Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана
10.08.2012 17:02
—
Новости Общества
|
Камбайнёр у алімпійскім касцюме не глядзеў ніводнай трансляцыі з Лондана Пра Алімпіяду Аляксандр Пугачоў даведаўся толькі, калі яго ўзнагародзілі формай зборнай Беларусі. “Касцюм добра падышоў. З памерам угадалі”, — седзячы за рулём камбайна, распавядае Еўрарадыё механізатар саўгаса “Вараніно” Аляксандр Пугачоў. Каб мабілізаваць людзей на бітву за ўраджай, у Магілёўскай вобласці прыдумалі дарыць ім… алімпійскія касцюмы зборнай Беларусі! Дык што, пытаюся, пра тое, які патрэбны памер, ніхто не пытаўся? “Так, угадалі! І напарніку майму таксама падышоў”, — сам здзіўляецца механізатар таму, як цудоўна пашанцавала. Ажаніцца Пугачоў яшчэ не паспеў, таму пахваліцца абноўкай дома няма перад кім. Хаця камбайнёр і кажа, што ўзрадаваўся алімпійскай форме больш, чым грошам, што з ёй рабіць — не ўяўляе: “На танцы ў ім не пойдзеш, і на афіцыйныя мерапрыемствы не пойдзеш… Ну, так, мабыць, можна выйсці пагуляць!” Але пакуль гуляць няма калі: ад раніцы да позняга вечара камбайнёр працуе ў полі. Аляксандр Пугачоў: “Пакуль дадому, пакуль памыешся, тое-сёе — ужо і 11-я! Так што пакуль часу няма насіць яго”. Часу няма і на тое, каб сачыць за Алімпіядай! Увогуле, пра тое, што ўжо два тыдні праходзяць гульні ў Лондане, камбайнёр даведаўся, калі да яго прыйшлі з алімпійскай формай. Аляксандр Пугачоў: “Ніводнага разу не атрымлівалася паглядзець і нават чуць што-небудзь. Я ж увесь цалкам у працы! Калі ж тут глядзець? Нават прыгадаць пра Алімпіяду часу няма!” Чым яшчэ матывуюць камбайнёраў да працы на жніве? Кіраўнік гаспадаркі “Айчына” Брэсцкай вобласці Уладзімір Бандарэнка хваліцца, што за ўборку камбайнёры атрымліваюць у яго ад 8 да 23 мільёнаў! Падзівіўшыся такому няслабаму заробку, Еўрарадыё вырашае зазірнуць у кішэню рэкардсмена “Айчыны” Фёдара Баслая: “Не, ну гэта яны загнулі, канечне. Нам галоўны спецыяліст па эканоміцы гаспадаркі напачатку ўборачнай папулярна патлумачыў: калі намалоцім па 900 тон збожжа – дык атрымаем заробак у 1 тысячу долараў. Ну, прыкладна столькі гэта і будзе”. Здзіўляецца лічбе ў 23 мільёны і Аляксандр Пугачоў: “Ой, не, у нас такіх вялікіх заробкаў, вядома, не бывае! У нас, мабыць, мільёнаў 7 будзе ўлетку. А ўзімку, калі я працую інжынерам, атрымліваю 2 мільёны”. Шчасліваму ўладальніку алімпійскага касцюма Аляксандру Пугачову нядаўна споўнілася 22 гады. А Фёдар Баслай толькі камбайнёрам працуе ўжо 30 гадоў. Але замест алімпійскага касцюма яго ўзнагародзілі… электрычным чайнікам! “За першае месца па ўборачнай, акрамя заробку, далі прэмію — 2 мільёны рублёў. А за першую тысячу намалочанага збожжа — электрычны чайнік. У нас усім, хто 1 тысячу тон намалаціў, чайнік давалі”, — распавядае Еўрарадыё камбайнёр. Сёлета Баслай намалаціў на жніве 1 тысячу 800 тон. “Калі б прапанавалі выбар: грошы ці алімпійскую форму — я выбраў бы форму. Бо гэта — рэч! На вуліцу я б у ёй не выходзіў: навошта па вёсцы хадзіць у алімпійскім касцюме? Апранаў бы дома”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра Алімпіяду Аляксандр Пугачоў даведаўся толькі, калі яго ўзнагародзілі формай зборнай Беларусі. |
|