"Прасунутымі" карыстальнікамі фінансавых паслуг з'яўляецца толькі 10% беларусаў. 21.by

"Прасунутымі" карыстальнікамі фінансавых паслуг з'яўляецца толькі 10% беларусаў

22.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нацыянальны банк разам з Альянсам за фінансавую даступнасць на працягу 2011—2013 гадоў праводзяць сумесны праект па ацэнцы ступені доступу да фінансаў у Беларусі. Зараз завершаны першы этап даследавання, з вынікамі якога спецыялісты праекта пазнаёмілі журналістаў.

14,1% насельніцтва наогул не карыстаюцца фінансавымі паслугамі

Каб даследаваць тое, наколькі насельніцтва нашай краіны мае доступ да фінансавых паслуг і, што немалаважна, карыстаецца гэтымі паслугамі, было праведзена апытанне 2,5 тыс. чалавек рознага ўзросту і сацыяльнага становішча. Як расказала Вольга СЯМАШКА, кіраўнік аналітычнага цэнтра НДЭІ Мінэканомікі, самымі распаўсюджанымі банкаўскімі паслугамі з'яўляюцца выкарыстанне бягучага рахунку і дэбетных картак — імі карыстаецца 40,1% і 27,6% апытаных адпаведна. Такое актыўнае выкарыстанне гэтых паслуг можна патлумачыць абавязковым афармленнем зарплатных рахункаў і картак у шэрагу арганізацый краіны. Грашовыя пераводы па Беларусі (16,6%), інтэрнэт-банкінг (12,8%), мабільны банкінг (12,4%) і крэдытныя карткі (11,4%) грамадзяне рэспублікі выкарыстоўваюць радзей.

Што тычыцца страхавання, то найбольш запатрабаваным з'яўляецца страхаванне ўласнасці і аўтатранспартных сродкаў — такімі фінансавымі паслугамі карыстаюцца адпаведна 28,4% і 24,4% апытаных. Гэта, у прынцыпе, таксама можна патлумачыць наяўнасцю абавязковых відаў страхавання па такіх страхавых аб'ектах.

Цікава, што значная колькасць грамадзян з'яўляецца цалкам выключанай з фінансавага рынку Беларусі — наогул не выкарыстоўваюць фінансавыя паслугі 14,1% апытаных. Толькі 1-2 фінансавыя паслугі выкарыстоўваюць 38,6% (як правіла, яны звязаныя з налічэннем зарплаты), тры і болей фінансавых паслуг выкарыстоўвае амаль палова насельніцтва. А вось так званымі "прасунутымі" карыстальнікамі фінансавых паслуг (6-8 пунктаў) з'яўляецца толькі 10% грамадзян Беларусі.

Хто больш фінансава "падкаваны" — мужчыны ці жанчыны? Даследаванне паказала, што групы мужчын і жанчын, якія карыстаюцца 1-2 ці 3-5 фінансавымі паслугамі, аднолькава вялікія. А вось калі ўзяць "прасунуты" ўзровень (6-8 паслуг), то там мужчын значна больш — 15,7% супраць 10,7%. Даследчыкі заўважылі, што на выкарыстанне фінансавых паслуг уплывае і шлюб: тыя, хто знаходзіцца ў шлюбе, маюць больш высокія паказчыкі.

Ёсць адрозненні і па ўзросце: маладыя людзі (16—25 гадоў) і пенсіянеры (старэй за 65 гадоў) часцей за ўсё выкарыстоўваюць адну-дзве фінансавыя паслугі. У гэтых жа ўзроставых катэгорыях, дарэчы, і найбольшы працэнт людзей, якім наогул фінансавыя паслугі не патрэбны. А найбольш актыўныя — людзі ад 26 да 45 гадоў, якім для жыцця неабходна шэсць і болей паслуг.

Спецыялісты нават склалі сярэднестатыстычны партрэт чалавека, які найбольш актыўна карыстаецца фінансавымі паслугамі: гэта мужчына ва ўзросце 25—45 гадоў з вышэйшай ці няпоўнай вышэйшай прафесійнай адукацыяй, жанаты, кіраўнік, прадпрымальнік або самазаняты, які мае даход звыш 2,9 млн рублёў.

Чым буйнейшы бізнэс, тым больш яму трэба фінансавых паслуг

Адпаведнае даследаванне было праведзена і сярод прадстаўнікоў малога бізнэсу — каля 2 тысяч прадпрымальнікаў запоўнілі анкеты, дзе падзяліліся інфармацыяй пра выкарыстанне фінансавых паслуг у сваёй дзейнасці.

Як паказала даследаванне, самай распаўсюджанай банкаўскай паслугай з'яўляецца выкарыстанне бягучага рахунку — 97,9% апытаных. Гэта звязана з тым, што, згодна з беларускім заканадаўствам, абавязковай умовай пры рэгістрацыі бізнэсу з'яўляецца наяўнасць бягучага рахунку (даследаванне павінна было б паказаць 100% выкарыстання, але, відаць, некаторыя бізнэсмены забыліся адказаць на гэтае пытанне, адказалі няправільна ці не ведалі, як адказаць. — Аўт.). Больш за палову беларускіх прадпрымальнікаў часта выкарыстоўваюць пералічэнне сродкаў на рахункі з Рэспублікі Беларусі — 54,2%; 30,6% выкарыстоўваюць інтэрнэт-банкінг; 23,2% прыбягаюць да паслуг крэдытавання на папаўненне абаротных сродкаў; 19,6% маюць дэбетныя карткі. Наогул ахоп суб'ектаў малога бізнэсу фінансавымі паслугамі складае амаль 100%.

Фінансы ёсць, але інструментаў — мала

Як адзначыў Сяргей ДУБКОЎ, намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка, на жаль, калі мы гаворым пра фінансавы рынак, часцей за ўсё мы маем на ўвазе банкі:

— Банкаўскі рынак — гэта толькі частка фінансавага рынку. На жаль, у нашай краіне ён дамінуе: 95% па актывах і па капітале — гэта банкаўскія паслугі. Без развіцця іншых суб'ектаў фінансавага рынку (мікрафінансавых арганізацый, крэдытных саюзаў і г.д.) мы не зможам як след данесці фінансавыя паслугі да насельніцтва, — сказаў ён і дадаў, што Нацбанк заўсёды выступаў за развіццё альтэрнатыўных удзельнікаў фінансавага рынку.

Пры гэтым Сяргей Вітальевіч адзначыў, што нават ужо існуючыя інструменты часам не выкарыстоўваюцца — напрыклад, малы бізнэс мала ўвагі звяртае на лізінг і факторынг.

— Без развіцця іншых фінансавых інструментаў мы будзем утыкацца ў нейкую шкляную столь. Заўсёды павінна быць альтэрнатыва: калі банкаўская паслуга па нейкіх прычынах некамфортная, то, напрыклад, у іншых краінах гэта вырашаецца праз крэдытныя саюзы і іншых удзельнікаў рынку. У нас жа ўсё ўпіраецца ў банкі. Але банкаўская сістэма, як і любая іншая, абмежаваная ў развіцці, і гэтыя 95% нас засмучаюць. Толькі пры наяўнасці канкурэнцыі банкі будуць зніжаць свае тарыфы, прапаноўваць больш якасныя і больш прадметныя паслугі.

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка лічыць, што ў нечым менавіта дзякуючы неразвітасці альтэрнатыўных банкаўскіх фінансавых інструментаў у краіне перыядычна ўзнікаюць так званыя фінансавыя піраміды:

— Праца з малабюджэтнымі групамі, пенсіянерамі, моладдзю — гэта бізнэс, гэта вялікі сегмент рынку. І з ім трэба працаваць, каб не з'яўляліся сітуацыі, калі махляры прыцягваюць сродкі, абяцаючы вялізныя працэнты — я маю на ўвазе піраміды. Мы не прапанавалі паслугу, не далі альтэрнатыву, а потым здзіўляемся, калі нехта больш спрытны даў несумленны інструмент.

Ён таксама прызнаў, што ў беларусаў вельмі мала інструментаў для захавання сродкаў — па сутнасці, усе яны абмяжоўваюцца "або дэпазітам, або валютай пад падушкай, або (да апошняга часу) будаўніцтвам кватэры". Таму Сяргей Дубкоў заявіў, што адно з ключавых пытанняў — пашырэнне пераліку інструментаў зберажэння.

Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся ў намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка, ці звязаны паміж сабой дабрабыт і фінансавая граматнасць насельніцтва — мо калі беларусы будуць жыць багата, дык тады і пачнуць карыстацца фінансавымі інструментамі? Сяргей Дубкоў лічыць, што фінансавую граматнасць трэба развіваць пры любых даходах:

— Над пытаннем фінансавай граматнасці ідзе пастаянная праца ў краінах Заходняй Еўропы, напрыклад, у Вялікабрытаніі. Як вы разумееце, даход на душу насельніцтва ў Беларусі і Вялікабрытаніі — розны. Таму пытанне не ў даходах, а ва ўменні планаваць. Можна атрымаць эфект для бюджэту сваёй сям'і, маючы абмежаваныя рэсурсы, а можна мець вялікія грошы і ўсё спусціць.

Напрыканцы было адзначана, што вынікі бягучага даследавання — гэта толькі першы этап, на якім ставілася задача зрабіць зрэз і выявіць праблемы. Даследаванне прычын і фактараў гэтых праблем будзе вывучацца далей — у прыватнасці, ужо летам будзе праведзена новае комплекснае маштабнае даследаванне па трох параметрах: прапанова фінансавых паслуг, попыт на іх і палітыка дзяржавы ў галіне забеспячэння доступу да фінансаў. У яго рамках на пытанні адкажуць 10 тысяч рэспандэнтаў з усіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Беларусі, што дасць магчымасць аналізаваць звесткі і ў рэгіянальным разрэзе.

Павел БЕРАСНЕЎ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нацыянальны банк разам з Альянсам за фінансавую даступнасць на працягу 2011—2013 гадоў праводзяць сумесны праект па ацэнцы ступені доступу да фінансаў у Беларусі....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика