Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

14.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзентуем аўтарскую калонку гісторыка і палітолага, галоўнага рэдактара часопіса "Беларуская думка" Вадзіма ГІГІНА.

Каментарыі да матэрыялу можна дасылаць на электронную скрыню gіgіn@bеltа.bу або на адрас рэдакцыі газеты "Звязда".

У нас. Як сказаў ці то Казьма Пруткоў, ці то Рыгор Горын, жыццё ў горадзе пачынаецца тады, калі ў яго ўваходзяць гусары. Так і палітычнае жыццё ў краіне ажывае, калі абвешчаны выбары. Дата нашых парламенцкіх выбараў вядомая — 23 верасня. І ньюсмейкеры пачынаюць выдаваць адну навіну за другой на гэту гарачую (хоць і не такую спякотную, як цяперашняе лета) тэму.

Старшыня і сакратар беларускага Цэнтрвыбаркама, Лідзія Ярмошына і Мікалай Лазавік, атрымалі запрашэнне ад Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) прыняць удзел у міжнароднай канферэнцыі "Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі", што адбылася ў Вене 11-13 ліпеня. Пікантнасць сітуацыі заключаецца ў тым, што абедзве паважаныя асобы ўваходзяць у сумна вядомы "чорны спіс" ЕС. Цяжка ўявіць, што ў Вене нічога не ведалі пра санкцыі. Тым больш што літаральна ў гэтыя ж дні, 7 ліпеня, Парламенцкая асамблея АБСЕ прыняла чарговую антыбеларускую рэзалюцыю. Адкуль жа ўзялося такое запрашэнне? У чым справа? А ў вялікай верагоднасці таго, што Беларусь магла б не запрасіць назіральную місію АБСЕ ці перапыніць яе працу падчас выбараў. І гэта быў бы вельмі непрыемны крок для самой арганізацыі. Ужо неаднойчы назіральнікаў ад АБСЕ абвінавачвалі ў неаб'ектыўнасці і заангажаванасці. А ў студзені гэтага года прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў пасля парламенцкіх выбараў у сваёй краіне ўвогуле выказаў сумненні наконт мэтазгоднасці існавання такой арганізацыі ў сучасным выглядзе. Таму магчымы беларускі інцыдэнт мог бы стаць калі не смяротным, то надта балючым ударам па АБСЕ. Адсюль і вельмі ветлівае запрашэнне — санкцыі санкцыямі, а палітыка палітыкай.

Амаль адначасова з гучнай заявай выступілі беларускія прафсаюзы. Увогуле, палітычная актыўнасць ФПБ расце літаральна на вачах. Летась у разгар фінансавага крызісу кіраўнікі Федэрацыі неаднойчы даволі рэзка выказваліся на адрас урада наконт заработнай платы працаўнікоў. А ў 2012 распачалі сапраўдны "крыжовы паход" супраць тых, хто заклікае да эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. Старшыня ФПБ Леанід Козік выказаўся вельмі жорстка: "Тым, хто адкрыта выступае супраць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а значыць, і супраць працоўных, заклікае да байкоту беларускіх тавараў на еўрапейскіх рынках, патрабаваў увядзення санкцый у дачыненні да нашай краіны, не месца ў парламенце. ФПБ прыкладзе ўсе намаганні, каб не дапусціць такіх людзей да законатворчай дзейнасці". Коратка і зразумела! Акурат пад дых тым, хто збіраўся байкатаваць выбары. Аказваецца, байкот можа быць і такім. Як той казаў, адчуйце розніцу.

Вакол нас. Планета, як заўжды, бурліла і бурліць. Вайна ў Сірыі, новыя скандальныя законы ў Расіі, якія былі адсунуты на другі план жудаснай паводкай на Кубані. Але ў гэты раз хацелася б засяродзіць увагу на тым, што адбывалася ў суседняй Украіне. Моўнае пытанне зноў падзяліла краіну. У пачатку 90-х ішлі спрэчкі, калі ўводзілі адзіную дзяржаўную мову — украінскую. Зараз схамянуліся і вырашылі ўраўнаваць правы нацыянальных меншасцяў. У час абмеркавання закона аб мовах Украіна пабачыла ўвесь арсенал сваіх палітыкаў: звароты ў суд, бойкі ў зале Вярхоўнай Рады і каля яе сцен, галадоўкі. Не засталося ніводнага грамадскага дзеяча, які б не выказаўся наконт мовы. Голас супраць закона падала нават з-за крат Юлія Цімашэнка. Аднак, нягледзячы на ўсю вастрыню палемікі, Вярхоўная Рада 3 ліпеня ўсё ж прыняла закон. Справа ў тым, што ўжо некалькі выбарчых кампаній запар Партыя рэгіёнаў, якая мае большасць у парламенце, абяцала сваім выбаршчыкам, што будзе дамагацца дзяржаўнага статусу для рускай мовы. Ды ўсё адкладвала і адкладвала вырашэнне гэтай праблемы, прадчуваючы нялёгкую барацьбу. І вось цяпер, напярэдадні парламенцкіх выбараў, адцягваць ужо стала немагчыма. Для аднапартыйцаў Віктара Януковіча склалася сітуацыя, пра якую некалі сказаў Ленін: "Учора было рана, заўтра будзе позна". Але апазіцыя, якая ў значнай ступені абапіраецца на нацыяналістычны Захад, не збіраецца ісці на саступкі. Яе прадстаўнікі ўжо заявілі, што звернуцца ў Канстытуцыйны суд.

Дарэчы, сам закон даволі памяркоўны. У тых абласцях Украіны, дзе нацыянальныя меншасці (а гэта не толькі рускія, але і татары, і венгры, і палякі, і армяне — па розных падліках ад 13 да 30 нацыянальнасцяў) складаюць не менш за 10 % насельніцтва, разам з украінскай можа выкарыстоўвацца і мова гэтых народаў у якасці афіцыйнай.

На самой справе, пытанне, безумоўна, не толькі ў мове. Улады не могуць пахваліцца поспехамі ў эканоміцы, а апазіцыя не можа прапанаваць пераканаўчую альтэрнатыву. Таму моўнае пытанне і стала цэнтральным. І як тут не прыгадаць, што ў Беларусі, дзякуй Богу, гэтую праблему вырашылі яшчэ вясной 1995 года, калі ўвялі двухмоўе!

З мінулага. Пачатак ліпеня быў багаты на гістарычныя даты. І хоць менавіта на яго прыпала галоўнае свята краіны — Дзень Незалежнасці, для кожнага беларуса асаблівым стала 7 ліпеня, калі споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння Івана Дамінікавіча Луцэвіча — Песняра. Было тры волаты беларускай літаратуры перыяду адраджэння, які смела можна назваць нашым "сярэбраным векам": Максім Багдановіч, Якуб Колас, Янка Купала. Але так здарылася, што менавіта Купала стаў яго вобразам, нават сцягам. Магчыма, менавіта таму, што ён напісаў "А хто там ідзе?", "Мая малітва", "Гэта крык, што жыве Беларусь" і "Спадчына". Хтосьці зараз пакрывіць твар: "Усё як са школьнай хрэстаматыі". Так, Купала стаў хрэстаматыйным, як Пушкін для Расіі, Шаўчэнка для Украіны альбо Міцкевіч для Польшчы. І ўсё ж ён не стаў ад гэтага менш жывым, менш нашым, менш Песняром. Бо хто як не ён адчуў усе перакрыжаванні, складанасці беларускай самасвядомасці і выклаў іх самаіранічна, з болем у сваіх "Тутэйшых". Для кожнага Купала розны. Як розным быў ён і пры жыцці. Быў час, калі не пісалася, быў час, калі пісаўся і такі верш як "Да працэсу над бандай трацкістаў-дыверсантаў", што пачынаўся радком: "Мала іх павесіць на сухой асіне". Ці рабіў гэта шчыра? Цяжка адказаць, бо калі б усё было шчыра, то не было б спробы самагубства, і не пайшоў бы з жыцця так, як пайшоў. І нават такі сыход, нават спрэчкі вакол таго, забойства ці самагубства — усё гэта таксама прыкметы і вялікага дару, і вялікага значэння асобы. Як спяваў іншы вялікі паэт Уладзімір Высоцкі: "Кто кончил жизнь трагически, тот истинный поэт". Але я ўпэўнены, што той жа верш "Беларускім партызанам", жорсткі, палымяны, Купала пісаў шчыра. Мо таму мы так і любім нашага Песняра, што ён у той час, калі яшчэ свет не ведаў, хто яны, гэтыя невядомыя людзі — беларусы, увасобіў у сваёй постаці ўсе добрыя і дрэнныя рысы нашага нацыянальнага характару? І не толькі ўвасобіў, але і выказаў, зноў жа ўсяму свету. Так, у кожнага свой Купала. Але я, калі сумна ці надыходзіць настрой, які называюць паэтычным, перачытваю чамусьці яго "Явар і каліну" ці "Я люблю". Дарэчы, у апошняга верша таксама юбілей — Купала напісаў яго роўна стагоддзе таму.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзентуем аўтарскую калонку гісторыка і палітолага, галоўнага рэдактара часопіса "Беларуская думка" Вадзіма ГІГІНА. Каментарыі да матэрыялу можна дасылаць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика