Геапалітычны агляд тыдня. 21.by

Геапалітычны агляд тыдня

26.05.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Галоўнай чаканай геапалітычнай падзеяй тыдня быў саміт НАТА ў Чыкага. У той жа час сенсацый не адбылося. Як заяўлялася раней, войскі НАТА будуць выведзены з Афганістана ў 2014 годзе з перадачай усёй адказнасці афганскаму ўраду. Галоўным пытаннем, як і год таму, застаецца наступнае: ці будзе здольны афганскі ўрад самастойна ўтрымацца ва ўладзе, калі нават цяпер, пры наяўнасці вялізнага воінскага кантынгенту НАТА ў краіне, ён не здольны кантраляваць усю тэрыторыю? У многіх рэгіёнах краіны кантынгенты НАТА нібыта знаходзяцца ў стане аблогі, баючыся высоўваць нос за вароты сваіх баз, а кіруюць тэрыторыяй фактычна талібы. Варта ўлічыць і горкі вопыт з вывадам савецкага кантынгенту войскаў з Афганістана: пратрымаўшыся некалькі гадоў, прасавецкі афганскі ўрад усё-такі рухнуў. Можа ўнесці карэктывы ў працэс вываду войскаў і абранне новага прэзідэнта Францыі, які заявіў, што ён хоча вывесці французскія войскі з Афганістана ўжо да канца гэтага года. Калі так і адбудзецца, пераняць яго прыклад могуць і іншыя краіны альянсу, пакінуўшы амерыканцаў стрымліваць талібаў у адзіноце, што павялічыць нагрузку на бюджэт ЗША, які і так перанапружаны. Што можа чакаць краіну пасля вываду войскаў НАТА, зможа паказаць прынятае на саміце рашэнне перадаць ураду Афганістана кантроль за бяспекай на яго тэрыторыі ўжо ў 2013 годзе. Фактычна гэта эксперымент перад вывадам войскаў НАТА на здольнасць гэтага ўрада самастойна змагацца з палітычнымі праціўнікамі.

Дадало праблем і пытанне з транзітам грузаў і войскаў НАТА праз Пакістан. Нагадаем, што ў свой час менавіта пры цесным садзейнічанні Пакістана войскам НАТА ўдалося захапіць Афганістан. А цяпер адносіны настолькі пагоршыліся, што альянс нават не можа вывесці свае войскі праз яго тэрыторыю назад у заходнія краіны або забяспечваць іх да вываду. Меркавалася, што на саміце ўдасца ўгаварыць Пакістан дараваць гібель ад рук вайскоўцаў НАТА 24 пакістанскіх салдат і зноў дазволіць альянсу карыстацца пакістанскай тэрыторыяй для транзіту. Але Пакістан вылучыў такія ўмовы для аднаўлення транзіту, на якія альянс аказаўся не гатовы даць сваю згоду. Падумаць толькі, патрабаваць афіцыйнага прабачэння за гібель пакістанскіх салдат у мірны час ад рукі саюзнікаў па НАТА, і патрабаваць спынення бамбёжак тэрыторыі Пакістана беспілотнымі самалётамі НАТА, якія быццам бы палююць на тэрарыстаў! Ды і плаціць за транзіт трэба будзе не ранейшую драбязу, а вельмі сур'ёзныя сумы. Расчараванне Захаду ад пазіцыі Пакістана было відавочным.

Цікавае пытанне ўдзелу ў саміце краін Цэнтральнай Азіі. Замест асабістага ўдзелу запрошаных прэзідэнтаў яны палічылі за лепшае прыслаць на саміт сваіх міністраў замежных спраў, што таксама пра многае гаворыць.

Адным з ключавых пытанняў саміту было пытанне ЕўраПРА ў Еўропе. Сенсацый не было і тут: ЗША па-ранейшаму адмовіліся даць юрыдычныя гарантыі ненакіраванасці сістэмы, якая разгортваецца, супраць расійскіх сіл ядзернага стрымлівання. Генеральны сакратар НАТА аб'явіў аб завяршэнні "першай стадыі" стварэння сістэмы еўрапейскай супрацьракетнай абароны, якая па-ранейшаму ўваходзіць у супярэчнасць з сістэмай ядзернай бяспекі Расіі. Суцешыцца фармулёўкамі аб гатоўнасці НАТА супрацоўнічаць з Расіяй па гэтым пытанні, перадаючы інфармацыю аб ходзе ўзвядзення сістэмы ПРА, якія прагучалі ў падагульняючай дэкларацыі саміту НАТА ў Чыкага, Масква не зможа. Якое супрацоўніцтва можа быць ва ўзвядзенні ЕўраПРА, здольнай паралізаваць ядзерны шчыт Расіі на еўрапейскім кірунку?

23 мая прайшоў таксама пазачарговы саміт лідараў ЕС, на які ўскладаліся пэўныя чаканні па прычыне распрацоўкі або прыняцця сур'ёзных антыкрызісных мер па выратаванні Еўразоны. У той жа час яго вынікі называюць "чарговай пустышкай". Лідары краін ЕС не змаглі дамовіцца ні пра якія новыя сур'ёзныя крокі, прычым яны вялі перамовы на фоне максімальнага падзення еўра — амаль да двухгадовага мінімуму. Гэта сведчыць пра неабходнасць сур'ёзных мер. Адной з прычын рознагалосся стаў распад кааліцыі Францыі і Германіі з прыходам да ўлады ў Францыі новага французскага прэзідэнта. Аланд змог зрабіць з разрыву альянсу цэлае тэатральнае прадстаўленне, заявіўшы дэманстратыўна, што "кожная краіна павінна быць выслухана", у адрозненне ад былой практыкі, калі Сарказі і Меркель навязвалі ўсім астатнім краінам свой пункт гледжання. Аланд арыентаваны на стымуляванне эканомікі, а Меркель — на меры эканоміі. Францыя разам з Італіяй настойвае на ўвядзенні еўрабондаў, якія дазволяць слабым краінам Еўразоны абаперціся на моцныя эканомікі, перш за ўсё, нямецкую ў сваіх запазычаннях, а Меркель, менавіта па гэтай прычыне, катэгарычна супраць. Аланд першапачаткова збіраўся таксама жорстка атакаваць фіскальны пакт, які рэзка скарачае магчымасці новых расходаў урадаў ЕС, заключаны ў свой час пры падтрымцы Сарказі, але пагадзіўся перанесці пытанне на саміт у чэрвені. Адзіным сур'ёзным рашэннем саміту стала выказанае ўсімі ўдзельнікамі імкненне захаваць Грэцыю ў якасці члена Еўразоны, паколькі ў прэсе фігуравалі самыя магчымыя варыянты рашэнняў лідараў ЕС.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Галоўнай чаканай геапалітычнай падзеяй тыдня быў саміт НАТА ў Чыкага. У той жа час сенсацый не адбылося. Як заяўлялася раней, войскі НАТА будуць выведзены з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика