Сама сабе метэаролаг. 21.by

Сама сабе метэаролаг

19.07.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жнівень будзе цёплы і сухі. Якраз для жніва, бо чакаецца надзвычай добры ўраджай збожжавых. Затое восень, вельмі верагодна, будзе мокрай, а маразы пачнуцца ў снежні. Такі прагноз зрабіла Тамара Гаранінава, жыхарка аграгарадка Свяцілавічы ў Бялыніцкім раёне, паводле народных прыкмет.

Вызначальныя Каляды

Што рыхтуе надвор'е, прынамсі ў Свяцілавічах, могуць даведацца ўсе цікаўныя мясцовыя людзі. Не са сродкаў масавай інфармацыі, а з першых вуснаў. Тут уласную, так бы мовіць, метэанезалежнасць забяспечвае адна разумная і назіральная жанчына. "Хобі" Тамары Гаранінавай — звязаныя з прыродай старажытныя прыкметы. Яна  — народны метэаролаг.

Аднойчы маці расказала ёй, як можна вызначыць надвор'е на ўвесь будучы год. Аказваецца, што 12 дзён на мяжы старога года і новага, ад каталіцкіх да праваслаўных Каляд, якраз і даюць дасведчанаму чалавеку магчымасць зрабіць доўгатэрміновы прагноз.

— Гэта такая крыху містычная гісторыя, — расказвае Гаранінава. — Аднойчы маці ў аўтобусе пазнаёмілася са старым чалавекам, які шмат ведаў аб прыродзе і жыцці чалавека ў ёй. Ён і расказаў пра гэтую калядную прыкмету. Кожны з 12 дзён ад 26 снежня да 6 студзеня вызначае надвор'е ў кожным месяцы наступнага года — паводле аналогіі. Я зацікавілася, стала сама назіраць, і шмат чаго спраўджваецца. Прырода нібыта дае нам падказкі.

Бяроза раскажа пра зіму

Цяпер праверыць гэта ёсць магчымасць і ў чытачоў "Звязды". А можа, і паспрабаваць самастойна зрабіць прагноз?

— Вось вам першая дакладная прыкмета, — пачынае Тамара Аляксееўна. — Калі ўвосень бяроза ўся жаўцее адначасова  — значыць, зіма будзе аднолькавая. Калі жаўцее спачатку ўнізе, то першая палова зімы чакаецца асабліва халоднай. Калі сярэдзіна  — апраўдае сваю назву люты. Калі верхавіна — канец зімы будзе суровы, вясны і цяпла давядзецца пачакаць.

Бярозы на тэрыторыі Свяцілавіцкага сельскага цэнтра культуры, які шмат гадоў узначальвае Тамара Аляксееўна, нягледзячы на ліпень, ужо пачынаюць мяняць колер лісця. Толькі, здаецца, яно не жаўцее, а з-за спякоты становіцца сухім. Калі прыкмета дзейнічае, то сапраўды пачатак зімы не павінен быць у сумным "восеньскім" стылі, які надакучыў усім у мінулым сезоне.

— Я людзям казала, што май і чэрвень будуць мокрымі, а ліпень чакаецца цёплы, з невялікімі дажджамі, — расказвае народны метэаролаг. — І гэта праўда! Аднак трэба ведаць, што дзеянне прыкмет распаўсюджваецца на тую мясцовасць, дзе яны назіраюцца. Глядзіце вакол і рабіце высновы!

Спякоты не будзе

Вельмі спякотныя дні і нават тыдні назіраюцца (і перажываюцца) у Беларусі ўжо не першы год. Якім жа будзе працяг цяперашняга лета? Гаранінава лічыць, што жнівень будзе цёплы і сухі, а надзвычайна высокіх тэмператур нам больш не давядзецца адчуць.

— Ну, можа толькі ў жніўні некалькі дзён каля 30 градусаў, і тое наўрад ці, — гаворыць яна.

Тут пашанцуе сялянам: надвор'е будзе спрыяць паспяховай уборачнай кампаніі. Тым больш што ўраджай павінен быць добры дзякуючы мокраму пачатку лета.

— Гэта ўсё працягнецца, паводле прыкмет, да 10-12 верасня, а потым прыйдзе сырасць, — гаворыць Тамара Аляксееўна. — А сваю ўпэўненасць наконт снежаньскіх маразоў я таксама магу растлумачыць: які дзень быў 3 чэрвеня — такім будзе і 3 снежня. У нас 3 чэрвеня быў дождж і нават град. Таму 3 снежня будзе падаць снег, такімі крупкамі. Вось запомніце, потым праверыце мой прагноз.

Зімовая вішня

Хто толькі і як толькі ні жартаваў над метэапрагнозамі! Хто з нас не ведаў, злавацца ці смяяцца (другі варыянт лепшы), калі ў аб'яўлены абсалютна сонечным дзень ішоў праліўны дождж? А хто не праводзіў свой дзень, млеючы ад спякоты, але з нязграбным і цяжкім парасонам у руках у поўнай адпаведнасці з прагнозам? Звычайныя жыццёвыя справы!

Надвор'е — капрызнае, цяжка прадказальнае, тым больш у наш час кліматычных змяненняў і катаклізмаў. Цяпер цяжка меркаваць, што рыхтаваць на зіму — валёнкі альбо гумавыя боты, і ці трэба выязджаць у паўднёвы рай улетку, каб добра загарэць.

Доўгатэрміновыя прагнозы, зробленыя спецыялістамі і разлічаныя сучаснай тэхнікай, усё ж такі здаюцца часам даволі цьмянымі. Ці працуюць у такім разе народныя прыкметы? Тамара Гаранінава ўпэўнена, што так, сапраўды працуюць.

Напрыклад, яна добра ведае, што пакуль не ўпадзе апошняе лісце з вішні, зіма не пачнецца. Летась зіма спазнілася — лісце на вішні трымалася вельмі доўга.

Вячэрняе кукарэку

Каля будынка цэнтра культуры — зялёны газон, клумбы з кветкамі, зробленыя сваімі рукамі садовыя скульптуры. Разам з карыснымі для здароўя чалавека прыгажунямі-эхінацэямі прытуліліся і добра знаёмыя наготкі.

— Калі кветкі цяпер закрытыя, то будзе дождж, — Тамара Аляксееўна глядзіць на хмарнае неба.

Змены ў надвор'і лепей за ўсё прадчуваюць жывёлы. Гаранінава мае вялікую падсобную гаспадарку, таму назірае за гэтым штодня. Напрыклад: калі дома сабакі і каты кладуцца, выцягнуўшыся — будзе цёпла, а клубком — холадна. А калі ўвечары ў вёсцы пачынаюць кукарэкаць пеўні, то абсалютна дакладна, незалежна ад пары года, можна чакаць хуткую перамену надвор'я.

Тамара Аляксееўна вядзе назіранні больш за 15 гадоў, але пры гэтым не мае ні шматка паперы: аматарка матэматычных дысцыплін нічога не запісвае, але добра запамінае.

— Вы ведаеце, што ў нас ёсць два святы Юр'я: 9 снежня — восеньскі і 6 мая — веснавы. Колькі снегу будзе ляжаць на восеньскага Юр'ю, столькі травы вырасце на веснавога. Калі снегу не будзе ўвогуле, то трава можа вырасці, але май усё роўна будзе вельмі халодны.

Будуць бялыніцкія апенькі

— Калі ўвосень да 25 лістапада лёг снег і праляжаў да 1 снежня, то ён, хутчэй за ўсё, яшчэ растане, і столькі дзён яшчэ не будзе зімы. На Пакровы 14 кастрычніка можна вызначыць зіму па напрамку ветру: паўднёвы — цёплая, паўночны — суровая.

— Можна карыстацца і зорным небам, — працягвае Гаранінава. — Яшчэ ў студзені можна меркаваць, ці будзе ўраджайны год на дары лесу. Калі з 6 на 7 студзеня на небе шмат зорак, то будуць раннія ягады (суніцы і чарніцы), а таксама грыбы-лісічкі. Калі неба зорнае з 13 на 14 студзеня — чакайце шмат маліны, брусніц, баравікоў, абабкаў. Калі зоркі парадавалі вас у ноч з 18 на 19 студзеня — рыхтуйцеся да грыбной кампаніі ўвосень. Сёлета, магу зрабіць справаздачу, мы не чакаем шмат баравікоў, затое восеньскія апенькі парадуюць грыбнікоў.

— Гэта да надвор'я не мае дачынення, але да жыцця чалавека напэўна: каля вашага дома абавязкова трэба пасадзіць два дрэвы — бярозу, каб аберагала ад бедаў і няшчасцяў, і таполю — як адвод маланкі. Гэта таксама старажытная народная прыкмета.

Старажытныя прыкметы працуюць

Метэаталент Тамары Аляксееўны адкрыты для людзей. Яна сваіх назіранняў не хавае, усё расказвае і атрымлівае задавальненне, калі прыкмета спраўджваецца.

— Аднойчы быў выпадак з сенакосам, — узгадала Гаранінава. — Вы ж ведаеце, што сялянам даюць участкі, каб яны мелі сена на пракорм жывёлы. Гэтым разам далі іх у двух месцах: у адным паспелі ўбраць, у другім — не паспелі, крыху спазніліся. Я тады сказала: 17 ліпеня пойдзе дождж і сенакос сапсуецца. Так і атрымалася.

Свае сакрэты яна вырашыла пакінуць у спадчыну дзецям. Яны, аднак, пакуль не вельмі цікавяцца старажытнымі ведамі. Аднак, можа, яны калі-небудзь і будуць дарэчы?

— Прырода будзе мяняцца, калі пачнуцца кліматычныя катаклізмы — могуць і нас захапіць, — мяркуе Тамара Аляксееўна.

Парушэнні экалогіі прымушаюць людзей пільна ўглядацца ў навакольнае асяроддзе, каб абараніць сябе ад катаклізмаў. У гэтым сэнсе Тамара Гаранінава — не адзіная ў Бялыніцкім раёне з людзей, якія цікавяцца прыродай і прыкметамі. Ёсць яшчэ Артур Вільнеўскі, жыхар вёскі Глыбокі Брод. Ды і бялыніцкіх краязнаўцаў вельмі цікавіць гэтая частка жыцця чалавека, якая цяпер стала надзвычай актуальнай.

Нездарма ў журналістыцы ёсць тры класічныя тэмы, якія будуць найперш актуальнымі і цікавымі для людзей ва ўсе часіны: разам са здароўем і грашыма гэта — надвор'е. Цёплага вам лета, прыгожай восені і сапраўднай зімы!

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Бялыніцкі раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жнівень будзе цёплы і сухі. Якраз для жніва, бо чакаецца надзвычай добры ўраджай збожжавых. Затое восень, вельмі верагодна, будзе мокрай, а маразы пачнуцца ў снежні....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика