Сімвал беларускай дзяржаўнасці жыхар вёскі Гічыцы Івацэвіцкага раёна атаясамлівае з сімвалам уласнага дабрабыту. 21.by

Сімвал беларускай дзяржаўнасці жыхар вёскі Гічыцы Івацэвіцкага раёна атаясамлівае з сімвалам уласнага дабрабыту

12.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адзін з найгалоўнейшых атрыбутаў ва ўрачыстым убранні, у якое апранаюцца нашыя гарады і вёскі з нагоды дзяржаўных свят, – дзяржаўны беларускі сцяг. Мы прывыклі бачыць яго на офісах розных устаноў і арганізацый. А вось калі ўмацоўваюць палотнішча на балконе кватэры альбо сцяне прыватнага дома, гэта выклікае асаблівы інтарэс да светапогляду людзей, якія там жывуць.

Падворак невялікай зграбненькай хаты на вуліцы Шасейнай, што прытулілася на ўскрайку вёскі Гічыцы, не абміне вокам ніводны з тых, хто кіруецца аўтатрасай Івацэвічы – Пінск. Яго брама, пафарбаваная ў колеры дзяржаўнага сцяга, – чырвоны, зялёны і белы, прыцягвае ўвагу здалёк. Гаспадыня сядзібы, сціплая 83-гадовая бабулька, усім цікаўным – маўляў, з якой нагоды? – тлумачыць: гэтак сынок бацькоўскі падворак аздабляе.

Вольга Андрэеўна Біч паспела скончыць толькі адзін клас даваеннай школы. У памяць дванаццацігадовай дзяўчынкі назаўжды ўрэзаліся жахі вайны. Гічыцы былі захоплены фашыстамі ў першыя ж дні. Помніць, як хаваліся ад немцаў у склепе, як аднойчы адзін з гэтых нелюдзяў кінуў туды гранату, і асколкамі параніла маму.

У крайняй ад лесу хаце нярэдка начавалі партызаны. Бацька, які быў конюхам, заўсёды дапамагаў, калі трэба было падвезці іх ляснымі сцяжынамі.

— У красавіку 1942 года гітлераўцы акружылі паселішча, але партызанам удалося ўцячы. Фашысты ўварваліся ў хату — пасцель мама не паспела прыбраць. Яны забралі бацьку і закатавалі яго ў агні, — успамінае Вольга Андрэеўна.

Тады фашысты загубілі больш за 40 жыхароў сяла і спалілі яго амаль ушчэнт. На магіле ахвяр фашысцкага тэрору пастаўлены абеліск... Потым вучыцца не было як — засталася без бацькі, мусіла зарабляць на хлеб. Так усё жыццё і шчыравала ў мясцовым калгасе  — спачатку падсобнай рабочай на будоўлях, потым паляводам. Разам з мужам выгадавалі дваіх дзетак.

Родны дом

Калі вайскоўцу тэрміновай службы Уладзіміру Бічу прапанавалі стаць прафесійным ваенным, ён згадзіўся адразу — колісь і сам пра гэта думаў: недзе ў падсвядомасці застаўся хлапчуковы інтарэс да ваенных, якія, праязджаючы праз сяло, падчас прывалу частавалі вясковую дзятву надзвычай смачным хлебам з салдацкага пайка і дазвалялі любавацца тэхнікай. 120-й гвардзейскай мотастралковай Рагачоўскай дывізіі, што дыслацыравалася ва Уруччы пад Мінскам, камандзір узвода аўтамабільнай роты старшы прапаршчык Біч прысвяціў 23 гады жыцця і стаў нарэшце ваенным пенсіянерам, зараз працуе вадзіцелем у прыватнай фірме. У сталіцы ёсць кватэра, там засталіся дзеці, унукі, а яго пацягнула дадому.

— Падчас службы нас часта камандзіравалі на ўборку ўраджаю ў розныя куточкі былога Савецкага Саюза — так што я аб’ехаў ці не палову вялікай краіны. Дзе б ні быў, заўжды думаў пра родны дом. Вярнуўшыся на радзіму, як былы салдат, падняў тут сцяг: лепшыя мае гады прайшлі пад Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь, — усміхаецца Уладзімір. — Я лічу сябе патрыётам сваёй Радзімы. І яе дзяржаўныя сімвалы заўсёды выклікаюць гонар за нашу краіну, за Айчыну.

Зрэшты, такі мастацка-патрыятычны парыў Уладзіміра аднавяскоўцы ўспрынялі неадназначна. У сваю чаргу Валодзя не мог зразумець чаму: быццам мы саромеемся чагосьці.

— Дзяржаўная сімволіка з’яўляецца адным з ключавых атрыбутаў дзяржаўнага суверэнітэту, — падкрэслівае доктар гістарычных навук, прафесар кафедры сацыяльна-палітычных і гістарычных навук Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, акадэмік Беларускай акадэміі сацыяльных навук Міхаіл Стралец. — Яна мае як нацыянальнае, так і гістарычнае вымярэнне і вызначана выбарам народа падчас рэферэндуму 1995 года. Гэтая сімволіка выспела гістарычна, выспела з пункту гледжання нацыянальных асаблівасцей і адлюстроўвае  няпросты гістарычны шлях беларускага народа, яго багаты духоўны свет, высокія памкненні, якія заўсёды былі звязаны з самазацвярджэннем у якасці выбітной нацыі Еўропы. Гэтая сімволіка атаясамляецца і з сучаснай беларускай мадэллю сацыяльна-эканамічнага развіцця, якая падкрэслівае талерантнасць народа, яго схільнасць пазбягаць узрушэнняў, зусім не патрэбных рэвалюцый. Сямнаццаць гадоў, якія мінулі з дня агульнанацыянальнага рэферэндуму, паказалі вялікую прыцягальную сілу дзяржаўнай сімволікі, якая накіравана ў будучыню — тую будучыню, у якую верыць беларускі народ.

...У былым ваенным гарадку Уручча сёння дзейнічае музей 120-й гвардзейскай мотастралковай Рагачоўскай дывізіі. Валодзя нярэдка наведваецца туды разам з унукам, які надзвычай жыва цікавіцца службай дзеда і марыць стаць як не касманаўтам, дык лётчыкам, прынамсі. І абавязкова як дзед — патрыётам сваёй Айчыны.

 У тэму

Чырвоны колер беларускага дзяржаўнага сцяга з’яўляецца колерам пераможных штандартаў грунвальдскага разгрому беларускімі палкамі крыжакоў, колерам сцягоў дывізій Чырвонай Арміі і беларускіх партызанскіх брыгад, што вызвалялі Беларусь ад фашысцкіх акупантаў. Акрамя таго, са старажытных часоў чырвоны колер з’яўляецца колерам Сонца і сімвалізуе братэрства, адзінства, барацьбу за справядлівасць.
Зялёны — колер надзеі і адраджэння, лясоў і палёў, колер жыцця, развіцця, дабрабыту і міру.
Беларускі арнамент сімвалізуе старажытную культуру народа, духоўнае багацце нацыі. На беларускім сцягу адлюстраваны фрагмент арнаменту “узыходзячае сонца”, створанага ў 1917 годзе Матронай Маркевіч, сялянкай вёскі Касцелішча сучаснага Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Ён быў знойдзены ў архівах Белпрамсавета. У цэнтры арнаменту знаходзіцца ромб (выява багіні Зямлі і Урадлівасці) з тоўстымі “кручкамі” — сімвал вечнасці і руху. Маленькія ромбы з’яўляюцца заклінаннямі аб ураджаі, дастатку, выкананні праведных жаданняў.
Белы фон для арнаменту — колер свабоды, маральнай чысціні, мудрасці.
Лічыцца, што Беларусь адной з першых выкарыстала арнамент як элемент дзяржаўнага сцяга.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з найгалоўнейшых атрыбутаў ва ўрачыстым убранні, у якое апранаюцца нашыя гарады і вёскі з нагоды дзяржаўных свят, – дзяржаўны беларускі сцяг.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика