Віктар Варанец - Карона Вялікага князя Вітаўта. 21.by

Віктар Варанец - Карона Вялікага князя Вітаўта

19.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віктар Варанец некалькі гадоў запар удзельнічае ў конкурсе апавяданняў "Звязды", і яго імя ўжо было ў ліку пераможцаў. Свядома ці не, але аўтар кожны раз спрабуе сябе ў іншым жанры: у яго творчым багажы ёсць гумарэскі, фантастычныя, дэтэктыўныя апавяданні. Сёння ж мы прапануем твор Віктара Варанца, які пераносіць чытача ў далёкую беларускую мінуўшчыну.

Алесь Бадак

Вечар быў марозны і надзвычай цёмны. Неба зацягнула хмарамі, якія хуценька праглынулі і месяц, і зоркі. Павольна закружылі ў паветры бялюткія сняжынкі. Як раптам падзьмуў паўночны вецер, узняў аж да неба снежныя сумёты — і пачалася сапраўдная бура. Кастусь, з галавы да ног аблеплены снегам, ускочыў у сенцы і адразу ж адчуў усю ўтульнасць цёплай вясковай хаты. Стары Панас, тупаючы ля печы, з усмешкай зірнуў на хлопца.

— Што, люта на двары? Гэта табе не ў горадзе. У нас дык усё па-сапраўднаму. Хлеў зачыніў?

— Зачыніў, дзядуля! — адказаў Кастусь.

— Ну тады распранайся. Вячэраць будзем.

Кастусь, студэнт медыцынскага ўніверсітэта, любіў на канікулы прыязджаць да дзеда на хутар. Тут было цікава ўсё: і адарванасць ад цывілізацыі (хата стаяла ў лесе, за шэсць кіламетраў ад бліжэйшай вёскі, і да гэтага часу тут не было нават электрычнасці), і прырода, і сапраўдная натуральнасць жыцця. Пасля смерці жонкі старшыня калгаса не раз прапаноўваў Панасу пераехаць у аграгарадок: маўляў, там і жыццё лягчэй, ды і хутар гэты не тырчаў бы цвіком у лесе. Але стары не хацеў кідаць наседжанае месца, а прымушаць да пераезду старшыня не адважваўся: усе ведалі круты нораў Панаса, які на гэтай зямлі і партызаніў у вайну, і першым старшынёй мясцовага калгаса быў. І да дзяцей у горад стары пераязджаць не хацеў.

— Што мне там рабіць? Як на могілках — адна цэгла ды бетон...

Але сам вельмі любіў, калі да яго прыязджалі ўнукі, асабліва Кастусь, у якім Панас бачыў сябе ў маладосці.

Павячэраўшы і прыбраўшы са стала, Панас узяў газоўку і з унукам перайшоў у другі пакой. На вуліцы скуголіла завіруха, прыемна гуло ў коміне, крыху дрыжаў агеньчык у газоўцы. І ад усяго гэтага на душы было так добра, што і не перадаць словамі.

Дзед прылёг на ложак. Кастусь прысеў каля яго на ўслон і, як звычайна, папрасіў:

— Раскажы што-небудзь з мінуўшчыны.

— З мінуўшчыны? — перапытаў стары. — Дык я табе, здаецца, ужо ўсё пераказаў.

— Не можа быць, — запярэчыў унук. — Нават калі штовечар пра адзін год твайго жыцця расказваць, і то колькі дзён спатрэбіцца...

На хвіліну Панас задумаўся, як раптам схамянуўся.

— Слухай, я ж ледзьве не забыўся. Увосень лазіў на гару, перабіраў ламачча, што назбіралася за гады. І ведаеш, знайшоў там куфэрачак. Адкуль узяўся — бог адзін ведае. А там розныя старыя паперкі з запісамі. Мае вочы не разабралі, што там і да чаго, але, думаю, Кастусь прыедзе — прачытаем.

Панас выйшаў за дзверы і ўжо праз хвіліну вярнуўся з невялікім, акаваным жалезам куфэрачкам. Перадаў унуку. Кастусь асцярожна падняў вечка і сапраўды ўбачыў нейкія спісаныя лісты жоўтай і вельмі тоўстай паперы. І мова, якой карыстаўся незнаёмы аўтар, была як быццам беларускай, але, разам з тым, і нейкай незвычайнай. Але больш за ўсё ўразіў надпіс на адным з іх: "Карона вялікага князя Вітаўта".

Кастусь падцягнуўся бліжэй да газоўкі і пачаў чытаць уголас.

"І даў Бог нарэшце вялікую ласку да зямлі нашай. Ад мора і да мора зрабіўся мір і спакой у княстве Літоўскім. І выйшлі на палі аратыя, і адплылі ў доўгія дарогі купцы заможныя, і зазелянелі ў гарадах і вёсках сады ды палеткі. Прыціхлі ворагі ў схронах сваіх, баючыся і носа высунуць. І славілі ўсе вялікага князя Вітаўта.

І паклікаў неяк мяне, свайго лепшага даезчыка, да сябе княжа наш Вітаўт. І сказаў мне наступнае:

— Слухай мяне ўважліва, войтка! Прыехалі да нас папскі нунцыі з шаноўнаю прапановаю. Папа Рымскі Іаан ХХІІІ са сваёй ласкі хоча мяне каранаваць, каб і дзяржава наша стала каралеўствам. Ты ж ведаеш, Войтку, што лацінянам асаблівай веры даваць не варта. Але я ведаю і іншае. Сёння мы Папе вельмі патрэбныя, бо Папа ўжо прагна глядзіць на Усход. Францысканцы штодня з раніцы тоўпяцца ля маіх дзвярэй... Іаан ХХІІІ, канешне, вядомы п'яніца і распуснік, але ён Папа. І ён таксама патрэбны нам.

— Даруйце, Ваша княска мосць, — дазволіў я сабе запытацца, — але нашто нам, праваслаўным ліцвінам, той Папа? А выпіць мы і самі не дурні.

— Не, не быць табе, лайдаку, ніколі панам! Якая розніца, колькімі пальцамі ты хрысцішся? Бог адзіны. І каталіцкая Еўропа катальцкую Літву хутчэй да сябе прыме. Бо галоўны наш вораг сёння на Усходзе. А калі княства стане яшчэ і каралеўствам, дык і каралі астатнія да нас лагодней ставіцца пачнуць. Зараз зразумела табе, дурнота гарадзенская?

— Так, ясны пане, — пакорліва адказаў я.

— Добра. Але тлумачыў усё гэта я не для забавы тваёй, як разумееш. Ехаць мне, вялікаму князю, па карону не з рукі. Як збых апошні з рукой працягнутай. Не, мы — вялікая дзяржава і гонар свой маем. Папу таксама сюды не даклічашся. Баіцца ён лясоў неабсяжных нашых. Таму па карону паедзеш ты. Папу я ўжо абвясціў, недзе над каронай імшу спраўляе. Даю табе, Войтка, на ўсю дарогу два месяцы. І глядзі, блазан, не дай мне прычыны шкадаваць аб тым, што даверыў табе лёс панства нашага...

Нельга перадаць тое пачуццё гонару, што напоўніла сэрца маё ад такога даручэння. І ўжо раніцай я з васьмю лепшымі княжацкімі ваярамі выехаў у Рым.

Бог спрыяў нашай пачэснай місіі. Праз дваццаць шэсць дзён мы былі ў Вечным горадзе. У папскіх пакоях нам уручылі каралеўскую карону, дзяржаўную грамату да яе, і мы, не губляючы часу, паехалі назад. На васямнаццаты дзень мы дасягнулі Браніцкага лесу. За ім пачыналіся землі Польшчы, а далей — родныя абшары. Але гэты лес мне заўсёды не падабаўся. Яшчэ як пад Дуброўнаю разбілі мы крыжакоў, тыя нямногія, што ацалелі, пачалі рабаваць у Браніцкім лесе. Я папярэдзіў хлопцаў, каб сцерагліся, і мы паволі рушылі наперад. Калі сонца пачало хавацца за вершалінамі векавых дубоў, я пачуў выразнае гуканне бугая. Яму тут жа адказаў другі, трэці. Не, панове, вы можаце ашукаць любога, але толькі не мяне, княжацкага даездчыка. Сапраўдны крык бугая нагадвае лёгкі клёкат, а вы верашчыце, як дурны на могілках. Мы выцягнулі мячы, дасталі з-за спіны самастрэлы.

Страла прасвісцела ля самай маёй галавы, абдрапаўшы правую шчаку. Я тут жа стрэліў у густое лісце разлапістага дуба. Пачуўся прыглушаны крык, але глянуць туды ўжо не было калі. З гушчару на нас кінулася чалавек з дванаццаць узброеных людзей. Чацвёра з іх былі на конях. Добрая амуніцыя, доўгія крыжацкія мячы, упэўненая пастава выдавалі ў іх сапраўдных ваяроў. Менавіта яны вялі за сабой кнехтаў.

— Гнат і Лаўрын са мной на вершнікаў, — загадаў я. — Астатнія займіцеся пешымі!

Выхапіўшы секіру, любімую маю зброю, я кінуўся на крайняга злева кнехта. Ён тут жа зрэагаваў і, выставіўшы наперад магутны меч, паімчаўся на мяне. Наблізіўшыся да яго, я рэзка адхіліўся ўправа, імгненна адчуў, як бязлітасныя зазубрыны мяча прабаранавалі па маім плячы, і рубануў варожага каня па сцягне. Пачулася хрусценне косці. Конь аж узвіўся ад болю і тут жа заваліўся на бок, падмяўшы пад сябе гаспадара. Толькі галава ў шлеме тырчала з-пад тулава каня. Але тырчала толькі хвіліну. Узмах секіры — і яна пакацілася, як вожык, па траве. Я азірнуўся. На Лаўрына насядалі адразу два кнехты. Небарака ледзьве паспяваў адбіваць удары. Я размахнуўся і кінуў секіру аднаму з ворагаў у плечы. Ледзь не напалову ўвайшла секіра ў спіну. Рыцар адразу ж упаў тварам на зямлю. Другі ваяр усяго на імгненне зірнуў на свайго паплечніка, але і гэтага хапіла Лаўрыну, каб паласнуць ворага мячом уздоўж тулава. Тым часам Гнат ужо разабраўся са сваім кнехтам. Рэшткі яшчэ недабітай хеўры, убачыўшы, які лёс напаткаў іх камандзіраў, кінуліся ў лясны гушчар наўцёкі.

Усе нашы хлопцы, дзякуй Богу, былі жывыя. Ну а раны? Што тыя раны? Памазалі гаючай маззю, перавязалі і рушылі далей. Паколькі Лаўрын у баі страціў свайго каня, давялося скарыстаць кнехтавага.

Гадзіны праз чатыры лес скончыўся, і наперадзе мы ўбачылі невялічкае мястэчка. Гэта быў польскі Згажэлец. Адсюль да роднай Літвы і рукой падаць. Параіўшыся, вырашылі заначаваць у мястэчку, каб з раніцы прадоўжыць наш шлях.

Згажэльская карчма была вялікай, немалы пакой раздзелены сценкай на дзве паловы: адна для шляхцічаў, а другая для простага люду. Мы, зразумела, размясціліся ў лепшым з пакояў. Гаспадар карчмы хуценька выставіў на доўгі драўляны стол міскі з кнедлікамі, яешню, абкладзеную свінымі каўбасамі, вэнджаныя лапы мядзведзя, жбаны з сычаным півам і духмяным віном... Пах быў такі неверагодна прыемны, што мы адразу ж накінуліся на гэтае смакоцце. Першы кубак узнялі за пана Бога, што засцярог нас ад смерці ў Браніцкім лесе. А другі кубак выпілі за гаспадара нашага вялікага князя Вітаўта, абаронцу зямлі Літоўскай. Тым часам падышлі музыкі, з песнямі завіталі да нас выляжанкі. Закіпела сапраўднае вяселле. І закруцілася ўсё ў галаве карагодам: тосты, смех, дзявочыя твары...

Апрытомнеў я, калі сонца стаяла ўжо досыць высока. На падлозе храплі ўсе мае хлопцы. Зброя, адзенне валяліся па пакоі.

"Карона", — ляснула ў маю хворую галаву. Але нідзе ў пакоі я не ўбачыў драўлянай скрыні. Я хуценька расштурхаў хлопцаў. Ужо праз хвіліну яны стаялі апранутыя і засяроджаныя. Мы кінуліся да карчмара. Убачыўшы нас, ён лісліва заўсміхаўся.

— Як маюцца вяльможныя паны? Ці спадабалася вам у старога Зямы?

Я адразу ж схапіў яго за каўнер.

— Дзе драўляная скрыня, што была ўчора пры мне?

— Скрыня? — перапытаў перапалоханы Зяма. — Я так разумею, што пан гаворыць пра тую скрыню, у якой вазіў залатую карону?

Тут прыйшла мая чарга здзіўляцца.

— А адкуль ты ведаеш пра карону, стары хлуст?

— А як жа не ведаць беднаму Зяме, калі шчодры пан учора сам паказваў яе ўсім.

— Ну і што далей? Далей што было?

— А далей вяльможны рыцар разрубіў яе і кожнай дзяўчыне падарыў па кавалку, каб зрабілі пярсцёнкі на памяць. Пан і старому Зяме падарыў кавалачак.

І карчмар дастаў аднекуль анучку, разгарнуў яе — і я з жахам убачыў кавалак былой каралеўскай кароны.

Я не хацеў болей жыць. Так бы і сталася, але хлопцы надзейна звязалі мяне, уладкавалі на кані, і мы панура рушылі дадому.

Я расказаў князю ўсю праўду, скленчана просячы пакараць мяне смерцю. Але міласць Вітаўта не ведае межаў. Ён адаслаў мяне ў Горадню, а ўсім паведаміў, што карону ў Польшчы адбілі ў нас кнехты. А неўзабаве і сам памёр. Не ведаю, можа, гэта і мы наблізілі яго смерць. Але да смерці буду клясці сябе, што вялікі князь Вітаўт так і не стаў каралём, а наша Вялікая Літва — каралеўствам. І нешта падказвае мне, што яшчэ не раз адгукнецца майму народу тая гулянка ў заклятым Згажэльцы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика