Школьная праграма — праз навушнікі і мабільнік. 21.by

Школьная праграма — праз навушнікі і мабільнік

12.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Намер стварыць электронную бібліятэку аўдыяверсій мастацкіх твораў, якія ўваходзяць у школьную праграму, агучыў журналістам міністр адукацыі нашай краіны Сяргей МАСКЕВІЧ падчас "круглага стала", прысвечанага дзейнасці выдавецтваў ва ўмовах развіцця інфармацыйных тэхналогій.

Ні для каго не з'яўляецца сакрэтам тая акалічнасць, што традыцыйная кніга не ў пашане ў сучаснай моладзі. Зусім іншая справа — электронная кніга (букрыдар) ці электронны планшэт.

— Нашы дзеці, у адрозненне ад сваіх педагогаў, ужо нарадзіліся ў інфармацыйным асяроддзі і адчуваюць сябе ў ім як рыба ў вадзе. І мы не можам з гэтым не лічыцца, — канстатаваў Сяргей Маскевіч. — Нам патрэбен якасны скачок у інфарматызацыі сістэмы адукацыі ў нашай краіне. Менавіта таму ў бягучым навучальным годзе і быў распачаты эксперымент па ўкараненні ў вучэбны працэс планшэтных прылад і нэтбукаў. Канешне, медыцынскі аспект ніхто з рахункаў не скідвае. Для нас мае значэнне і псіхічны, і псіхафізіялагічны стан школьнікаў, уцягнутых у эксперымент, таму адразу пасля заканчэння навучальнага года будзем усё аналізаваць і медыкі яшчэ абавязкова скажуць сваё слова.

Наша новая задума — запісаць на аўдыяносьбіты лепшую мастацкую літаратуру, каб у школьнікаў была магчымасць знаёміцца не толькі са скарочанай хрэстаматыйнай версіяй літаратурных твораў. Гэта будзе сумесны праект: да агучвання твораў будуць прыцягвацца лепшыя беларускія артысты і іх расійскія калегі. А для праслухоўвання літаратурнай класікі школьнікі змогуць выкарыстоўваць як свае камп'ютары, так і мабільныя тэлефоны. Мне гэты праект здаецца вельмі цікавым. Ужо да наступнага навучальнага года мы будзем мець аўдыяверсіі многіх мастацкіх твораў.

На думку міністра, сёння ў інтэрнэце прадстаўлена шмат непісьменнага прадукту сумніўнага зместу:

— У апошнія гады сфера прымянення класічных філолагаў вельмі звузілася. Я асабіста лічу, што ёсць новае шырокае поле для іх дзейнасці. Яны б маглі знайсці сябе ў рабоце з інфармацыяй у інтэрнэце, мова якога даўно патрабуе прафесійнага ўмяшання. Мяркую, што на ўсіх буйных інтэрнэт-парталах і сайтах павінна быць прадугледжана штатная адзінка рэдактара-філолага. Важна, каб гэтыя спецыялісты маглі паралельна ажыццяўляць яшчэ і псіхолага-педагагічную экспертызу любой інфармацыі, скіраванай на моладзевую аўдыторыю.

Закранаючы перспектывы дзіцячага кнігавыдавецтва, Сяргей Маскевіч падкрэсліў, што трэба быць больш актыўнымі і нават агрэсіўнымі ў засваенні знешніх рынкаў:

— Чамусьці, калі мы гаворым пра нарошчванне экспарту адукацыйных паслуг, то ў першую чаргу маем на ўвазе прыцягненне ў нашу краіну для навучання студэнтаў-замежнікаў. А чаму б нам не экспартаваць нашу кніжную прадукцыю, нашы цудоўныя дзіцячыя часопісы, вучэбную літаратуру, тым больш што ў адзінай эканамічнай прасторы моўнага бар'еру не існуе? Мяркую, што гэта пакуль прабел у нашай рабоце...

Трэба дадаць, што на кніжных выставах стэнды беларускіх выдавецтваў не пустуюць ніколі. Сапраўдны фурор на ўсіх міжнародных выставах выклікаюць кнігі "Я грамадзянін Рэспублікі Беларусь", "Беларусь — краіна тваёй будучыні" з дадаткамі на кампакт-дысках і "Беларусь — наша радзіма" (кніга для першакласніка), якія выпускаюцца выдавецтвам "Пачатковая школа". Гэтыя кнігі выклікаюць непадробленую цікавасць і жаданне пераняць беларускі досвед у многіх калег з краін СНД.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...а вось чытаць ім ці слухаць — школьнікі выберуць самі
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика