Нашчадак паэта-самавука. 21.by

Нашчадак паэта-самавука

14.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наш сённяшні госць — Герард Сівіцкі, унук паэта з-пад Валожына Уладзіслава Сіва-Сівіцкага, вядомага знаўцам літаратуры пад псеўданімам Стары Улас.

<І>Герард Уладзіслававіч — генерал-маёр МУС у адстаўцы. Нарадзіўся ў 1935 годзе ў Валожыне ў сям'і сына Старога Уласа — Уладзіслава Сівіцкага. Як і дзед, у малым узросце асірацеў, усяго ў жыцці дасягаў сам. Працаваў на адказных пасадах, у 1990-я гады абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, з'яўляўся намеснікам старшыні камісіі па заканадаўстве.

Першае ўражанне ад сустрэчы з Герардам Уладзіслававічам — гэта ўпэўненасць, што перад табой чалавек з немалым жыццёвым вопытам. Такіх людзей узрост толькі ўпрыгожвае. І прыемная нечаканасць: чысцюткая беларуская мова. Падчас размовы з ім не знікала ўпэўненасць у неардынарнасці яго як асобы. І не дзіва — было ў каго павучыцца! Бо, паводле сведчанняў сучаснікаў, сам Стары Улас, вясковы паэт-самавук выклікаў да сябе з боку ўсіх тых, хто яго ведаў, выключна паважлівае стаўленне: "...Сяляне паважалі высокага, прыгожага, з вусамі і невялікай — клінам — бародкай ляснічага, які паводзіў сябе з імі як з роўнымі, спачуваў ім, дапамагаў лесам, заступаўся за іх, калі трэба было, перад самім графам" (З прадмовы В. Рагойшы да зборніка "Год беларуса"). Унук пераняў ад дзеда ўсе вышэйпералічаныя якасці, і гэтаму ёсць нямала сведчанняў. Дарэчы, ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама ў створаным там Музеі міліцыі асобная экспазіцыя прысвечана менавіта яму, былому кіраўніку сілавой структуры вобласці.

— Герард Уладзіслававіч, калі вы ўпершыню ўсвядомілі, што з'яўляецеся нашчадкам такога знакавага для беларускай культуры чалавека?

— Недзе пасля вайны, ці то ў 1947-м, ці то ў 1948-м годзе пабачыў свет чарговы выпуск аднаго з грунтоўнейшых выданняў па гісторыі беларускай літаратуры. І там прысутнічаў добры абзац пра творчы шлях Старога Уласа, Уладзіслава Сіва-Сівіцкага. Падкрэслівалася, што ён быў знаёмы з Янкам Купалам, яны нават сябравалі. Дарэчы, Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна, яго жонка, былі па-чалавечы ўдзячныя Старому Уласу: на пачатку ХХ стагоддзя, у Вільні, ён іх пазнаёміў, стаў, па сутнасці, іх сватам. Дык вось, у артыкуле тым адзначался, што Уладзіслаў Сіва-Сівіцкі не проста быў паэт-самавук, а ён стаяў ля вытокаў беларускай літаратуры, быў аўтарам некалькіх цікавых вершаваных апавяданняў, якія добрым словам згадваў Максім Гарэцкі. І вось тады я і ўсвядоміў, што з'яўляюся ўнукам вядомага чалавека. Але ж Стары Улас пра рэвалюцыю не пісаў, таму доўгі час заставаўся па-за шырокай увагай афіцыйнага літатуразнаўства.

— Пра вашага сваяка Максім Гарэцкі казаў як пра "паэта з мазолістай рукой", які не толькі выйшаў з народа, але і сам атаясамліваў сябе з народам. У сувязі з гэтым хацелася пацікавіцца: як складваліся лёсы членаў вашай сям'і, ці звязаў хто-небудзь сваё жыццё з літаратурай?

— Мы ўсе жылі ў вельмі складаны час. Перадваенныя, пасляваенныя гады... Бацьку майго ў 1943 годзе немцы расстралялі ў Валожыне, а мы, дзеці, засталіся сіротамі. У пасляваенныя гады жылося цяжкавата. Наколькі я ведаю, ніхто ў нашай сям'і больш літаратурай не займаўся. Старэйшы сын Старога Уласа, адзін з маіх дзядзькоў, жыў у Вільнюсе, яшчэ адзін сын пайшоў па вайсковай частцы, здаецца, быў ваенным лётчыкам. Астатнія ж (а ў Старога Уласа дзяцей было васьмёра) паабзаводзіліся сем'ямі і раз'ехаліся хто куды. Добра памятаю сваю бабулю Антаніну, жонку майго дзеда Уласа ? менавіта яна настаяла на тым, каб мяне назваць Герардам. З дому яна была Вайцяхоўская (шляхцянка, казалі), і Стары Улас так закахаўся ў яе, што ўпотай свае пачуцці выклаў вершам на паперы... Граф Тышкевіч блаславіў іх шлюб. Паколькі я быў у яе адзіны ўнук у Валожыне, яна часта прыязджала з Вільнюса адведваць мяне, вельмі адметная была жанчына, усім цікавілася, была надзвычай дапытлівая, з шырокім колам інтарэсаў.

— Як захоўваеце памяць пра славутага сваяка?

— Мы ўсе ставімся да асобы дзеда вельмі паважліва і нават, так бы мовіць, з піетэтам. Калі мой старэйшы ўнук складаў у школе свой радавод, то дайшоў ажно да сёмага калена, у тым ліку і пра Старога Уласа ўзгадаў. Атрымаў добрую адзнаку. Але большасць родзічаў: і сын Старога Уласа мой бацька Уладзіслаў Уладзіслававіч, і мая маці Соф'я Напалеонаўна, і меншы брат Эразм, і старэйшая сястра Яніна ўжо даўно знайшлі свой спачын на кладах у Валожыне. Вядома, наведваем іх магілкі. Вялікую маю асабістую занепакоенасць і ўсіх маіх нашчадкаў выклікае далейшы лёс і стан будынка, які належаў Старому Уласу. Я вельмі ўдзячны мясцоваму літаратурна-мастацкаму аб'яднанню "Рунь", якім кіруе паэтка Валянціна Гіруць-Русакевіч, за ініцыятыву і спрыянне захаванню памяці пра Старога Уласа. Дзякуючы іх намаганням, праходзілі мерапрыемствы, літаратурныя вечарыны, прысвечаныя Уладзіславу Сівіцкаму.

— Вас запрашалі?

— Калі Старому Уласу споўнілася 140 гадоў, на адным з мерапрыемстваў прысутнічалі і я, мой сын і ўнук — тры пакаленні нашчадкаў паэта. Было шмат народу, чыталіся вершы Старога Уласа, гучалі літаратурныя кампазіцыі ў выкананні вучняў школы. Тады істотна падтрымалі гэтую ініцыятыву і мясцовыя ўлады. Увогуле, мая і ўсіх маіх родзічаў удзячнасць адрасавана валожынцам Сяргею Маляўскаму, Генадзю Равінскаму, Антону Гедроіцю, Аліне Барадака і ўсім тым, хто не забываўся і не забываецца на майго дзеда, ушаноўвае памяць земляка. У Валожыне адна з вуліц названа ў гонар Старога Уласа. А на доме, які належаў яму ,умацавана памятная шыльда. Самыя шчырыя словы павагі адрасую шаноўнаму прафесару Вячаславу Рагойшу, які здзейсніў тытанічную працу, каб сабраць у адно цэлае творчую спадчыну дзеда, яна выйшла асобнай кнігай у 1990 годзе. Уявіце, колькі трэба было ўзняць архіваў, адшукаць старых газетных падшывак, каб усё гэта на свет Божы выцягнуць! І якую прадмову цудоўную да зборніка "Год Беларуса" Вячаслаў Пятровіч напісаў... Гэта шмат у чым заслуга і нябожчыка Генадзя Каханоўскага, што імя Старога Уласа паўстала з небыцця. Мой дзед шмат зрабіў для беларускай культуры. Па сутнасці, ён стаяў ля вытокаў беларускай літаратуры разам з Купалам і Багдановічам. Калі я працаваў у Брэсце, там неяк збіралі паэтаў, пісьменнікаў. І прымалі мы ў сябе ў гасцях Івана Чыгрынава. Я запытаўся, ці чуў ён імя Старога Уласа, і атрымаў станоўчы адказ: "Чаму ж, ведаю! Яго творчую спадчыну вывучае акадэмічная навука, таму што ён стаяў ля вытокаў беларускай літаратурнай мовы, нягледзячы на тое, што інстытутаў ніякіх не заканчваў!" Даведаўшыся, што я ўнук Старога Уласа, Іван Гаўрылавіч пацікавіўся і маім жыццём...

— А з якімі пісьменнікамі вам яшчэ пашчасціла сустрэцца на жыццёвым шляху і хто найбольш запомніўся?

— Найперш гэта Іван Шамякін, засталіся незабыўныя ўражанні і ад сустрэч з ім у Вярхоўным Савеце, і ад прачытання ягонай "Глыбокай плыні". Некалі даволі часта сустракаўся з Адамам Русаком і Іванам Новікавым , падтрымліваў цесныя адносіны з Уладзімірам Калеснікам ? жылі з ім у Брэсце ў адным доме. З адным з яго шматлікіх вучняў паэтам. Кастусём Жмінько, працягваю кантактаваць. Наогул, па жыцці і па працы шмат з кім быў знаёмы, і не толькі з пісьменнікамі, але і з музыкамі, і з артыстамі. Магу сказаць, што мне ў жыцці шанцавала на таленавітых і проста цікавых людзей.

— На вашу думку, ці павінна кніга "Год беларуса", што выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 1990 годзе да 125-гадовага юбілею пісьменніка, стацца першай і адзінай кнігай Старога Уласа?

— А наперадзе — ужо 150-годдзе... Магчыма,не ўсё напісанае Старым Уласам нам вядомае. Але ж за гэта трэба брацца. А ахвочых займацца такой жа карпатлівай архіўнай працай, як гэта ў свой час рабіў шаноўны Вячаслаў Пятровіч Рагойша, сярод навукоўцаў-маладзёнаў, на жаль, сёння не назіраецца. А мо я памыляюся?

— А ці не бачыцца вам у ідэале стварэнне ў Валожыне музея Старога Уласа?

— Гэта мая даўняя думка-мара. На сёння гэта вельмі складаная справа. Быў у мяне знаёмы выкладчык гісторыі, пасля дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Мячаслаў Навіцкі. Ён пагадзіўся, але зазначыў, што ўсё гэта магчыма толькі на ўзроўні філіяла, адгалінавання ад галоўнага музея. Але ж гэта — рамонт, падбор штата супрацоўнікаў, арганізацыйная праца, і ў рэшце рэшт, усё ўпіраецца ў фінансавае пытанне. А вось куток у краязнаўчым музеі, пакойчык асобны — гэта больш рэальна. Калі б раённае ўпраўленне культуры выканкама звярнула на гэта ўвагу, думаю, усе, хто любіць роднае слова і культуру, былі б вельмі ўдзячныя.

Гутарыў Янка ЛАЙКОЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наш сённяшні госць — Герард Сівіцкі, унук паэта з-пад Валожына Уладзіслава Сіва-Сівіцкага, вядомага знаўцам літаратуры пад псеўданімам Стары Улас.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика