Пазбаўленне бацькоўскіх правоў не значыць, што вы ўжо не бацькі.... 21.by

Пазбаўленне бацькоўскіх правоў не значыць, што вы ўжо не бацькі...

12.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У рэдакцыю газеты прыйшоў ліст ад шматдзетнай жанчыны, у якой дзяцей забралі ў прытулак з-за таго, што яна пакутуе ад алкагольнай залежнасці. Жанчына прасіла разабрацца ў незвычайнай справе: яна лічыла, што ўжо вылечылася і можа выхоўваць дзетак сама, але органы апекі ўсё роўна падалі дакументы ў суд на пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў. Я яшчэ не ведала, піша яна праўду ці не, але мяне ўразіў той факт, што жанчына адважылася напісаць пра сваё няпростае жыццё толькі для таго, каб вярнуць дзетак. А значыць, іх будучыня ёй неабыякавая, нягледзячы на залежнасць...

Чаму так здарылася, што ў яе забралі дзетак? У лісце яна піша так: "Я не заўсёды жыла правільна, але заўсёды была не горшай за іншых.

...Усё скончылася ў адзін дзень, калі забралі дзяцей у прытулак (было гэта пасля смерці брата). У прытулак ездзіла кожную вольную хвіліну, тэлефанавала сама і дзеці тэлефанавалі. Я, як магла, станавілася на "роўную дарогу". Прайшло тры месяцы, і мне паабяцалі вярнуць дзяцей. Але нечакана да нас (сама я была на працы) прыехала праверка, якая ўбачыла ў нашай кватэры п'янага мужа і яго палюбоўніцу. Дзяцей не вярнулі. ...У прытулку было мала дзяцей — гэта асноўная прычына. А падтрымаць мяне ніхто не захацеў, бо я хто — былы алкаголік. Плакала, але сабрала сілы і пралячылася, падала на развод.

Зноў быццам бы добра, я і дзеці планавалі як будзем жыць далей. Як і зноў праблемы. У дзень, калі я дзяжурыла, не расцялілася карова. Паводле слоў кіраўніка і загадчыка фермы, здарылася гэта па маёй віне: маўляў, была п'яная..."

Галіна (так завуць жанчыну) лічыць, што менавіта з-за гэтых абставін ёй не вярнулі дзетак.

Цяпер да суда дзеці Галіны знаходзяцца ў Шчучынскім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры. Дырэктар прытулку, калі даведалася пра ліст, які прыйшоў у рэдакцыю, нават узрадавалася. Яна спадзяецца, што артыкул у газеце дапаможа работнікам прытулку і органаў апекі "дастукацца" да Галіны.

— Галіна Баляславаўна, на мой погляд, любіць дзяцей,— гаворыць дырэктар Шчучынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Дзіна ВАЙЦЮЛЬ.— Проста мець нейкія пачуцці да дзяцей добра, але патрэбна яшчэ і клапаціцца пра малых. Дзеці — не трава, самі не вырастуць. Больш за тое, яе малыя ўжо другі раз аказваюцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Справа ў тым, што некалькі гадоў таму Галіна са сваім мужам сталі піць. Натуральна, з-за гэтага ў іх доме часта здараліся скандалы. Міліцыі не раз даводзілася прыязджаць і супакойваць шлюбную пару. Больш за тое, яны неаднойчы прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Спачатку іх проста паставілі на кантроль. Прыходзілі, гаварылі з імі і ў міліцыі, і ў школе, і на працы... Усе спадзяваліся, што гэта нейкі часовы крызіс. Спачатку, і сапраўды, у сям'і "браліся за розум": дзеці былі накормленыя і добра апранутыя... Але праз некаторы час ізноў пачаліся праблемы.

— Мы некалькі разоў прыходзілі да іх у дом, і кожны раз бацькі былі п'яныя, — расказвае Дзіна Яўгенаўна. — Мы рабілі заўвагі, і яны ўсё абяцалі, што больш не будуць піць, але ж ніякага выніку не было. Муж Юрый, калі выпівае, увогуле становіцца агрэсіўным, у прысутнасці дзетак скандаліць і нават "распускае рукі" ў адносінах да жонкі і дзяцей. Малодшы сын Максімка не хадзіў у садок і часта заставаўся без догляду. Бацькі не кантралявалі вучобу двух старэйшых дзяцей, не хадзілі на бацькоўскія сходы. На заўвагі школьных педагогаў проста не звярталі ўвагі. Іх хлопцы хадзілі ў брудным адзенні, і неўзабаве, як вынік, — розныя скураныя хваробы... Нам нічога не заставалася, як прызнаць іх дзяцей, як малых, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай ахове. Так хлопцы апынуліся ў прытулку.

У прытулку склалі спецыяльны план для бацькоў, у якім прапісана, што ім патрэбна рабіць, каб вярнуць дзяцей. У гэтым плане прапісана ўсё: і лячэнне ад алкагольнай залежнасці, і праца з псіхолагам, і педагагічныя трэнінгі, і наладжванне добрых умоў у кватэры, і праца без прагулаў і парушэння дысцыпліны, і іншае... Больш за тое, гэтыя планы выдаюць бацькам на рукі і яны падпісваюцца пад імі.

— Наша асноўная задача — вярнуць дзяцей у біялагічную сям'ю, — гаворыць Дзіна Яўгенаўна.— Мы дзеля гэтага і працуем! І толькі тады, калі не атрымліваецца, мы разглядаем іншыя варыянты: прыёмная сям'я, апека. І самы няўдалы варыянт — дзіцячы дом ці школа-інтэрнат. Сямнаццатага красавіка мы павінны былі падаць дакументы на вяртанне дзяцей Галіне і Юрыю, але пры ўмове, што кожны пункт плана, які мы для іх склалі, выкананы. На выкананне ўсіх мерапрыемстваў адведзена паўгода. Яны таксама ведалі, што 17 красавіка камісія будзе прымаць рашэнне: ці вярнуць дзяцей бацькам, ці падаваць дакументы ў суд на пазбаўленне бацькоўскіх правоў.

Усё ішло добра. Галіна і Юрый дзеля сваіх дзяцей кінулі піць, хадзілі на працу, у кватэры нават маленькі рамонт зрабілі. На працягу некалькіх месяцаў Галіну і Юрыя наведвалі вельмі часта, і яны заўсёды былі цвярозыя, а ў кватэры было прыбрана і чыста. Самі бацькі некалькі разоў на тыдзень прыходзілі да дзяцей. Спецыялісты радаваліся ўдалай працы з сям'ёй. Усе характарыстыкі — і са школы, і з працы, і з міліцыі — прыходзілі станоўчыя. Кіраўнік прадпрыемства, на якім працуюць Юрый і Галіна, прыслаў нават спецыялістаў, каб ім у кватэры правялі ваду. А супрацоўнікі прытулку дамовіліся перавесці дзяцей у школу і дзіцячы садок, якія знаходзяцца побач з працай бацькоў. Увогуле рабілі ўсё, толькі каб сям'і пасля ўз'яднання было зручней жыць.

— Але ж ведаеце, ад алкагольнай залежнасці не так проста пазбавіцца, — гаворыць Дзіна Яўгенаўна. — Аднойчы мы прыйшлі з чарговай праверкай да іх у кватэру. Дзвярэй нам адразу не адчынілі. Але было зразумела, што ў сям'і пачаліся непрыемнасці. З кватэры валіў едкі дым (на шчасце пажару ўдалося пазбегнуць). Нарэшце на парозе з'явіўся п'яны гаспадар. Ён сарваўся... Галіны дома не было, але была іншая жанчына... І мы пайшлі адтуль вельмі разгубленыя, бо вельмі баяліся, што і Галіна пачне піць у такой сітуацыі.

На наступны дзень дзверы камісіі адчыніла сама гаспадыня. Яна была цвярозая і плакала. Галіна баялася, што сітуацыя з Юрам неяк паўплывае на магчымасць вяртання дзяцей... Сама ж Галіна не піла, і спецыялісты, як і раней, спадзяваліся, што дзеці вернуцца да маці. Аб гэтым яны і сказалі бацькам на перадапошнім пасяджэнні. Дзеці з нецярпеннем чакалі 17 красавіка. Ім здавалася, што яны ўжо амаль дома. У прытулку сталі рыхтаваць дакументы на вяртанне хлопцаў дадому. Заставалася пару тыдняў да апошняга пасяджэння. Усе дакументы былі гатовы. Работнікі прытулку, спецыяліст па справах непаўналетніх, участковы інспектар з РУУС пісалі, што ўмовы для пражывання дзетак створаны. І толькі ў апошні момант прыйшла дрэнная навіна з працы: зноў пачалі піць.

— На Вялікдзень сарвалася і Галіна,— гаворыць Дзіна Яўгенаўна. — У жанчыны не хапіла сіл утрымацца. А можа, яна проста расслабілася, упэўненая, што мы не будзем мяняць рашэнне за некалькі дзён. Калі намеснік старшыні камісіі даведаўся, што яны зноў сталі піць, то папрасіў супрацоўнікаў РУУС праверыць гэтую інфармацыю. На жаль, падазрэнні пацвердзіліся. На пасяджэнні 17 красавіка Галіна і Юрый самі прызналі, што "трошкі сарваліся". Але гэта было апошняе пасяджэнне, на якім мы павінны былі прыняць выніковае рашэнне: вярнуць дзяцей ці падаць дакументы ў суд на пазбаўленне бацькоўскіх правоў. Натуральна, нягледзячы на абяцанні Юрыя і Галіны, што яны зноў пралечацца, было прынята рашэнне падаваць дакументы ў суд. Тым больш што па законе мы не маглі больш трымаць у сябе дзяцей. Магчыма, Юрыю і Галіне патрэбна трошкі больш чым паўгода, каб навучыцца стрымліваць сябе.

Калі я завітала ў дом да Галіны, яна ўжо вярнулася з працы. І была цвярозая. Жанчына, як і раней, не згодная з рашэннем камісіі. І спадзяецца, што суд вырашыць не пазбаўляць яе бацькоўскіх правоў. Галіна жыве толькі гэтай надзеяй і ва ўсім вінаваціць... дрэнную характарыстыку з працы.

— Я паступіў па сумленні, — прызнаецца Мікалай ЖАЛЯЗОЎСКІ, кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства, на якім працуюць Галіна і Юрый. — У мяне некалькі такіх работнікаў, і я раблю ўсё, толькі б яны не пілі: прапаную машыну, даю аванс, толькі б людзі ехалі і кадзіраваліся. Мне гэта, як кіраўніку, выгадна... Мне лепш, калі людзі працуюць, а не п'юць. Што ж датычыцца Юрыя і Галіны... Калі яны не пілі, іх непасрэдны начальнік так і пісаў — не п'юць. Калі сарваліся, што ж рабіць... Тым больш справа тычыцца жыцця дзяцей. Нават, калі на хвіліну сабе ўявіць: мы пашкадавалі Галіну і Юрыя, утаілі праўду і напісалі, што яны не пілі і тады дзетак вярнулі бацькам, якія пакуль яшчэ не поўнасцю пазбавіліся ад алкагольнай залежнасці. Няўжо мы так дзяцей больш шчаслівымі зробім? І яшчэ добра, калі бяды ніякай не здарыцца... А калі што, то як потым з гэтым жыць?

Дырэктар прытулку і сама вельмі засмуцілася з-за таго, што Галіна ў апошні момант сарвалася. Яна сваімі вачыма бачыла, як дзеці чакаюць сваю маці, як спадзяюцца, што яна перастане піць. Яна бачыла, як сама Галіна любіць сваіх дзяцей, як сумуе па іх...

— Пазбаўляць Галіну і Юрыя бацькоўскіх правоў ці не, будзе вырашаць суд, — гаворыць Дзіна Яўгенаўна. — Галіна Баляславаўна знайшла грошы на адваката і будзе змагацца за сваіх дзетак. Я лічу гэта яшчэ адным дасягненнем. Да таго ж цяпер яна не п'е. І нават, калі суд пазбавіць Галіну і Юрыя бацькоўскіх правоў, гэта не значыць, што яны страцяць дзяцей назаўсёды ці перастануць быць іх бацькамі. Яны так ці інакш будуць удзельнічаць у выхаванні дзяцей, калі так жа часта будуць іх наведваць, як цяпер. Больш за тое, яны абавязкова фінансава будуць удзельнічаць у выхаванні хлопцаў, бо іх абавяжуць плаціць аліменты.

Да таго ж пасля рашэння суда ў іх яшчэ будзе паўгода, каб паспрабаваць вярнуць бацькоўскія правы. Дзетак Галіны і Юрыя не адправяць у інтэрнат, над імі згадзілася аформіць апеку іх цётка. А калі бацькі вырашаць вярнуць свае правы на дзяцей, ім патрэбна звярнуцца ў суд з іскам аб вяртанні бацькоўскіх правоў. І тады зноў планы, зноў кантроль... І калі не будзе падобных недарэчнасцяў, як цяпер, то дзеці абавязкова вернуцца дадому. Увогуле мы ўсе на гэта спадзяёмся...

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У рэдакцыю газеты прыйшоў ліст ад шматдзетнай жанчыны, у якой дзяцей забралі ў прытулак з-за таго, што яна пакутуе ад алкагольнай залежнасці.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика