Чаму ў нашай мове так шмат назоўнікаў і ці стане “смайлік” знакам прыпынку
28.06.2012
—
Новости Общества
|
Рубрыка “Пішам па-беларуску”, якая з’явілася на старонках нашай газеты адразу пасля прыняцця новай рэдакцыі беларускага правапісу, была надзвычай папулярная ў нашых чытачоў. Пытанні да яе аўтара доктара філалагічных навук прафесара Віктара ІЎЧАНКАВА, загадчыка кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, прыходзілі амаль штодня. Здаецца, на ўсе з іх, што тычыліся зменаў у правапісе, Віктар Іванавіч змястоўна і дакладна адказаў у публікацыях рубрыкі. А з прафесарам Іўчанкавым гэтым разам мы павядзём гутарку пра стан мовы (не толькі беларускай, але і другой дзяржаўнай), пра культуру нашага маўлення, пра тое, ці здолее новае пакаленне інтэрнэту і сацыяльных сетак чытаць і разумець класікаў. Але пачалася наша гутарка з пытання, якое тычыцца зноў жа зменаў у беларускім правапісе і хвалюе сёння многіх, у тым ліку і тых, хто ўважліва чытаў нашу рубрыку “Пішам па-беларуску”. — Віктар Іванавіч, і да прыняцця паправак у правапісе, і пасля новай рэдакцыі даводзіцца нярэдка чуць такое меркаванне: і раней людзей, якія маглі правільна пісаць па-беларуску, было няшмат, а цяпер іх наогул не стала... Гэта сапраўды так, ці скептыкі драматызуюць сітуацыю? — Нічога дзіўнага ў падобных скептычных заўвагах я не бачу: любыя змены ў правапісе ці яго карэкціроўка — гэта своеасаблівы канфлікт пакаленняў. Змены ўносяцца для будучых пакаленняў. Сучасніку, які дасканала валодае пісьмом, яны, хутчэй за ўсё, нязручныя, замінаюць шмат у чым, уносяць дыскамфорт, раздражняюць тым, што на пэўны час чалавек становіцца не зусім “пісьменным”. Што ж, сапраўды, нейкі час яны будуць пачуваць сябе ніякавата. Але гэта натуральны працэс і драматызаваць сітуацыю не варта. Мне здаецца, што праца, якая была праведзена Нацыянальнай акадэміяй навук і ў першую чаргу акадэмікам Аляксандрам Падлужным, знайшла свой плён. Правапіс — духоўная спадчына народа, што патрабавала ўдумлівага дзяржаўнага падыходу. Што, дарэчы, асабліва тонка адчуў Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, які ў той час быў міністрам адукацыі і непасрэдна курыраваў працу створанай ім рабочай групы. Новая рэдакцыя правапісу стваралася паступова, планамерна, па прынцыпе “сем разоў адмерай, адзін — адрэж”. Да таго ж не было ніякага рэвалюцыйнага замаху на правапіс. Удалося знайсці рацыянальнае зерне і пазбегнуць палітызаванасці... — А мову зрабіць палітычным інструментам вельмі лёгка... — Натуральна, у любой мове палітычны і гістарычны моманты вельмі важныя, часам яны перакрыжоўваюцца. І гэта вельмі выразна відаць на прыкладзе развіцця нашых дзвюх дзяржаўных моў. Агульная аснова — старажытная ўсходнеславянская мова, але абсалютна розная гісторыя, розныя этапы развіцця. Руская мова са сваім маштабам і з узнікненнем пісьмовай формы развівалася напачатку так, як і павінна быць: пісьмовая і вусная формы ўзаемадзейнічалі, уплывалі адна на адну. Але пісьмовая мова заўсёды стрымлівае развіццё вуснай. І здарыўся вельмі заўважны дысбаланс мовы кніжнай і мовы той, на якой гаварыў народ. Рускія дваране, якія карысталіся французскай, нямецкай і іншымі мовамі, не ўмелі гаварыць... па-руску. Калі б не Пушкін, які фактычна выратаваў рускую мову, невядома, ці існавала б яна наогул... У беларускай мовы гісторыя іншая. Яе пісьмовая форма была неактулізаванай: родная мова знаходзілася пад афіцыйнай забаронай. Вусная ж форма ў выглядзе паданняў, казак, гісторый, легендаў развівалася даволі шпаркімі крокамі, бо была амаль адзіным сродкам перадачы інфармацыі наступным пакаленням. Гэтыя два стагоддзі змянілі ў прынцыпе перспектывы фарміравання літаратурнай беларускай мовы. Як ні ў адной іншай мове ў нас ярка выражана эканомія маўленчых намаганняў. Мы не можам сказаць “падающая звезда”, мы гаворым “знічка”. І маці, калі прыязджаеш дахаты, наўрад ці скажа “ты стаміўся з дарогі”, хутчэй — “ты здарожыўся трохі”. Мы вельмі ашчадныя ў мове. Так зрабіў народ. Гэты двухсотгадовы “заняпад” выратаваў нашу мову. Яна лічылася “мужыцкай”, простай, — так яно і было, але яна была жывой, яна развівалася. Прыйшоў час, і ў нас з’явілася тая кагорта пісьменнікаў, якая мову адшліфавала ў пісьмовым варыянце... — ...Але цяпер тое, што яны адшліфавалі за дваццатае стагоддзе, у дваццаць першым наогул можа знікнуць (і я тут маю на ўвазе і беларускую, і рускую мовы). Бо тое, як гаворыць і піша пакаленне стагоддзя дваццаць першага, наогул ні на што не падобна... — Насамрэч, у нас дзве праблемы: тое, што засталося нам у спадчыну з мінулага стагоддзя, і тое, што на нас абрынулася разам са стагоддзем дваццаць першым. Спадчына дваццатага стагоддзя — кандовае маўленне, у якім пераважаюць назоўнікі. Бо нават маладыя і цяпер гавораць: “На сегодняшний день перспективы развития зависят от специфических особенностей ...” . Або “произошел зацеп хвоста самолета”... Падобны чыноўна-бюракратычны жаргон часта гучыць з тэлеэкранаў і чытаецца на старонках газет. Праўда, усё радзей, бо не можа адукаваны сучаснік губляць сваю маўленчую энергію на пустаслоўе. А назоўнікі пераважаюць з часоў, калі трэба было кляйміць ворагаў. Адтуль родам празмерная ацэначная лексіка... А вынік для грамадства, мякка кажучы, дрэнны. Бо дэфармацыя маўлення прыводзіць да дэфармацыі мыслення. Склалася такая тэндэнцыя: амаль ад кожнага дзеяслова можна ўтварыць назоўнік. Ён валодае вялікай абагульняльнай сілай. Герцэн у творы “Былое і думы” піша: “Назвы — страшэнная рэч. Жан Поль Рыхтэр гаворыць надзвычай дакладна, калі дзіця падманвае, напужайце яго дрэнным дзеяннем, скажыце, што падмануў, але не гаварыце, што ён — падманшчык...”. Дзеяслоў проста канстатуе дзеянне, працэс і дае шанц выправіць сітуацыю, назоўнік жа ставіць кляймо. І бойся, што чалавек такім абавязкова стане... Зараз ідзе адваротны працэс: ад назоўнікаў утвараюцца дзеясловы. З’явілася слова “спам” — услед дзеяслоў “спаміць”, “чат” — “чаціць”. Мы маем дэмакратызацыю маўлення, а значыць, і мыслення. Я не скажу, што працэс глабальны, але тое, што мова выроўнівае гэты дысбаланс, ужо відавочна. — А ці не звядзецца гэта “выроўніванне” да панавання “олбанскай” мовы, якая наогул ні на што не падобная? — Я спакойна стаўлюся да маўлення сённяшняй моладзі. Кожнаму часу характэрны свой маўленчы густ. Мушу адзначыць, што чалавек ніколі так часта і шмат не пісаў, як піша сучаснік. Блогер, чацер, аўтар уласнага сайту павінен пісьмова фармуляваць свае думкі, а значыць выяўляцца праз слова. З’яўляюцца новыя элементы мовы — тыя ж “смайлікі”, напрыклад. Адбываецца эканомія маўленчых намаганняў. І наўрад ці хто дашле “эсэмэску” каханай: “Дорогая, на сегодняшний день потенциальные возможности не позволят с тобой встретиться”... Сучаснае маўленне ўжо не цярпіць такіх выкрутасаў, як “актуальные проблемы”, “монументальный памятник”, “сегодняшний день”, “подскочить вверх”, “топнуть ногой” (нібы можна падскочыць уніз ці тупнуць рукой). Спадзяюся, ад гэтага таўталагічнага смецця ў будучым пазбавімся... Маладыя думаюць больш рацыянальна, і, магчыма, мы хутка будзем усур’ёз разважаць, лічыць “смайлік” знакам прыпынку і ці пісаць пасля яго “у” нескладовае... Што ж датычыцца “олбанскай” мовы... Ніякай новай мовы інтэрнэт не прыдумвае. Бо мова — жывы арганізм, мову стварае народ, і мова цалкам падуладная яго інтэлекту. У інфармацыйную эпоху менавіта СМІ, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі становяцца рэгулятарам і вымяральнікам сутнасці духоўнага сталення людзей. Можна сказаць, сумленнем. Грамадства праходзіць хваробу росту, яно пасля шаблону, стандарту, аднастайнасці маўлення і мыслення дваццатага стагоддзя атрымала пэўную маўленчую разняволенасць, што датычыць перш за ўсё рускай мовы. Чалавек раней мог гучна мацярыцца пад плотам, і яго чула вуліца, то зараз яго можа пачуць уся планета. Толькі выкладзі сваю лаянку ў блог, твітэр. Якая будзе рэакцыя мільёнаў? У большасці выпадкаў — абуральная. Так што ў інтэрнэт-маўленні трапляецца і пустазелле, але ж больш трапляюцца ружы. — І ўсё ж, што супрацьпаставіць моўнаму “пустазеллю”, каб яно не стала прыкладам для пераймання? — Не трэба шукаць нейкага антаганізму. Каб пустазелле не запаланіла, не заглушыла ружу, трэба проста яе даглядаць. Трэба пачаць з сябе, і тады ўсё атрымаецца. Гутарыла
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рубрыка “Пішам па-беларуску”, якая з’явілася на старонках нашай газеты адразу пасля прыняцця новай рэдакцыі беларускага правапісу, была надзвычай папулярная ў...
|
|