Беларусы праз прызму будзённых рэчаў. 21.by

Беларусы праз прызму будзённых рэчаў

23.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму нямецкі аўтар калажаў бачыць нас менавіта такімі?

Што агульнага можа быць у "Фальксвагена" і царкоўнага абраза? Не, зусім не любімая на постсавецкай прасторы звычка ставіць у аўто "абразкі" замест таго, каб прышпільвацца рэменем бяспекі. Немец Ханс Баум, які 18 гадоў таму прыехаў у Беларусь, у вольны час робіць калажы і асамбляжы са шматлікіх прадметаў, якія трапляюцца яму пры розных абставінах, лічыць, што калі б неабходна было прадставіць дзве краіны — Беларусь і Германію — толькі адным прадметам, у першым выпадку ім бы стаў абраз, а ў другім — вядомы аўтамабільны лэйбл ці тэхнічныя дэталі.

Ханс Баум не вучыўся на мастака. У яго эканамічная адукацыя. Праца ў вядомай кампаніі ІВА, якая займаецца распрацоўкай і продажам інфармацыйных тэхналогій, патрабуе шмат часу. У вольныя хвіліны, калі пасля якой-небудзь паездкі ці падзеі назапашваецца шмат прадметаў, спадар Баум афармляе іх у адзіную кампазіцыю. Ёсць што ўспомніць з паездак на Кубу (футляры ад цыгар, старонкі з часопісаў), у Японію (фота ўсходняй прыгажуні, нейкія квіткі, сувеніры), па колерах і прадметах яшчэ аднаго калажу адразу чытаецца турэцкая тэматыка.

Але паколькі аўтара шмат што ўжо звязвае з нашай краінай, ёсць у Ханса Баума і "Беларускія калажы" — серыя з шасці работ. На фоне розных малюнкаў, дакументаў і газет — рэчы з побыту беларускай вёскі. Побач з сярпом, гэблікам, бязменам, падковай — маленькія люстэркі. Разглядаючы "Беларускія калажы", кожны наведнік выставы можа дапоўніць кампазіцыю сваім адлюстраваннем. Не ведаю, ці быў гэты эфект спецыяльна задуманы аўтарам, але люстэркі ў работах знаходзяцца прыкладна на ўзроўні вачэй, жывата ці шыі таго, хто разглядае калаж. Гэта надае ўражанню ад работ дадатковае адценне. Яшчэ выклікае здзіўленне і тое, што фон беларускіх калажаў — нямецкія газеты, надпісы на нямецкай мове. Першае, што прыходзіць на думку — кантраст паміж тым, як аўтар уяўляў Беларусь, пакуль не пабываў у нас, арыентуючыся на звесткі з розных крыніц, і якой краіна аказалася на самой справе. Але чаму тады чалавек, што шмат гадоў правёў менавіта ў сучаснай Беларусі, мае з ёй асацыяцыі выключна аўтэнтычнага характару? Праз прадметы аўтар бачыць і нас? Ці многія сённяшнія найперш маладыя беларусы спрабавалі калі-небудзь карыстацца тым жа сярпом? А драўляным гэблікам, думаецца, не карыстаюцца ўжо і людзі больш сталыя.

Можа, у нашай рэчаіснасці няма такіх рэчаў?.. А калі і ёсць, дык у іх няма душы, якая б адразу адчувалася і захапляла?

Цікаўлюся, чаму менавіта гэтыя рэчы — бязмен, сярпы, кавалкі старога жалеза, — сталі "Беларускім калажам" і якія з іх выклікаюць у аўтара найбольш цёплыя ўспаміны.

— Уся серыя з шасці калажаў для мяне вельмі дарагая. У маім разуменні, уяўленне пра Беларусь можа даць не столькі горад, колькі вёска. Большасць дэталяў, з якіх складаюцца "Беларускія калажы", я прывёз са сваіх падарожжаў па беларускіх вёсках. Я там цудоўна сябе адчуваю, проста неверагодная атмасфера, — кажа аўтар.

Многія калажы, зробленыя з рэчаў, зусім, на першы погляд, ужо непатрэбных, Ханс Баум дорыць сваім сябрам ці ў офіс кампаніі. Аўтар пажартаваў, што адмовіліся ад падарунка толькі аднойчы. На думку Баума, працы над калажамі надта спрыяе тое, што ён робіць іх проста так, не для продажу, а таму не ставіць сваю творчасць у рамкі "спадабаецца — не спадабаецца". Убачыць, "беларускія" і іншыя калажы Ханса Баума можна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва да 26 мая.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму нямецкі аўтар калажаў бачыць нас менавіта такімі? Што агульнага можа быць у "Фальксвагена" і царкоўнага абраза? Не, зусім не любімая на постсавецкай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика