Калі лес у небяспецы
11.07.2012
—
Новости Общества
|
Лётчык-назіральнік Уладзімір Ганчароў і пілот верталёта МІ-2 Дзяніс Зайцаў (на фотаздымку) ратуюць беларускую прыроду ад агню. У летнюю спякоту іх праца надзвычай важная і пачэсная. Як, дарэчы, і іншых спецыялістаў дзяржаўнага прадпрыемства "Беллесавія". Паветраная ахова лясоў Беларусі адсочвае пажаранебяспечныя рэгіёны, вартуе нацыянальныя паркі і заказнікі, выяўляе нават дробныя ўзгаранні, якія могуць нанесці прыродзе і народнай гаспадарцы непапраўныя страты. За апошнія 8 спякотных дзён гэты экіпаж выявіў шэсць сур'ёзных узгаранняў, якія былі хутка ліквідаваны і не ўчынілі вялікай бяды. Свае палёты экіпаж выконвае з Маладзечанскай авіябазы і кантралюе надзвычай важныя экалагічныя і прыродаахоўныя аб'екты — Нацыянальны парк "Нарачанскі" і ландшафтны заказнік "Налібоцкі", больш вядомы як Налібоцкая пушча, робяць фотафіксацыю. Вось і гэтае фота пажару зроблена Уладзімірам Ганчаровым. За некалькі хвілін да чарговага палёту Д. Зайцаў і У. Ганчароў абмяркоўваюць маршрут палёту. Але гэты маршрут можа змяніцца і працягнуцца больш за 500 кіламетраў, прычым доўжыцца да трох з паловаю гадзін замест дзвюх. Усё залежыць ад наяўнасці і характару ўзгаранняў. Але пілотам і не прывыкаць. Пакуль будзе доўжыцца спёка, палёгкі паветраным лесапатрулям не прадбачыцца. Згодна са зводкамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, з пачатку ліпеня ў Беларусі адбылося каля 30 лясных узгаранняў, зафіксаваных паветранай службай аховы лясоў. З пачатку пажаранебяспечнага сезона — ужо каля сотні. А колькі яшчэ выяўлена розных пажараў, якія наносяць шкоду прыродзе і здароўю людзей, як, напрыклад, гарэнне звалак і бытавога смецця! Найбольш небяспечнымі ў гэтым плане застаюцца паўднёвыя рэгіёны краіны. Тут шмат узгаранняў выяўлена экіпажамі Мазырскай авіябазы. Найчасцей вогненныя ачагі ліквідуюцца наземнымі сіламі МНС. Але без пажарна-дэсантнай групы невялікія лакальныя ўзгаранні маглі б ператварыцца ў сапраўднае бедства. Раман Баравік і Валянцін Раманаў (на фотаздымку) працуюць у Гомельскім авіяаддзяленні "Беллесавія". Падымаючыся ў неба разам з лётчыкамі-назіральнікамі, ім ці не штодня даводзіцца сам-насам змагацца з агнём у лясных гушчарах і на балотных сушняках, тарфяніках, сельгаспалах, лесасеках, месцах збору грыбоў і ягад. Больш за тое, неаднойчы даводзілася ім ратаваць ад агню жылыя пабудовы і цэлыя населеныя пункты. Узброеныя балонамі з вадою і рыдлёўкамі, гэтыя смелыя хлопцы ўпэўнена стрымліваюць вогненную стыхію. Сёлета толькі аднымі сіламі паветраных пажарных дэсантнікаў ліквідавана больш за 30 лясных ачагоў. — Прайшоўшыя лакальныя дажджы прынеслі прыродзе і нашай службе невялікую палёгку. Але ці надоўга? — перапытвае старшы інспектар лётна-інспектарскай службы "Беллесавія" Анатоль Кротаў. — Але якое б надвор'е ні было, мы заўсёды знаходзімся ў рэжыме высокай гатоўнасці. Анатоль Трыфанавіч паведаміў, што найвышэйшы клас пажаранебяспечнасці — 4-ы — застаецца цяпер у Лельчыцкім і Столінскім раёнах. На іх у першую чаргу і скіравана ўвага паветранай аховы. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лётчык-назіральнік Уладзімір Ганчароў і пілот верталёта МІ-2 Дзяніс Зайцаў (на фотаздымку) ратуюць беларускую прыроду ад агню. У летнюю спякоту іх праца надзвычай...
|
|