нехта адрамантаваў, захаваў працоўныя месцы і плаціў падаткі. Сёння ўсё разбіваецца аб нежаданне прадаваць ва ўласнасць маёмасць. Іншых эканамічных абгрунтаванняў я не бачу, — лічыць дырэктар прыватнай фірмы. Ён расказаў, што зараз у яго ў гэтым памяшканні працуе 4 чалавекі, і ён гатовы павялічыць колькасць работнікаў у два разы, але развіццё немагчыма без вырашэння пытання з будынкам. Калі да лета справа не зрушыцца з месца, то, па словах дырэктара ТАА "ГолдТраст", прыйдзецца або закрывацца, або пераязджаць у іншае месца. Прычым фірма даўно пераехала б і не змагалася б з ветракамі, але трымае кліенцкая база, напрацаваная на працягу шасці гадоў... Праўда, яшчэ ёсць надзея на станоўчае вырашэнне праблемы — Дзмітрый ЯДРЫШЧАНСКІ, начальнік аддзела выкарыстання і метадалогіі арэндных адносін Дзяржкамітэта па маёмасці, параіў прадпрымальнікам зрабіць афіцыйны зварот у яго камітэт і паабяцаў разабрацца ў сітуацыі. Дарэчы, ён таксама расказаў, што ў Адміністрацыі Прэзідэнта знаходзіцца праект новага нарматыўнага акта па распараджэнні дзяржаўнай нерухомай маёмасцю. Яго асноўныя мэты — паскорыць працэс уцягнення дзяржмаёмасці, якая не выкарыстоўваецца, у гаспадарчы абарот (у тым ліку і праз продаж на льготных умовах). Таксама гэты дакумент будзе рэгуляваць і выкуп арандатарамі маёмасці, якую яны арандуюць працяглы час... Па выніках маніторынгу замест штрафу дадуць парады? У хуткім часе беларускі бізнэс чакаюць і змены ў кантрольнай дзейнасці — на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва намеснік міністра па падатках і зборах Васіль КАМЕНКА расказаў прадстаўнікам дзелавой супольнасці пра змены ў кантрольнай дзейнасці, якія плануецца ў хуткім часе прыняць. Сярод асноўных змен трэба назваць вылучэнне маніторынгаў і тэхнічных інспекцый за рамкі планавых і пазапланавых праверак: — Напрыклад, зараз, каб праверыць, ці правільна ўсталяваны пад'ёмны кран на будаўнічай пляцоўцы, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вымушана спачатку прыходзіць з планавай праверкай, а затым — з пазапланавымі. А такія мерапрыемствы павінны праводзіцца наогул без усялякіх праверак, — адзначыў Васіль Каменка. Што тычыцца маніторынгу, то ён павінен праводзіцца без выкарыстання паўнамоцтваў, якія прадстаўлены дзяржорганам для правядзення праверак. Яго можна праводзіць як з выездам на прадпрыемства і з фізічным наведваннем агульнадаступнай тэрыторыі, так і дыстанцыйна з выкарыстаннем доступу да інфармацыйных сістэм плацельшчыка і баз даных. Калі па выніках маніторынгу ўстаноўлены парушэнні, то прадугледжаны два варыянты развіцця падзей — пры адсутнасці пагрозы для бяспекі кантралюючы орган павінен будзе даць рэкамендацыю па недапушчэнні і ліквідацыі гэтых парушэнняў без прымянення мер адказнасці. А калі сітуацыя сур'ёзная (скажам, ёсць уцечка звадкаванага кіслароду ці іншага выбухованебяспечнага рэчыва), то ў такіх выпадках кантралёр мае права прыпыніць дзейнасць арганізацыі да ліквідацыі парушэння. Веніямін БІРУКОЎ, начальнік упраўлення эканамічнай бяспекі Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі, выказаў меркаванне, што, нягледзячы на дзве формы маніторынгу (дыстанцыйная і з выездам на прадпрыемства), перавага павінна надавацца менавіта дыстанцыйнаму маніторынгу: — Па сутнасці, для любога суб'екта гаспадарання не важна, як будзе называцца праверка — проста праверка ці маніторынг. Яго заўсёды турбуе прыезд кантралёраў, і ад гэтага нікуды не падзецца. Таму тут вельмі важна правільна расставіць акцэнты. Я глыбока перакананы, што маніторынг павінен у большай ступені ажыццяўляцца праз вывучэнне суб'екта гаспадарання і яго дзейнасці без выезду на месца, каб не замінаць сваёй прысутнасцю яму працаваць. Намеснік міністра па падатках і зборах запэўніў Веніяміна Аркадзьевіча, што ў новым указе ўсё вышэйназванае будзе вельмі выразна прапісана і ўвага персаналу фірмы не будзе адцягнута на кантралёраў. Але пры гэтым Васіль Каменка падкрэсліў, што дыстанцыйна не ўсё можна праверыць: — Вядома, па дакументах таксама можна правяраць, але ёсць рэчы, якія не праверыш на адлегласці. Скажам, выбух, які адбыўся на "Пінскдрэве", быў выкліканы тым, што элементарна не прыбіраўся пыл пасля распілу драўляных дэталяў. Вось у такіх выпадках і прадугледжаны выезд на месца — каб кантралёр прайшоў па цэхах і на свае вочы пабачыў, ад чаго можа зыходзіць небяспека. Таму задача маніторынгу — гэта папярэдзіць дырэктара без усялякіх пратаколаў. Ён таксама падкрэсліў, што, згодна з патрабаваннямі Дырэктывы № 4, у новы нарматыўны дакумент закладваецца наступная норма: тыя суб'екты гаспадарання, якія добрасумленна выконваюць свае абавязкі перад бюджэтам і не парушаюць заканадаўства, будуць правярацца не часцей за 1 раз у 5 гадоў. Дарэчы, будуць працягнуты і праверкі саміх кантралёраў — такую функцыю мае Камітэт дзяржаўнага кантролю. Як расказала Данута РЫЖЫКАВА, начальнік аддзела каардынацыі дзейнасці кантралюючых (наглядных) органаў Камітэту дзяржкантролю, за 2011 год КДК праверыў 33 кантралюючыя органы, прычым некаторыя з іх — комплексна. — Таксама мы вывучаем кнігі ўліку праверак на прадпрыемствах. І па іх мы бачым, хто ходзіць на прадпрыемствы, вывучаем абгрунтаванасць кожнай праверкі, — сказала Данута Эдуардаўна і дадала, што за мінулы год у рэспубліцы было прыцягнута да адказнасці 259 службовых асоб кантралюючых і наглядных органаў, якія прызнаны вінаватымі ў парушэнні парадку прызначэння праверак (прычым большасць з пакараных — работнікі наглядных органаў, а не кантрольных). Кантралёраў трэба адпраўляць на псіхатрэнінгі? Вельмі важным аспектам, на думку прадстаўнікоў бізнэсу, з'яўляюцца не толькі нормы ўказу, але і асабістыя якасці тых кантралёраў, якія прыходзяць на прадпрыемства: — Трэба звяртаць увагу і на асобу кантралёра: для чаго ён нас так абкладвае нарматыўнымі інструкцыямі: каб была бяспека на прадпрыемстве ці каб стварыць бачнасць сваёй значнасці? — пытаецца Віктар ХІНЕВІЧ, генеральны дырэктар ЗАТ "Барысаўдзіцспецпрадукт". — І па-другое, а ці не выкарыстоўваюць нашых правяраючых у сваіх мэтах расійскія канкурэнты? Яны, напрыклад, дасылаюць сюды рэкламацыю, і нашы кантралёры пачынаюць педантычна шукаць парушэнні, а ў гэты час расійскія фірмы спакойна робяць свой бізнэс... Яшчэ адзін аспект, звязаны з асобай кантралёра, агучыў Уладзімір КАРАГІН, старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў: — Ёсць такое паняцце, як прафесійная дэфармацыя асобы. У кантралёраў, якія папрацавалі 2-3 гады, адбываецца вялікі зрух псіхікі. І яны прыходзяць на фірмы часта ўзлаваныя, неспакойныя. Я мяркую, што гэтае пытанне трэба вырашаць, адзначыў Уладзімір Мікалаевіч. У прыватнасці, ён прапануе пачынаць кантрольным ведамствам практыкаваць псіхатрэнінгі для сваіх супрацоўнікаў, а таксама распрацаваць этычны кодэкс для ўсіх кантрольных і наглядных арганізацый. Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Базавае паняцце для амаль любога бізнэсу — гэта ўласнасць. Калі ёсць свае (а не арандаваныя) кавалак зямлі ці нейкае памяшканне, то на іх можна спакойна будаваць і... |
|