Домік вокнамі ў сад
29.05.2012
—
Новости Общества
|
Калі летась падарожжы ў госці да прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе "Лепшая аграэкасядзіба года" прыпадалі на час, калі яшчэ зямля не паспела ўпрыгожыцца пасля зімы, то сёлета выбіраць лепшых з лепшых (усе аграсядзібы, якія наведваюцца на апошнім этапе, ужо прызнаны пераможцамі ў сваіх абласцях) давялося, калі карціна цалкам была гатова. Шаноўнаму журы (у яго складзе — прадстаўнікі ААТ "Белаграпрамбанк", грамадскай арганізацыі "Адпачынак у вёсцы", навукоўцы і, безумоўна, пастаянны інфармацыйны спонсар — газета "Звязда") ужо не трэба было ўключаць фантазію, каб уявіць, як добра будзе ў сядзібах летам. Спелая вясна, багатая на колеры, пахі і гукі, раскрывала ўсю прывабнасць адпачынку ў вёсцы. Але я не буду спыняцца на салаўіных спевах і квітнеючых садах: лірыку зараз можна знайсці ці не ў кожнай сядзібе. Асабіста для мяне адкрыццём у такім вялікім падарожжы, якое традыцыйна пралягае праз сядзібы ўсіх абласцей, былі людзі. Уласна і дамкі, і іх атачэнне — гэта таксама адлюстраванне ладу жыцця гаспадароў сядзібы, складу іх думак, поглядаў на адпачынак — у рэшце рэшт, планаў, звязаных з агратурызмам. Так, дзесьці вы адзначыце добры сэрвіс, у іншай сядзібе адчуеце такі патрэбны вам спакой, у трэцюю прыедзеце "адарвацца" напоўніцу вялікай кампаніяй. А ў чацвёртай вас гаспадар прыме як лепшага сябра, і за шчырымі размовамі вы нават не будзеце звяртаць увагу на тое, як і чым абсталяваны дамок. Сёння мы вас запрашаем у першае аграэкападарожжа. Магілёўшчыну ў гэтым годзе прадстаўляюць тры сядзібы. Дзве з іх заяўлены адразу ў некалькі намінацыях. Сэрвіс каля дарогі Не, размова не пойдзе пра цывільныя прыбіральні і аб'екты харчавання прыдарожнага сэрвісу, хоць усё гэта ў сядзібе "Ёлкі-палкі" Быхаўскага раёна, якая размясцілася побач з трасай, безумоўна, ёсць. І ўтульны дамок з ацаліндраванай драўніны, хоць і працуе сядзіба ўсяго год, ужо вядомы многім падарожнікам. Назва "Ёлкі-палкі" не выпадковая: яна — як напамін аб старых трактах, што вялі ў бок Расіі; уздоўж дарог у час доўгага падарожжа можна было прыпыніцца адпачыць у невялікіх дамках, на якія, каб апошнія былі здалёк відаць, зімой вешаліся яловыя лапкі, а вясной тыя "ёлкі" ператвараліся ў палкі. У сядзібе "Ёлкі-палкі" выпякаецца хлеб. Склеп даўжынёй 17 метраў застаўлены бярозавікам. Тут можна пакаштаваць самаробную калінавую настойку. У планах — падаваць жывое піва. Праўда, напоі ў сядзібе "Ёлкі-палкі" — не таннае задавальненне. — Я шмат працаваў з Еўропай. У мяне яшчэ ёсць бізнэс, звязаны з апрацоўкай дрэва, — расказвае гаспадар сядзібы Віталь Шышоў. — Калі бываў за мяжой, бачыў, што ў многіх сядзібах зроблены скляпы і гаспадары вараць і падаюць жывое піва. Адсюль — ідэя зрабіць такое і ў нас. Безумоўна, такое піва не будзе каштаваць "пяць капеек". Наогул, лічу, што спіртное ў сядзібах не павінна быць танным, каб за той час, што людзі знаходзяцца тут, у іх не было магчымасці напіцца. У гаспадара свае думкі і наконт таго, якая ежа павінна падавацца гасцям. Сам ён чалавек пераборлівы, як прызнаецца, нясвежае есці не будзе, таму і пры выбары страў для сядзібы вырашыў, што гатаваць па рэцэптах для аб'ектаў агульнага харчавання тут не будуць. Рэцэпты падбіраліся з хатняй кухні — сваёй сям'і, сяброў, знаёмых. — У асноўным людзі хочуць, каб усё было прыгатавана сваімі рукамі, а не з паўфабрыкатаў, каб прадукты паступалі са свайго агарода. Да гэтага і будзем імкнуцца. Ужо завялі прысядзібную гаспадарку, зоймемся цяпліцамі, суседзі трымаюць 5 кароў. Я цікавіўся, як самім сыры рабіць. Нам дапамагаюць суседзі. Асноўная задача развіцця агратурызму — забяспечыць занятасць сельскага насельніцтва. А народ наш працалюбівы, вось толькі не бачыць, дзе рубель ляжыць... Магчыма, агратурызм будзе садзейнічаць таму, каб усё гэта вярталася і людзі бачылі, што ёсць сэнс не з'язджаць з вёсак, а зарабляць тут... У сядзібе "Ёлкі-палкі" працуе лазня, можна спыніцца і на начлег. Недалёка адсюль — паварот Дняпра, дзе, кажуць, цудоўная рыбалка. Можна пакатацца на конях, якіх трымаюць суседзі. У планах яшчэ наладзіць сувязі з паляўнічай гаспадаркай. Але пра паўнацэнны адпачынак на гэтай сядзібе гаварыць яшчэ рана: пакуль гаспадарам трэба яшчэ дабудоўвацца, ставіць альтанкі. Праблема таксама ў тым, што ўчастак тут невялікі, і, як кажа гаспадар, усё, што магчыма было выжаць з гэтых 9 сотак, ім зроблена. Альтэрнатыва адпачынку на Нарачы Нават людзі, якія вучацца на дызайнераў, калі трапляюць у сядзібу "Рыбацкая пульва" ў вёсцы Чачэвічы, лічаць, што над аздабленнем лазні, жытла і ўчастка шчыраваў спецыяліст. Хаця самі гаспадары Валянціна і Вячаслаў Крупты насамрэч ніякіх дызайнерскіх курсаў не заканчвалі. Вячаслаў Іванавіч сапраўды мае залатыя рукі, і ў яго процьма ідэй, як са звычайных карчоў і кругляшоў стварыць шыкоўнае аздабленне. Нават старыя плафоны ператвараюцца ў яго руках у стыльныя свяцільні. Хоць не ўсё гаспадару так проста давалася: напрыклад, лесвіцу ў гасцявым дамку ён перакладаў некалькі разоў — затое ў выніку атрымалася яна сапраўды каралеўскай. Але заўважым: хоць і багата сядзіба на дызайнерскія рэчы, тут няма нічога лішняга, кожнаму аб'екту (а тут ёсць нават заселены "міні-аграгарадок" для шпакоў) знойдзена сваё месца. І нягледзячы на тое, што на ўчастку размешчаны дом саміх гаспадароў, альтанка, дзве лазні (адна традыцыйная — "па-чорнаму"; другая, японская, падаграецца знізу, і чалавек прымае водныя працэдуры на адкрытым паветры), вялікая альтанка з камінам, спартыўныя куткі (турнікі, байцоўская груша і пальчаткі, більярд), яблыневы сад. Тут хапае прасторы — можна нават паставіць вароты і згуляць у футбол на зялёным газоне. Варта спусціцца па лесвіцы — і можна купацца ў Дняпры. Улетку, як распавядаюць гаспадары, з пірса бацькам, якія прыязджаюць сюды, даводзіцца дзяцей ці не сілком выцягваць. І не толькі таму, што дзятва не хоча вылазіць з вады — ім цікава паназіраць за птушкамі, што корпаюцца ў трыснягу, а нядаўна недалёка адсюль пасяліліся бабры. Гаспадар сядзібы можа яшчэ пакатаць на катары (ёсць і водныя лыжы). Напрыклад, звазіць на чароўны востраў Кахання ці туды, дзе абжыліся лебедзі. Наогул ад Вячаслава (а ён, дарэчы, па прафесіі — педагог) маленькія госці сядзібы не адыходзяць, вучацца ў яго нават гатаваць ежу на вогнішчы.
— Мы будаваліся для сябе. А пасля нашы сябры сказалі: "У вас такія прыгожыя мясціны, чаму б ні падзяліцца гэтым з іншымі". Таму і вырашылі заняцца агратурызмам. Працуем ужо 2 гады, — кажуць гаспадары. — Калі людзям добра, атрымліваем ад гэтага задавальненне. Стараемся стварыць адпаведную атмасферу. Людзі прыязджаюць "нагружанымі" сваімі штодзённымі клопатамі, і наша задача, каб тут яны пра ўсё забыліся і сапраўды расслабіліся. Мінчане прызвычаіліся ездзіць на Нарач, а ў нас не горш. Ехаць што туды, што сюды амаль аднолькавы час. Але тут няма натоўпу людзей. Тут ціха... На Пцічы Гэтая сядзіба з Асіповіцкага раёна заяўлена ў намінацыі "Экасядзіба". Тут сапраўды ўсё квітнее з ранняй вясны да позняй восені, розныя фарбы змяняюць адна адну і размясцілася сядзіба на маляўнічым беразе ракі, усе члены журы заўважылі, што сядзібу трэба было б адзначаць за гасціннасць. Адно тое, што нас сустракалі з гармонікам і душэўнымі песнямі (прычым фальклорны ансамбль беларускай народнай песні "Вяселле" тут часты госць), чаго варта. А яшчэ шмат цікавага мог расказаць і добры сябар гаспадароў сядзібы — былы дырэктар мясцовага музея Сямён Бародзіч. І з самімі гаспадарамі за душэўнымі размовамі можна правесці не адну гадзіну, ды так, што тут сябе адчуеш не кліентам, не турыстам, а менавіта дарагім госцем. Як для каго, а для мяне такі складнік адпачынку падаецца куды больш важным за ўтульны дамок з цывільным санвузлом (а тут усё гэта ёсць). Кажуць, гэтыя мясціны незвычайныя, тут асаблівая аўра, якую адчувае кожны, хто прыязджае ў вёску Дараганава. Сама гаспадыня Аліна Зэйдэль расказвае: — Мы прыехалі ў цудоўнае месца. Яно нам спадабалася, мы тут і "захраслі". Я пражыла 25 гадоў у Бабруйску, прычым кватэра была ў цэнтры горада. А калі прыехала сюды — адчула яднанне з прыродай. Мне было вельмі радасна і зусім не хацелася адсюль з’язджаць, хаця мелі колькі хочаш магчымасцяў перабрацца ў горад... Заўважу, што сужэнцы — медыкі: Аліна Пятроўна — псіхіятр, зараз працуе намеснікам галоўурача Асіповіцкай райбальніцы, Аляксандр Канстанцінавіч — урач агульнай практыкі. Хто-хто, а яны да кожнага госця могуць знайсці падыход — не дзіва, што многія з імі і пра асабістае жыццё гутараць, і заўсёды могуць атрымаць параду. Гаспадыня можа і травяную гарбату зрабіць. Аляксандр Канстанцінавіч валодае пчолатэрапіяй (тут свая пасека). Хто не палянуецца схадзіць да крыніцы з гаючай вадой, адзначыць, што вада спрыяе прыгажосці, паляпшае стан скуры. А яшчэ вам раскажуць і пра вялізны валун, які таксама лечыць, бо да яго і па сёння ходзяць жанчыны, якія доўгі час не могуць зацяжараць.
А можа, таму тут сябе ўтульна адчуваеш, што "домік вокнамі ў сад", дзе прыпыняюцца турысты, рабіўся для сябе. У сужэнцаў Зэйдэль чацвёра дзяцей. Як дзеці павырасталі, паехалі вучыцца, дамок не пустуе — пастаянна прымае гасцей. — А не будзе гасцей, самім спатрэбіцца, — жартуе гаспадар. Нас ужо з зяцямі і ўнукамі 12 чалавек, адыграем новыя вяселлі — стане яшчэ больш... Алена Дзядзюля. Меркаванне эксперта Сярод членаў журы конкурсу на лепшую аграэкасядзібу — загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў, кандыдат гістарычных навук Тадэвуш Навагродскі. Тадэвуш Антонавіч вывучае старадаўнюю беларускую кухню. Многія гаспадары сядзіб нават узялі на ўзбраенне рэцэпты, якія ўдалося запісаць навукоўцу. Я пацікавілася ў Тадэвуша Антонавіча пра яго думкі наконт агратурызму. — Агратурызм уплывае на адраджэнне традыцый, і традыцыі таксама садзейнічаюць вясковаму турызму. Калі сядзібы развіваюцца, з'яўляецца попыт на нейкую ўнікальнасць, мясцовую кухню, традыцыі. Гаспадары пачынаюць гэта вывучаць і нешта прапаноўваць турыстам. — А чаго не хапае сучасным сядзібам?— Арыгінальнасці, "разынкі". Часам бачыш, што ў чалавека ёсць хватка, ён зможа замацавацца і прыцягне турыстаў. Але ці прапануе нешта арыгінальнае? Не хапае мясцовай спецыфікі.— Можа, неабходна ствараць нейкія дапаможнікі для гаспадароў сядзіб? — Безумоўна, але не ў маштабах краіны, а рэгіёнаў. Напрыклад, можна апісаць пэўныя асаблівасці нейкай мясцовасці — строі, спевы, кухню, традыцыі, звычаі. І праз сядзібы гэта можна адраджаць, як, напрыклад, на Лепельшчыне адноўлены абрад "Жаніцьба Цярэшкі". У многіх сядзібах збіраюцца старыя рэчы, адкрываюцца этнаграфічныя музеі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі летась падарожжы ў госці да прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе "Лепшая аграэкасядзіба года" прыпадалі на час, калі яшчэ зямля не паспела ўпрыгожыцца...
|
|