"Незвычайныя дзеці" спадзяюцца на перамены. 21.by

"Незвычайныя дзеці" спадзяюцца на перамены

22.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Міністэрства адукацыі адрэагавала на артыкул "Незвычайны чалавек" (06.04.2012). Гаворка ішла аб праблемах бацькоў, у якіх нарадзіліся дзеці з аўтычнымі адхіленнямі. Такія дзеці з вялікімі цяжкасцямі інтэгруюцца ў грамадстве. Іх паўнавартаснае жыццё сярод людзей магчыма тады, калі з малым будуць працаваць спецыялісты амаль з самага нараджэння. На жаль, такіх спецыялістаў у Беларусі няшмат... У афіцыйным паведамленні з Міністэрства адукацыі гаворыцца, што праблема дзяцей з аўтычнымі адхіленнямі знаходзіцца ў "полі зроку" Мінадукацыі:

"У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма спецыяльнай адукацыі, якая дазваляе забяспечыць даступнасць адукацыі для ўсіх дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку і з аўтычнымі адхіленнямі. ...Сёння большасць дзетак з аўтычнымі адхіленнямі навучаецца ў Цэнтрах карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР). Ім уласцівы аўтызм у яго найбольш цяжкім варыянце. Для дзяцей з захаваным інтэлектам арганізуецца інтэграванае навучанне ў дашкольных установах і ўстановах сярэдняй адукацыі..."

Таксама Мінадукацыі паведамляе, што ў нашай краіне на ўзроўні вышэйшай прафесійнай адукацыі, а таксама ў сістэме павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў вядзецца навучанне спецыялістаў у галіне аказання псіхолага-педагагічнай дапамогі асобам з аўтычнымі адхіленнямі.

...У блізкай перспектыве Мін-адукацыі плануе працягваць распрацоўку праграмна-метадычнага забеспячэння для карэкцыйных заняткаў з дзецьмі-аўтыстамі ва ўмовах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, канструяванне і апрабацыю інавацыйных мадэляў арганізацыі адукацыйнага асяроддзя, якая забяспечыць даступнасць якаснай адукацыі для такіх дзяцей, а таксама развіваць міжнародныя адукацыйныя праекты па праблеме аўтызму.

Тое, што ёсць станоўчая дынаміка ў гэтым пытанні, пацвердзілі і ў грамадскай арганізацыі "Дзеці. Аўтызм. Бацькі".

— І сапраўды, за апошнія месяцы ў нас наладзіўся кантакт са спецыялістамі адукацыі на розных узроўнях, і мы ведаем, што знаходзімся ў "полі зроку" Мінадукацыі, — гаворыць Таццяна Якаўлева, кіраўнік арганізацыі "Дзеці. Аўтызм. Бацькі". — Але мне, як маці і кіраўніку арганізацыі, цяжка прызнаць, што створаная ў краіне сістэма спецыяльнай адукацыі забяспечвае рэальную даступнасць адукацыі для ўсіх нашых "аўцянят".

Справа ў тым, што ў рэальнасці не вельмі вялікая колькасць дзетак з аўтычнымі адхіленнямі навучаюцца ў ЦКРНіР, якія працуюць па спецыяльных праграмах. Большасці гэтых дзяцей падтрымка аказваецца ў дзіцячых садках і школах, у якіх створаны інтэграваныя групы і класы.

Усё было б добра, але гэтых спецыяльных праграм для аўтыстаў ні ў школах, ні ў садках на самой справе няма, таму праблема застаецца вострай.

— У Мінску нядаўна і сапраўды праводзілі два "круглыя сталы", — дадае Таццяна. — На пасяджэнні першага, які прайшоў на базе гарадскога ЦКРНіР, абмяркоўвалі праблемы аўтызму, а падчас другога, што адбыўся ў БДПУ імя М. Танка, абмяркоўвалі перспектывы інклюзіўнай адукацыі ў нашай краіне. І ў нас, бацькоў, была магчымасць адкрыта пагаварыць аб набалелым. І добра, што гэтыя праблемы абмяркоўваюцца, але гэтага мала. Мы яшчэ вельмі далёкія ад сапраўднай і адэкватнай дапамогі дзецям з аўтычнымі адхіленнямі. Уявіце сабе: вашаму дзіцяці споўнілася тры гады, і раптам аказалася, што яно глухое. Але вам замест таго, каб лячыць дзіцяці слых, прапануюць сістэму дапамогі для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю... Аўтызм — гэта захворванне, якое закранае ўсе сферы развіцця дзіцяці: сацыяльную, камунікатыўную, маўленчую і інтэлектуальную. І працаваць толькі ў адным кірунку безвынікова!

Але самым незразумелым для бацькоў дзетак-інвалідаў з'яўляецца слабае ўзаемадзеянне сістэм адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння. Многія бацькі, як правіла, доўгі час проста не ведалі, што ў іх дзіцяці аўтызм і што гэта такое. Аб тым, што існуе такая ўстанова, як ЦКРНіР, некаторыя ўвогуле даведваюцца не ад урачоў, а ад выпадковых людзей. Гэта асабліва датычыцца сем'яў, якія жывуць за межамі Мінска. І ўсё ж бацькі маленькіх аўтыстаў спадзяюцца, што ў хуткім часе сітуацыя зменіцца, бо яны пераканаліся ў тым, што іх пачулі!

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Міністэрства адукацыі адрэагавала на артыкул "Незвычайны чалавек" (06.04.2012). Гаворка ішла аб праблемах бацькоў, у якіх нарадзіліся дзеці з аўтычнымі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика