Усё круціцца... вакол цвіка. 21.by

Усё круціцца... вакол цвіка

08.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напэўна, цвік — тая рэч, якая знойдзецца ў любым доме. Магчыма, цвік у гісторыі ўзнік тады, калі чалавеку спатрэбілася стварыць сабе больш-менш цывілізаваныя інструменты і жыллё. Мабыць, роля цвіка за доўгія гады існавання не змянілася, але і такая дробязь здзівіць можа кожнага. І здзіўляе. Напрыклад, наведвальнікаў музея цвіка, які адкрыўся пры Рэчыцкім метызным заводзе — якраз да яго стагадовага юбілею.

Начальнік бюро інфармацыі і рэкламы Уладзімір Жалезка пра музей расказвае апантана, нібы пра любімае дзіця. Гаворыць, мэты ставілі амбіцыёзныя — каб увасобленыя тут ідэі адлюстроўвалі — ні больш ні менш — дзень заўтрашні. Для гэтага ў зале ўсталяваны сэнсарныя панэлі, дзякуючы якім можна не толькі зазірнуць у гісторыю прадпрыемства ажно да яго стварэння, але і даведацца пра канкрэтную біяграфію свайго дзеда. Вядома, калі ён працаваў на Рэчыцкім метызным.

— Музей наш жывы — сюды прыходзяць нашчадкі тых, хто працаваў у розныя часіны на прадпрыемстве, — расказвае Уладзімір Рыгоравіч. — Яны могуць даведацца аб працоўных подзвігах сваіх продкаў. Лёгка "падняць" сваю радаслоўную па адным прозвішчы — архіўная база даных захоўвае біяграфіі ўсіх былых супрацоўнікаў.

2,5-метровы цвік — бясспрэчны цэнтр і сімвал экспазіцыі. Дарэчы, ён хоць і дэкаратыўны, але ж вакол моцна закручваецца ўся гістарычная інтрыга. І адкрываюцца нечаканыя, у тым ліку трагічныя, старонкі мінуўшчыны. Напрыклад, такія: заснавальнікі драцяна-цвіковага завода, беларускія яўрэі, браты Уладзімір і Барыс Рык, якія да Кастрычніцкай рэвалюцыі мелі некалькі прадпрыемстваў у Рэчыцы і навокал, былі расстраляныя як ворагі савецкай улады — пасля таго, як зрабілі спробу перавезці вытворчасць за мяжу. Між іншым, прадпрымальныя браты стварылі завод у 1912 годзе дзеля забеспячэння фронта дротам, у тым ліку і калючым — улічылі, што ў гады першай імперыялістычнай ён будзе на піку продажу. Вядома, гэтая прадукцыя была запатрабавана яшчэ вельмі доўга.

Магчыма, хутка ў экспазіцыі з'явіцца і старажытны станок для вытворчасці цвікоў — яго замовілі за межамі прастораў СНД. Практычна адноўлены станок, на якім выраблялі цвікі адразу пасля нацыяналізацыі, у 30-я гады ХХ стагоддзя. Тады для вытворчасці метызаў выкарыстоўвалі, напрыклад... старыя матрацы, з якіх выцягвалі спружыны. Вырабленыя з іх цвікі, гавораць, потым мянялі на прадукты... Зразумела, метызы з таго часу набылі новы выгляд (які — таксама можна пабачыць у экспазіцыі), але асноўнае прызначэнне засталося спрадвечна сімвалічным: змацоўваць. У тым ліку і стасункі паміж партнёрамі, сярод якіх асабліва вызначаюць знакамітую фірму "Ролс-Ройс". Сувеніры ад калег тым часам папаўняюць музей. Расійскія калегі прывезлі быццам бы з Афрыкі пачвару, якую цяпер тут называюць богам Цвіка — ну як абысціся без містыкі? У бліжэйшы час у музеі можна будзе пабываць не толькі рэальна, але і віртуальна — праз сайт прадпрыемства. І нават паназіраць за вытворчасцю ў анлайн-рэжыме, — абяцае Уладзімір Жалезка. А чалавеку з такім прозвішчам хочацца верыць.

Неўзабаве ўзгадваецца японская прытча: "З-за незабітага цвіка страцілі падкову. З-за страчанай падковы страцілі каня. З-за страчанага каня не даставілі данясенне. З-за гэтага прайгралі вайну". Так што наяўнасць-адсутнасць такой дробязі, як цвік, можа значна паўплываць на гісторыю.

Ды што там казаць — без яго нават газету не зробіш. І сёння галоўны рэдактар пачынае ранішнюю планёрку з пытання: "А які ў нас сёння "цвік" нумара?.."

Ірына АСТАШКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, цвік — тая рэч, якая знойдзецца ў любым доме. Магчыма, цвік у гісторыі ўзнік тады, калі чалавеку спатрэбілася стварыць сабе больш-менш цывілізаваныя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика