Бізнэс з аптымізмам глядзіць у будучыню
26.06.2012
—
Новости Общества
|
Індэкс дзелавога аптымізму прэзентавала Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва — гэты паказчык быў замераны ў Беларусі ўпершыню і склаў 0,14. Згодна са спецыяльна распрацаванай шкалой вышэйназваная лічба азначае, што прыватны бізнэс знаходзіцца ў стане ўмеранага скептыцызму і прытрымліваецца стратэгіі выжывання. Каб вылічыць індэкс дзелавога аптымізму, прадстаўнікі рэгіянальных бізнэс-саюзаў апыталі 506 індывідуальных прадпрымальнікаў, кіраўнікоў малых, сярэдніх і буйных прыватных прадпрыемстваў па ўсёй краіне і з розных галін эканомікі. Прычым рэспандэнты выбіраліся зыходзячы са статыстычных звестак па структуры прыватнага бізнэсу — гэта было зроблена для таго, каб меркаванне апытаных найбольш праўдзіва адлюстроўвала карціну ў цэлым па краіне. Пытанні ў анкетах былі разбіты на два блокі — па-першае, прадпрымальнікаў прасілі ацаніць эканамічную сітуацыю і вынікі сваёй дзейнасці за апошнія паўгода, а па-другое — выказаць свае прагнозы наконт перспектыў працы ў бліжэйшыя шэсць месяцаў. І калі нядаўняе мінулае беларускія бізнэсмены ацанілі даволі негатыўна (што і не дзіўна — з улікам валютнага крызісу ў мінулым годзе), то ў будучыню яны глядзяць даволі аптымістычна: — Жорстка, крытычна і вельмі негатыўна ацэньваюць прадпрымальнікі апошнія паўгода. Бо яны яшчэ не перажылі наступстваў крызісу, — тлумачыць Уладзімір КАРАГІН, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. — А што тычыцца будучыні, то пра яе ў бізнэсу нейкія рамантычныя ўяўленні. Для нас такая ацэнка была нечаканай. Ён таксама адзначыў, што пры першым даследаванні звесткі не аналізаваліся па галінах эканомікі і рэгіёнах краіны, але пры вызначэнні Індэксу дзелавога аптымізму ў наступныя перыяды такое раздзяленне будзе рабіцца. Тым не менш і зараз можна сказаць, што бізнэс у сферы гандлю мае аптымістычнае бачанне эканамічнай сітуацыі і ўмоў для вядзення бізнэсу, а вытворчыя прадпрыемствы і тыя, хто аказвае паслугі, — больш песімістычнае. Індэкс дзелавога аптымізму будзе вызначацца кожныя паўгода. Наступны раз гэта будзе зроблена ў верасні, а потым — у лютым 2013 года. Уладзімір Карагін спадзяецца, што гэты паказчык стане добрым індыкатарам настрояў прадпрымальнікаў як для ўрада, так і для бізнэс-саюзаў. — Можна было апытаць толькі членаў прадпрымальніцкіх асацыяцый — гэта быў бы лёгкі шлях. Але асноўная частка апытаных не з'яўляюцца членамі бізнэс-саюзаў. Ды і для некаторых бізнэсменаў прапанова паўдзельнічаць у апытанні была вельмі нечаканай. Рэакцыя была вельмі розная: часта людзі пужаліся — маўляў, адкуль вы мяне знайшлі, чаму менавіта я і якія могуць быць негатыўныя наступствы. Дзіўна, але некаторыя ўпершыню чулі, што ў абласцях дзейнічаюць бізнэс-асацыяцыі, што ёсць Нацыянальная платформа бізнэсу Беларусі і што нехта з бізнэсу нешта робіць. І гэта, прабачце, на 26-м годзе развіцця недзяржаўнага сектара эканомікі! Адчулі мы і неразуменне наконт падобных даследаванняў: "навошта гэта праводзіць? Ва ўрадзе ўсё вырашаць, а мы ні на што не паўплываем". Але для таго, каб развіваць нашу эканоміку, трэба праводзіць розныя даследаванні — і не толькі такое. Без іх мы будзем блукаць, як вожык у тумане. Павел БЕРАСНЕЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Індэкс дзелавога аптымізму прэзентавала Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва — гэты паказчык быў замераны ў Беларусі ўпершыню і склаў 0,14. Згодна са...
|
|