Мая праўда
06.09.2012
—
Новости Общества
|
Адзін з аўтараў рубрыкі ўдвая старэйшы за другога. Тым не менш, як высветлілася, у абаіх практычна аднолькавыя ўспаміны пра звычайны стацыянарны хатні тэлефон. Зрэшты, што тут незвычайнага? Яшчэ колькі гадоў таму гэты апарат для многіх быў сапраўднай раскошай, недасяжнай, у пэўным сэнсе слоў, мэтай. Шчасліўцам зайздросцілі. Не, яго ўладальнік не абавязкова павінен быў быць вядомым акадэмікам, славутым акцёрам — у жыллі звычайных гараджан або вяскоўцаў таксама меўся гэты "цуд" сувязі. Проста, як тады было прынята гаварыць, на ўсіх магутнасцяў — ёмістасці тэлефонных станцый — не хапала. Сваёй чаргі даводзілася чакаць гадамі. Адзін з аўтараў памятае, як па просьбе стрыечнага брата тэлефанаваў у радзільню ў райцэнтры з прахадной фабрыкі — каб даведацца пра здароўе парадзіхі і немаўляці. А будучай жонцы бегаў званіць з пасёлка ў сталіцу дадому да цёткі. Успаміны другога аўтара: у вёсцы, дзе жыла бабуля, каб патэлефанаваць родным, даводзілася несці ў памяшканне сельскага клуба ўласны тэлефонны апарат ці пазычаць яго ў суседа і ўключаць у адзіную на ўвесь населены пункт тэлефонную разетку. Што ж, быў час — аднолькавы для многіх... А вось думкі адносна сучаснай мабільнай сувязі ў аўтараў рубрыкі разышліся кардынальна... ![]() Напачатку анекдот, які быў актуальным яшчэ зусім нядаўна — калі толькі-толькі з'явіліся першыя мабільныя тэлефоны і гарнітуры для іх. Уявіце: ідзе чалавек па вуліцы і размаўляе па мабільніку, а большасць навакольных думае, што гэта вар'ят нешта сам сабе пад нос мармыча. А цяпер як? Вар'ят размаўляе ўголас, а ўсім бачыцца, што ён па тэлефоне гутарыць... Як відаць, стаўленне да сітуацыі кардынальна змянілася, прычым за параўнальна кароткі прамежак часу. Цяпер чалавек з мабільнікам у руках — самая што ні ёсць будзённая з'ява. Толькі ці бяспечная? Як для самога ўладальніка тэлефона, так і для навакольных?.. Пра аўтамабілістаў нават казаць асабліва не даводзіцца: ім абсалютна справядліва забаронена размаўляць па мабільных тэлефонах падчас руху без спецыяльнай гарнітуры. Справядліва, бо рукі занятыя, увага адцягваецца, рэакцыя зніжаецца. А аўтамабіль і без таго — сродак павышанай небяспекі. І правільна іх штрафуюць за парушэнне такога патрабавання. Але апошнім часам чамусьці зноў і зноў лаўлю сябе на думцы, што пэўную небяспеку для навакольных пачалі ўяўляць і... пешаходы з мабільнымі ў руках. На тратуары, у метро, на ўваходзе ў будынак... Кожны з нас, несумненна, бачыў такую сітуацыю: наперадзе цябе, як правіла, павольна, выбіваючыся з агульнай плыні, дакладней, тармозячы яе, ідзе такі балбатун... Адна рука — да вуха, у другой сабраны ўсе сумкі. Фізічна ён побач, але рэальна адсутнічае, бо цалкам увесь — у размове. Можа эмацыянальна ўскінуць руку з мабільнікам вышэй (табе да носа), нечакана зусім спыніцца або павярнуць рэзка назад... Абысці такога складана, бо ніколі не здагадаешся, што ён зараз зробіць. А калі ўдала абыдзеш аднаго, тут жа можаш наткнуцца на іншага, такога ж... Разумею, калі табе патэлефанавалі па справе і трэба коратка адказаць. Але ж у большасці выпадкаў людзі павольна пераказваюць учарашнюю сустрэчу з сябрамі, убачаную кінастужку ці абмяркоўваюць сваіх знаёмых або несправядлівае начальства. Ці тое з дому зрабіць нельга? Што прымушае чалавека, які ў завею ідзе пехатою ад метро дадому, згінацца ці не напалам ад снегу і ветру ў твар, але пры гэтым набіраць нумар на тэлефоне — каб проста пагутарыць ні аб чым? Залежнасць ад таго тэлефона? А як вам маці, што ў дождж з дваімі малымі дзецьмі пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе: размова з сяброўкай цікавіць яе больш, чым уласныя нашчадкі, якіх яна фактычна пакінула сам-насам і не бачыць пад купаламі парасонаў недзе ззаду... А хто-небудзь спытаў мяне: ці хачу я па паўгадзіны слухаць гучныя чужыя размовы побач па тэлефоне ў грамадскім транспарце?!. Часам не вельмі культурныя і тактоўныя... Не падумайце, я толькі за тэхнічны прагрэс! Ён істотна аблегчыў жыццё. Памятаю, падчас вучобы на журфаку часцяком мусіў браць міні-інтэрв'ю ў міністэрскіх чыноўнікаў прама з металічнай чырвонай будкі за рагом факультэта. У адной руцэ — не вельмі зручная слухаўка, другой спрабуеш нешта запісваць у нататнік, паклаўшы яго на маленькую металічную палічку. Яшчэ і ад вулічнага шуму трэба адварочвацца, бо ў будцы не ўсё шкленне на месцы... А прыедзеш у рэдакцыю — там адзін стацыянарны тэлефон на дзясятак чалавек. Напісаў матэрыял, патэлефанаваў суразмоўцу і — паехаў да яго візіраваць тую заметку... Зараз жа — толькі кнопку націсні. Але ж за прагрэсам нельга забывацца пра культуру паводзін. Трэба некага набраць — адыдзі ў бок на хвіліну-другую, не замінай іншым. Але паглядзіш на тую колькасць людзей, якія ігнаруюць гэтае простае правіла — хоць ты за спецкурс галасуй! У сэнсе: набыў тэлефон — здай залік, як ім правільна карыстацца, каб не ствараць праблем навакольным. Прыгадайце: колькі ні нагадваюць на нейкіх афіцыйных мерапрыемствах, маўляў, вялікая просьба адключыць вашы мабільныя, абавязкова знойдзецца нехта, хто праігнаруе гэтыя словы. І пасярод выступлення (ды ў таго ж самага выступоўцы!) у перапоўненай зале — званок... Ужо не маючы надзеі на добрыя словы, у падобных сітуацыях у свеце сігнал папросту пачалі глушыць перад пачаткам нейкай імпрэзы. Можа, і ў нас так рабіць? А яшчэ, можа, у саміх тэлефонных апаратах вытворцам прадугледзець адмысловую функцыю? Умоўна кажучы, калі чалавек больш за хвіліну размаўляе падчас руху, сувязь аўтаматычна перарываецца?!. Напэўна, многія ўжо і забыліся, што ёсць такая фраза: нетэлефонная размова. Я ў тым сэнсе, што такі зручны мабільны насамрэч адвучвае нас бачыць вочы суразмоўцы, яго эмоцыі. Пазбаўляе нас нечага важнага. Навошта сустракацца з чалавекам, калі можна стэлефанавацца ў любы час? Раней, калі нават стацыянарныя тэлефоны былі далёка не ва ўсіх, многія хадзілі на перагаворныя пункты і да размовы загадзя рыхтаваліся: што і як сказаць, каб перадаць свае пачуцці, клопат, любоў. Зараз часта мы адказваем, як той казаў, на "аўтамаце". Можа, і пра гэта варта пачаць гаварыць, апроч іншага, дзеткам з самага дзіцячага садка?!. Не ва ўрон, зразумела, прагрэсу. Сяргей РАСОЛЬКА. ![]() ...Гучная мелодыя прымушае азірнуцца большую частку з прысутных у аўдыторыі студэнтаў, але гэта, хутчэй, па інерцыі, чым са злосці. За чатыры з лішнім гады вучобы мы ўжо добра ведаем, хто з аднакурснікаў заўжды забываецца выключаць на занятках тэлефон. Нехта з выкладчыкаў моцна сварыцца, нехта дазваляе выходзіць з аўдыторыі і адказваць на званок толькі ў дзень нараджэння, а некаторыя ўвогуле не бачаць тут праблемы, нават самі часам могуць мабільнікам на лекцыі пакарыстацца, але толькі для таго, каб сказаць, што пазней ператэлефануюць. Цяпер нават дзядулям і бабулям, што абыходзіліся без усемагутнай і паўсюднай тэлефоннай сувязі, дораць мабільныя тэлефоны. Тут галоўнае — растлумачыць, калі ціснуць на чырвоную, а калі на зялёную кнопку. А яшчэ — класці тэлефон заўжды ў пэўным месцы, бо дзве "антэнкі" сувязі можна злавіць толькі на квадратным метры паміж капуснымі градамі і клубніцамі ці дома ў куце пад абразамі... ...Што тут скажаш, гэта вам не горад, дзе па мабілках трашчаць бесперапынна што дарослыя, што малыя дзеці. І ніякага табе супакою. Можа, нешта і ёсць прывабнае ў цяпер лічы, міфічным жыцці без усялякага ўмяшальніцтва мабільных тэлефонаў, але гэта варыянт не для занятых справамі людзей, што жывуць у вялікім горадзе. Яго жыхары цяпер нібыта падзяляюцца на два лагеры: па адзін бок — тыя, хто добра памятае час, калі мабільнікаў (а адпаведна — і "балбатуноў") яшчэ не існавала, па другі бок — у большасці сваёй моладзь, у чыёй свядомасці няма адзнакі пра падзел часу на "да" і "пасля" масавага "мабільнага" захопу жыццёвай прасторы. Каб пагаварыць на вуліцы па мабільным, не існуе спецыяльна адведзеных месцаў. Усе носяць з сабой мабільнікі, таму гучныя размовы ў грамадскіх месцах па тэлефоне, якія прымаюць за непавагу — гэта ўжо частка нашай культуры, хочам мы таго ці не. Кожны з нас да яе спрычыніўся, таму наракаць на сябе ж — зусім не варыянт. Могуць быць важныя тэлефанаванні падчас знаходжання ў перапоўненым аўтобусе, дзе ўсім людзям давядзецца слухаць самыя нечаканыя падрабязнасці, званок можа перашкодзіць правядзенню заняткаў усім прысутным, а той, каму тэлефанавалі, магчыма, якраз яго чакаў больш за ўсё на свеце. Адкуль мы ведаем, а раптам нязручныя для нас месца і час, калі запішчаў чужы тэлефон, найзручнейшыя для яго ўладальніка? Крытыкаваць такіх людзей можа толькі той, хто ніводнага разу не "аскароміў" сваю кішэню наяўнасцю мабільнага. Ніхто не выключае выпадку, што пры пэўных абставінах абураны непавагай чалавек сам можа стаць парушальнікам спакою. Цяпер пра выпадкі, калі мабільнікі могуць сапсаваць не толькі нервы, але і здароўе. Зразумела, калі гаворка ідзе пра бяспеку, напрыклад, у выпадках з кіроўцамі, якія не набываюць для сваіх тэлефонаў "хэнд-фры" (навушнікі з мікрафонам), з пешаходамі, што пераходзяць вуліцу і могуць не заўважыць машыну праз захапляльную гутарку па мабільным ці з пужлівымі дзяўчатамі на абцасах вечарам у цёмным завулку, якім таксама было б не лішнім прыслухоўвацца зусім не да шчабятання сяброўкі ў слухаўцы, то тут я згодная — абмежаванне магчымасці размаўляць, напэўна, выратавала б не адно жыццё. Але ж мінімальна адэкватная галава сама павінна думаць за сябе, як бы застацца цэлай. А абурэнне грамадскасці і жаданне пазакрываць роцікі надзвычай гаваркім уладальнікам мабілак выклікана зусім не клопатам пра бяспеку "мабільных" балбатуноў. Ці не так? Давайце тады ўжо абмяжуем прысутнасць у транспарце курыльшчыкаў, бо ад іх пахне цыгарэтамі, і не дазволім з'яўляцца ў грамадскіх месцах асобам, што выліваюць на сябе вядро парфумы штодня. І будзе ўсім шчасце! Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з аўтараў рубрыкі ўдвая старэйшы за другога. Тым не менш, як высветлілася, у абаіх практычна аднолькавыя ўспаміны пра звычайны стацыянарны хатні тэлефон.... |
|