Інтэрнат: інструкцыя па эксплуатацыi. 21.by

Інтэрнат: інструкцыя па эксплуатацыi

01.08.2012 12:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Інтэрнат: інструкцыя па эксплуатацыi

           


Кажуць, што сапраўдным студэнтам становiшся, калi здасi першую сесiю. Насамрэч, смак студэнцкага жыцця ў поўнай меры адчуваеш, пажыўшы ў iнтэрнаце. Тут ты размяркоўваеш бюджэт, гатуеш ежу i самадысцыплiнуешся. У цябе з'яўляецца шмат знаёмых, i самае галоўнае, новыя суседзi па пакоi. Каб у новай атмасферы адчуваць сябе свабодна i ўтульна, давайце разбяромся з асаблiвасцямi жыцця ў такiм месцы.

У якiм iнтэрнаце лепш?

Сярод студэнцкiх iнтэрнатаў БДУ вылучаюць iнтэрнаты кватэрнага, блочнага i калiдорнага тыпаў, а таксама сямейны iнтэрнат. Яны адрознiваюцца памiж самой умовамi жыцця i коштам.

Да кватэрнага тыпу адносяцца iнтэрнаты № 1, №10 i №11. У чым iх асаблiвасць? Умовы жыцця найбольш прыблiжаныя да кватэры. Так, на 5-6 чалавек выдзелены душавая, санвузел i кухня. Усё знаходзiцца пад рукой. У жылым пакоi ў кожнага студэнта ёсць свой ложак, стол, стул, шафа i тумбачка. Акрамя таго, у некаторых iнтэрнатах ёсць iнтэрнэт-класы, пакоi для самападрыхтоўкi i актыўнага адпачынку, чытальныя i спартыўныя залы.

"Два гады ў "дзясятцы" не забудуцца нiколi, — расказвае Ганна, былая жыхарка iнтэрната №10. — Я не ведаю, чым прываблiвае гэта месца так, што потым сумуеш па перапоўненым транспарце, вельмi халодным зiмой "Г"-корпусе, перыядычным адключэннi электрычнасцi... Зусiм выпадкова мяне засялiлi с дзяўчынай, якая ў мiнулым была вучанiцай маёй матулi. У блоку ўвогуле ўсе былi старэйшыя за мяне — i гэта вельмi дапамагала ў вучобе. Мы так пасябравалi, што разам святкавалi днi народзiнаў. Асаблiвасцю "дзясяткi" з'яўляецца тое, што яна нiколi не спiць! Практычна да любога чалавека ты можаш прыйсцi i ў гадзiну, i ў дзве ночы — i гэта ўспрымаецца нармальна. Ды i суседства са студэнтамi факультэта радыёфiзiкi вырашала любыя праблемы з камп'ютарам. Па такiм жыццi я сумую i зараз, i, як мне здаецца, нiколi сумаваць не перастану".

Здаецца, усё добра, аднак вось што расказвае жыхарка iнтэрната №11 Кацярына: "Безумоўна, у "адзiнаццатым" не так цесна, як скажам, у "тройцы". Я жыла ў двухмесным пакоi, месца хапала. Таксама значны плюс — наяўнасць тэлефона: не трэба бегчы па кожным пытаннi, а дастаткова патэлефанаваць. Аднак, на жаль, ёсць i мiнусы. У першую чаргу, гэта той факт, што зачыняюцца толькi дзверы ў агульны блок, г.зн. што ў дзвярах самога жылога пакоя замка няма, таму баiшся пайсцi куды-небудзь, бо суседкi часам забываюць замыкаць блок. Таксама немагчыма закрыцца ў душавой i прыбiральнi. Да мяне некалькi разоў "ламiлiся" ў душ з праверкай санiтарнага стану блока, прычым не толькi дзяўчаты, але нават i хлопцы. Яшчэ мiнусам з'яўляюцца вельмi тонкiя сцены i, як вынiк, добрая чутнасць. Я, напрыклад, жыла на трэцiм паверсе, аднак добра чула, калi на дзявятым хтосьцi перасоўваў крэсла. Зiмой даволi холадна, бо ў пакоi шмат вялiкiх i малых шчылiн. Яшчэ ад iнтэрната далёка i нязручна кудысьцi дабiрацца, бо вакол iдзе будоўля, усё перакапана".

Будынкi блочнага тыпу — гэта iнтэрнаты №2, №3, №7. Адрознiваюцца ад папярэднiх тым, што тут кухня ўжо агульная на паверх. Звычайна ў ёй знаходзiцца ад 4 да 8 электрычных плiт, i стол. Чэргаў на гатаванне ежы нiколi не бывае, бо ў студэнтаў даволi розныя графiкi: адны вучацца ў першую змену, другiя — у другую, таму кухоннага агрэгата хапае на ўсiх. На кожным паверсе ёсць пакой самападрыхтоўкi. У некаторых iнтэрнатах ёсць пакой для гульнi ў настольны тэнiс i бiльярд, чытальная i актавая залы, пакой для iмянiннiка, вiдэасалон.

"У "сямёрцы" я пражыла менш за паўгода, аднак падобных уражанняў не атрымлiвала больш нiдзе, — расказвае Iзольда. — У блоку разам са мной жылi тры кiтаянкi. Шчыра кажучы, кiтайская культура мне нiколi не была цiкавая, але тут — хочаш не хочаш, але яна стала часткай майго жыцця. Я люблю кулiнарыць, i кiтаянкi не толькi частавалi мяне, але i вучылi гатаваць нацыянальныя стравы. Канешне, культурныя адрозненнi былi грандыёзныя, асаблiва, гэта тычылася бытавых аспектаў. Напрыклад, дзяўчаты не выключалi святло як у пярэднiм пакоi, так i ў душавой. Спачатку мяне гэта турбавала, але пасля я даведалася, што ў Кiтаi цемра — гэта нешта вельмi дрэннае, таму з яе наступленнем уключаецца святло ва ўсiм доме. Дарэчы, да добрага хутка прывыкаеш. "Семка" мяне вельмi распесцiла. Узяць хаця б месцазнаходжанне iнтэрната. Да цэнтра горада — хвiлiн дваццаць пехатою, пяць хвiлiн да метро. Да вучобы цi працы дабрацца — не больш за паўгадзiны трэба".

У iнтэрнатах калiдорнага тыпу (№5 i №6) умовы далёкiя ад прывычных. У вашым асабiстым распараджэннi толькi пакой, у якiм жывуць тры чалавекi. Кухня i санвузел знаходзiцца на кожным паверсе, а душавая ўвогуле на першым паверсе, i разлiчана яна на ўсiх жыхароў iнтэрната, таму вельмi часта можна назiраць чэргi ў гэты пакой. Ды i не зусiм прыемна з мокрай галавой праходзiць каля вахты. Аднак, як i ў iншых студэнцкiх iнтэрнатах, тут знаходзяцца пакоi для заняткаў i актыўнага адпачынку, чытальная зала i вiдэасалон.

"У "пяцёрцы" жылося вельмi добра, — расказвае пра iнтэрнат №5 Карына. — Самы вялiкi плюс маленькiх iнтэрнатаў заключаецца ў тым, што тут заўсёды вельмi цёплая сяброўская атмасфера. Таксама варта адзначыць добрых сацыяльных педагогаў. А якiя вясёлыя мерапрыемствы праходзiлi! Самае класнае — гэта прымаць у iх удзел, ды i ў якасцi гледача таксама цiкава! Мiнусы, вядома ж, ёсць. Ну, напрыклад, тое, што на ўвесь iнтэрнат толькi дзве душавыя — жаночая i мужчынская, прыбiральнi i ўмывальнiкi таксама агульныя на паверх. Не вельмi ўтульна было i з-за таго, што ў пакоi жылi па 4 чалавекi, а значыць, не заўсёды хапала месца. Аднак гэтыя мiнусы кампенсавалi сяброўскiя стасункi".

У сямейным iнтэрнаце №8 жывуць маладыя студэнцкiя сем'i, а таксама супрацоўнiкi БДУ. Асаблiвасць такога пражывання заключаецца ў асноўным у тым, што ў адным пакоi жыве адна сям'я. Таксама, у параўнаннi з iншымi iнтэрнатамi, тут знаходзiцца дзiцячы пакой i пакой сямейнага савета, а таксама калясачная.

Ад сесii да сесii жывуць студэнты весела...

Незаменным аспектам жыцця студэнта ў iнтэрнаце, з'яўляюцца рознага роду забавы. Напрыклад, "дзясятка" славiцца сваiмi ўсяночнымi дыскатэкамi i Днём чырвонай цэглы (гэта калi жыхары iнтэрната святкуюць дзень нараджэння любiмага будынка). Амаль кожны iнтэрнат мае сваю каманду па гульнi ў "мафiю". Часам у пакоi збiраецца больш за 20 такiх аматараў. "Мафiя" — гэта як наркотык, — расказвае Аляксандр, жыхар iнтэрната №2. — Калi табе спадабалася ў першы раз, то ты будзеш iмкнуцца гуляць зноў i зноў. Акрамя таго, гэтая гульня — адзiн з варыянтаў знаёмства. Гуляючы, ты вывучаеш чалавека, сочыш за яго жэстамi i позiркам. Гэта вельмi цiкава!"

