Замест неўязнога чыноўніка ў Еўрасаюз не пускаюць яго цёзку
22.08.2012 18:44
—
Новости Общества
|
Замест неўязнога чыноўніка ў Еўрасаюз не пускаюць яго цёзку ![]() У чорным спісе ЕС не хапае звестак, а з аднолькавым імем і прозвішчам можна знайсці дзясятак людзей. "У мяне вялікія праблемы з выездам у Еўрасаюз, - кажа цёзка па імені і прозвішчы гендырэктара БелТА Дзмітрыя Жука. - Але толькі на мяжы, у пасольстве праблем няма. Праблема выехаць. У нас з ім адно прозвішча і нават імя па бацьку адно. На літоўскай мяжы, калі пачынаюць правяраць дакументы, аказваецца, што ў іх дадзеных няма нумара пашпарта". Сапраўды, Еўрарадыё заўважае, што ў чорным спісе Еўрасаюза не на ўсіх чыноўнікаў дастаткова дадзеных. Таму ў людзей з такім самым прозвішчам і іменем узнікаюць праблемы на мяжы. "Калі гэта першы раз здарылася, мяне адправілі назад і не пусцілі ў Літву. Я пачаў скардзіцца і пісаць у міграцыйныя службы Літвы. Мне дасылалі адказы, і толькі з імі я цяпер езджу. А без іх у мяне зноў пачынаюцца праблемы. Цяпер, калі я прад'яўляю ліст, яны мяне хвілін 20 трымаюць, правяраюць і толькі потым адпускаюць. Раней усё было нармальна, 5 хвілін паглядзелі пашпарт і ўсё. Калі я пачаў разбірацца, у мяне была трохмесячная віза. Увесь час пайшоў на разбіральніцтва, ні разу па гэтай візе не выехаў", - кажа негендырэктар БелТА Дзмітрый Жук. Само існаванне чорнага спісу ён лічыць патрэбным толькі ў выпадку, калі чалавек зрабіў злачынства. Пра палітычны падтэкст неўязнога статуса свайго цёзкі раней не ведаў. ![]() Толькі ў базе аднаго з мабільных аператараў - 7 чалавек завуць Жук Дзмітрый Аляксандравіч. 10 Ігараў Кузняцовых і 10 Сяргеяў Воўкавых. Гэтыя ж прозвішчы мы бачым у чорным спісе. Першы ж Сяргей Воўкаў па тэлефонным даведніку адказвае, што ў яго ёсць шэнгенская віза! Ігар Кузняцоў - вядомы беларускі гісторык. У яго таксама гадавы шэнген. Свайго цёзку з чорнага спісу ён добра ведае. "Гэта начальнік Інстытута нацыянальнай бяспекі. У нас нават ініцыялы супадаюць. Я Мікалаевіч, а ён Мікадзімавіч. Тэарэтычна павінны быць праблемы, але я перасякаў мяжу без праблем. Ні разу не было, каб у мяне былі на мяжы праблемы з-за прозвішча", - распавядае гісторык Ігар Кузняцоў. Атрымоўваецца, што з-за недакладных звестак у спісе могуць мець праблемы людзі, якія да яго адносінаў не маюць, як Дзмітрый Жук, і наадварот - атрымаць візу, тэарэтычна, могуць людзі са спісу? ![]() "У чорным спісе дзясяткі імёнаў без нумара пашпарта і нават без дакладнага напісання лацініцай", - пацвярджае аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў. Як даведалася Еўрарадыё, у мінулым годзе больш за 200 беларусаў завярнулі на мяжы з Еўрасаюзам з-за таго, што ім забаронены ўезд. Палітычны чорны спіс тут ні пры чым. Андрэй Елісееў: "Людзі, якіх заносяць у чорны спіс ЕС, апыняюцца ў так званай Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме. Калі чалавека вяртаюць, разварочваюць на мяжы, то ў базу дадзеных уносіцца, што яму адмовілі па гэтай прычыне. Ёсць дакладная лічба, што ў мінулым годзе 225 грамадзян Беларусі завярнулі на мяжы. Але колькі з іх былі асобамі з чорнага спісу, сказаць складана". Палітолаг Алесь Лагвінец лічыць, што галоўнае - гэта маральныя санкцыі, а не сама забарона на ўезд. Людзі з чорнага спісу цудоўна ведаюць, што яны ў ім. "Сістэма не застрахаваная ад дысфункцыяў. Найбольшыя санкцыі супраць такіх людзей - маральныя санкцыі. Калі б наша грамадства было больш здаровым, то санкцыямі было б асуджэнне ў Беларусі, а так даводзіцца чакаць яго ад ЕС". Дапоўніць дакладнымі дадзенымі чорны спіс складана. Праўда, імя па бацьку гендырэктара БелТА, якога ў спісе няма, лёгка знаходзіцца нават праз інтэрнэт. З нумарамі пашпартоў цяжэй. Гэтак жа не заўсёды вядома правільнае напісанне прозвішчаў у пашпартах "неўязных", таму некаторыя ў спісе напісаны ў двух ці нават трох варыянтах. ![]() Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"У нас з ім адно прозвішча, і нават імя па бацьку адно. Увесь час пайшоў на разбіральніцтва, ні разу па візе не выехаў". |
|