Верасень — месяц гарачы
06.09.2012
—
Новости Общества
|
Лічаць тыя, хто ахоўвае прыроду з нябёсаў Палёт лесапатрульнага экіпажа Полацкага авіяаддзялення ўжо завяршаўся, і шлях стомленага за тры гадзіны працы ў небе верталёта Мі-2 ляжаў на базу, як раптам у далечыні злева па курсе стаў вымалёўвацца сілуэт белага воблака над бяскрайнім даляглядам лясоў. Па ўсіх прыкметах гэта быў дым ад ляснога пажару. Лётчык-назіральнік Уладзімір Пірог (на фота злева) пацягнуўся да прыборнай дошкі і ўстанавіў неабходны курс на дым. Некалькі гадзін таму, калі палёт толькі пачынаўся, ніякіх падстаў для больш пільнага ўзірання ў абрысы гэтага азёрна-ляснога куточка Полаччыны яшчэ не было. Шлях да аб'екта трывогі быў няблізкі — каля дваццаці пяці кіламетраў, а гэта добрых 15 хвілін лёту. Пілот не памыліўся — гарэў стары хвойны лес між азёраў у раёне Дрэтуні. І авіяборт спяшаўся да высокага бела-шызага дымнага слупа, каб назіральнік мог своечасова вызначыць дакладнае месца ўзгарання, ацаніць плошчу, ахопленую агнём і інтэнсіўнасць пажару, зрабіць здымкі і перадаць інфармацыю работнікам лясной аховы і службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Ні ў якім разе нельга было дапусціць распаўсюджванне агню на большую тэрыторыю, бо магла здарыцца сапраўдная экалагічная катастрофа. Колькі магчымых катастроф папярэджваюць спецыялісты паветранай аховы лясоў за адзін гарачы летні ці сухі асенні дзень, за некалькі тыдняў спёкі, за ўвесь пажара-небяспечны сезон?! І як бы пачувала сябе наша матухна-прырода без гэтых штодзённых паветраных палётаў-патрулёў? Нават з надыходам восені прырода Беларусі застаецца ў небяспецы. Верасень сёлета чакаецца цёплым, а ў гэткіх абставінах, як паказвае ранейшы вопыт, лясныя пажары могуць нанесці ўрон нашай экалогіі не малы. Паветраная ахова "Беллесавія" і ў гэтую, здавалася б, прахалодную пару, застаецца у ранейшай гатоўнасці і вядзе сваё пільнае назіранне з нябёсаў. — Найбольшую трывогу вераснёвымі днямі выклікаюць паўднёвыя рэгіёны краіны, бо гарымасць у некаторых месцах дасягнула нават 4-га класа, — кажа старшы інспектар лётна-інструктарскага аддзела "Беллесавія" Анатоль Кротаў. — У верасні штогод назіраецца інтэнсіўнае наведванне лясоў грыбнікамі. А яшчэ зонай асаблівай увагі паветранай аховы становяцца балоты і тарфянікі, бо іх наведваюць зборшчыкі журавін. У гэткія дні ў нашых лётчыкаў і пажарных дэсантнікаў выхадных дзён практычна няма. Верасень — месяц для нас цяжкі. Анатоль Кротаў паведаміў, што з 49 вылетаў бартоў "Беллесавія" толькі за жнівень — а гэты месяц быў сёлета даволі дажджлівы — лётчыкі-назіральнікі выявілі 40 лясных пажараў, 7 узгаранняў у Нацыянальных парках і Палескім радыяцыйным запаведніку, 23 — на палях, тарфяніках і балотах краіны. Сіламі сваіх пажарных дэсантнікаў ліквідавана 15 узгаранняў. Але вернемся да палёту Мі-2, якім кіруе пілот-інструктар Канстанцін Грышчанка (на фота справа). Верталёт ужо літаральна завісае над ачагом небяспекі. На борце знаходзяцца парашутна-пажарныя дэсантнікі: Андрэй Круменш і старшы інструктар Ігар Бальцэвіч (на фота ўнізе), якія чакаюць пасадкі верталёта і гатовыя паспяшацца на ліквідацыю пажара. Лётчык-назіральнік Уладзімір Пірог вызначае каардынаты і з дапамогаю камп'ютара перадае інфармацыю наземным службам.. Літаральна ў лічаныя хвіліны дрэтуньскія леснікі выязджаюць ў раён возера Чарвятка на ўтаймаванне вогненнай стыхіі. У зону назірання полацкага авіяаддзялення ўваходзяць асабліва ахоўныя тэрыторыі, такія як заказнікі "Балота Ельня" і "Асвейскі", нацыянальны парк "Браслаўскія азёры", балоты "Мох", " і "Лебядзіны мох". А ўся тэрыторыя, якая ахоўваецца, складае 807,9 тысячы гектар, яе можна агледзець, адмераўшы ў паветры чатырыста з гакам кіламетраў. Шэсць лясных пажараў і ўзгаранняў, зафіксаваных у апошні час полацкім авіяцыйным лесапатрулём, не нанеслі прыродзе вялікай шкоды. І ў гэтым, безумоўна, заключаецца галоўны сэнс працы экіпажаў паветраных суднаў, на бортах якіх напісана "Беллесавія". Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Полацкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лічаць тыя, хто ахоўвае прыроду з нябёсаў Палёт лесапатрульнага экіпажа Полацкага авіяаддзялення ўжо завяршаўся, і шлях стомленага за тры гадзіны працы ў небе... |
|