Акрамя неафiцыйных мерапрыемстваў, праводзяцца розныя канцэрты i конкурсы спецыяльна для жыхароў iнтэрнатаў, якiя арганiзоўвае Студэнцкая творчая лабараторыя студгарадка БДУ.

— Галоўная задача студэнцкай творчай лабараторыi — арганiзаваць вольны час жыхароў iнтэрнатаў БДУ, — расказвае яе старшыня Ксенiя Гiбеж. — Разам са студгарадком лабараторыя распрацоўвае розныя мерапрыемствы, якiя праходзяць як у Лiцэi БДУ, так i ў сценах самiх iнтэрнатаў. Напрыклад, летась мы праводзiлi конкурс прыгажосцi сярод жыхарак iнтэрната "Мiс Вясна", потым такiя мерапрыемствы, як "Зорная пара", "Супермен", "Хостэл-мiкс", "Кубак КВЗ" i iншыя. Гэта аб'ядноўвае жыхароў розных iнтэрнатаў.

Правiлы для ўсiх

Кожны iнтэрнат мае свае правiлы пражывання, аднак i iснуюць такiя, якiя дзейнiчаюць паўсюль. Ведаць iх трэба абавязкова, каб пасля не ўзнiкла праблем. Вось, напрыклад, правiлы, якiя дзейнiчаюць у iнтэрнатах БДУ. Увайсцi сюды пражываючы можа с 6.00 да 24.00. У астатнi час уваходзiць у будынак i выходзiць з яго нельга. Свой час вызначаны i для гасцей. Так, яны могуць прыходзiць з 9.00 да 22.00, а выйсцi — да 23.00. Падчас сесii прайсцi мiма вахцёра могуць толькi студэнты БДУ, а падчас канiкулаў — увогуле толькi жыхары iнтэрнатаў.

Кожны жыхар павiнен адпрацаваць на карысць iнтэрната 40 гадзiн — гэта па 4 гадзiны ў месяц. Вам могуць даць самую розную працу: вымыць шкло, прапалоць клумбы, перабраць паперкi. Усё залежыць ад пары года i наяўнасцi працы ўвогуле. Лепш выканаць гэты абавязак своечасова, таму што могуць узнiкнуць значныя праблемы.

Таксама ў iнтэрнаце нельга курыць, праносiць i ўжываць спiртныя напоi, нелегальна праводзiць людзей i трымаць хатнiх жывёл. За парушэнне гэтых правiлаў могуць не толькi напiсаць заўвагу, але i наогул выселiць.

Ваш пропуск, калi ласка!

Але студэнты не былi б студэнтамi, калi б не спрабавалi "нелегальна" пранiкнуць у iнтэрнат. Якiя толькi спосабы яны не прыдумвалi! "Студэнты — народ хiтры, — расказвае вахцёр аднаго з iнтэрнатаў БДУ. — Яны прыдумляюць самыя розныя спосабы прайсцi да сваiх сяброў. Напрыклад, просяць пропускi ў iншых, спрабуюць упэўнiць, што забылiся дакумент у пакоi... Аднак ужо за першыя два месяцы я добра запамiнаю твары, i калi да мяне падыходзiць чалавек, якога я першы раз бачу, то наўрад цi яму паверу".

Сапраўды, спосабы "прасачыцца" ў iнтэрнат бываюць розныя. Напрыклад, чужы пропуск. Дастаткова толькi знайсцi чалавека, якi хоць трохi падобны на цябе. Трэба паводзiць сябе ўпэўнена i пажадана заходзiць адразу з некалькiмi людзьмi. Другi варыянт называецца "чамадан". Для яго здзяйснення неабходна знайсцi вялiкую сумку на калёсiках. Адышоўшы з ёй ад iнтэрната, дапамагаеце залезцi ўнутр свайму прыяцелю. Затым вяртаецеся... Iснуюць i iншыя спосабы, аднак улiчвайце, што калi вас зловяць, то адразу прыйдзецца шукаць новае месца жыхарства.

Напрыканцы...

З усяго сказанага можна вылучыць наступныя плюсы i мiнусы пражывання ў iнтэрнаце.

Перавагi:

1. Нiзкi кошт за пражыванне ў параўнаннi з кватэрай.

2. Жыццё сярод сваiх. З вамi будуць жыць студэнты, такiя, як i вы. Таму можна пазычыць у iх вучэбны матэрыял цi пагутарыць на агульныя тэмы за чаем.

3. Магчымасць завесцi новыя знаёмствы.

Недахопы:

1. Абмежаваны час уваходу i выхаду.

2. Неабходнасць дзяжурства i адпрацовак.

3. Нiколi не ведаеш, з кiм прыйдзецца жыць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика