Ваш выхад!. 21.by

Ваш выхад!

13.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Юрый Саломін перажываў за поспех моладзі Малога тэатра, а талінскія акцёры паказалі віртуозную ігру

Многія і многія брастаўчане чакалі сёлетні фестываль з-за магчымасці сустрэцца з Юрыем Саломіным, народным артыстам СССР, легендай савецкага кіно, кіраўніком праслаўленага Малога тэатра. Большасць аўдыторыі падчас творчай сустрэчы склалі людзі сталага пакалення, якія памятаюць "Ад'ютанта яго правасхадзіцельства", "Хаджэнне па пакутах", "Маскоўскую сагу", іншыя знакавыя кінастужкі з яго ўдзелам. Але і маладыя ўдзельнікі дыялогу выходзілі пасля яго заканчэння са светлымі вачыма і добрымі ўсмешкамі.


77-гадовы мэтр разважаў аб тым, што Малы тэатр і сёння спрабуе гаварыць з гледачом аб Радзіме не тым іранічным тонам, які зараз вельмі часта прэвалюе, а сур'ёзна і па-сапраўднаму. Юрый Мяфодзьевіч наогул цікава распавёў пра Малы тэатр, якім ён кіруе 25 гадоў. Пад дахам Малога працуе 750 чалавек. Са 130 артыстаў 40 — народныя, 37 — заслужаныя, астатнія — "добрыя". Паводле слоў Саломіна, кіраваць творчымі людзьмі вельмі складана: "Яны ж усе — з характарамі. Але ў мяне характар яшчэ горшы. Я ўмею адмовіць, калі рэч не ідзе аб здароўі альбо іншых надзённых праблемах чалавека. Калі ж каму, напрыклад, патрабуецца курс лячэння, даводзіцца "браць з сабой твар" і ехаць. Звычайна нашым пазнавальным "тварам" не адмаўляюць. Ну а калі паважанага ўзросту актрыса хоча сыграць, умоўна кажучы, Джульету — тут няхай выбачае".

Аказваецца, 10% датацыі, якую Малы атрымлівае з бюджэту, тэатр выкарыстоўвае на сацыяльныя праграмы. Былым акцёрам тут плацяць сваю пенсію ў дадатак да дзяржаўнай. Пастаянна праводзяцца акцыі кшталту "Падарыць білет студэнту". Калі студэнт набывае білет на спектакль, другі яму даецца ў падарунак. Альбо сям'я з трох чалавек пры набыцці двух білетаў можа атрымаць трэцяе месца для дзіцяці бясплатна.

Сёлета Дзяржаўны акадэмічны Малы тэатр пачынае 257-ы сезон. Брэсцкая публіка цікавілася, ці былі перапынкі "на войны, рэвалюцыі, разруху". І пачулі, што практычна такіх перапынкаў не было. У апошнюю вайну артысты трупы сабралі грошы і купілі эскадрыллю самалётаў-знішчальнікаў, а самі выязджалі на фронт у складзе мастацкіх брыгад.

"Мы — нацыянальны здабытак", — адкінуўшы беспадстаўную сціпласць, сказаў мэтр. І ніхто не стаў бы спрачацца з гэтым сцвярджэннем. Таму і чакалі з асаблівым пачуццём сустрэчы са славутым тэатрам і яго мастацкім кіраўніком. Было вельмі прыемна, што асабіста Саломін прывёз на брэсцкі фэст моладзевую частку калектыву, па сутнасці, акцёраў-пачаткоўцаў, але ж — будучыню Малога. Яшчэ на сустрэчы ён гаварыў, як перажывае за поспех учарашніх студэнтаў, тым больш што паставіла спектакль "Апошні тэрмін" прафесар Вольга Саломіна, жонка Юрыя Мяфодзьевіча. Сама спадарыня рэжысёр не прыехала па банальнай прычыне — падхапіла асеннюю прастуду... А яшчэ ён заўважыў, што заганарыўся маладымі калегамі, якія прыйшлі з экскурсіі па Брэсцкай крэпасці надзвычай узрушаныя. Узгадаў мэтр і кур'ёзны выпадак на мяжы, калі трупа Малога тэатра вярталася з еўрапейскіх гастроляў у першай палове 1980-х.

Цягнікі з-за мяжы, як вядома, стаяць у Брэсце некалькі гадзін, пакуль мяняюць колы. І вось артыста знайшоў малады афіцэр-памежнік і бадзёрым голасам скамандаваў: "Юрый Саломін? На выхад!". Спачатку ён падумаў, што ўзніклі пытанні з дакументамі ці трэба выканаць нейкія мытныя фармальнасці. Аказалася, у зале сабраліся вартавыя мяжы і чакалі сустрэчы з вядомым артыстам. "У вагоне са мной ехалі Жараў, Цароў, Гогалева, людзі, у якіх я вучыўся. А яны чамусьці выбралі мяне ды і запрасілі такім арыгінальным чынам..." Што зробіш, служывыя прагнулі ўбачыць жывога "ад'ютанта яго правасхадзіцельства".

***

Шчыра кажучы, я баялася ісці на "Апошні тэрмін" па аповесці Валянціна Распуціна ў выкананні зусім юных акцёраў. Памятаю сваё вельмі даўняе інтэрв'ю з Тамарай Гвердцытэлі, калі яна гаварыла, што некаторыя песні нельга выконваць у 20 гадоў, калі ты не маеш жыццёвага і душэўнага досведу, каб асэнсаваць многія рэчы. Так і тут, адной з гераінь тэатральнай дзеі за 70, другой і наогул 85...

Хто чытаў "Апошні тэрмін" Распуціна, ведае немудрагелісты, але такі шчымлівы сюжэт. Маці памірае, і па тэлеграме старэйшага сына, з якім яна жыве, з'язджаюцца яе дзеці. І тут адкрываецца, хто якім чалавекам стаў. Дзеці ў маці выраслі вельмі рознымі людзьмі. І гэта ёй даводзіцца ўсвядоміць у апошні дзень жыцця.

У мяне выклікаў некаторую збянтэжанасць малады і свежы, нібы ранішняя лілея, тварык актрысы, якая выконвала ролю 85-гадовай сяброўкі галоўнай гераіні. А можа, таму, што глядзець давялося з першага рада?.. Саму галоўную гераіню ў выкананні артысткі Калеснікавай я прыняла без усялякіх агаворак, нягледзячы на яе юную прыгажосць. У нейкі момант здавалася, што вось старая жанчына адыходзіць, а яе твар свеціцца асаблівым святлом, якое сцірае ўзрост... Гэта яна сваёй цудоўнай ігрой прымусіла мяне "вярнуць" апошнія дні маёй мамы і пакутліва ўзгадаць, што я, магчыма, зрабіла не так у тыя апошнія дні... Многія людзі ў зале плакалі, спачуваючы маці, якая так і не дачакалася любімай дачкі Танчоры — гэтак на сібірскі манер яна называла Таццяну.

Мы глядзелі спектакль пра тое, як цяжка дажываць век старым людзям, як не хапае дабрыні і маральнасці ў грамадстве, як алкаголь здольны паглынаць нават лепшыя пачуцці. Ім, маладым, крычалі "брава!" у Брэсце. І думаецца, маскоўская прафесарка можа быць задаволена вучнямі: яны вельмі стараліся. Пэўна, дарослыя артысты, якія ўжо хавалі сваіх блізкіх, якія многае спазналі ў жыцці, сыгралі б крыху інакш, але школа Малога адчувалася і ў рабоце маладых. Трэба аддаць ім належнае.

Ну і, вядома, сенсацыяй першых дзён фэсту стаў спектакль Рускага тэатра Эстоніі "Гульцы". Нельга сказаць, што нечаканай сенсацыяй, бо на рэжысёра Сяргея Фядотава брэсцкі глядач ускладаў асаблівыя надзеі. Два гады таму пермскі тэатр "Ля моста", якім кіруе Фядотаў, ужо агарошыў сенсацыяй — спектаклем "Калека з Інішмана", летась таксама паказаў цікавую работу "Вяселле Бальзамінава". І вось цяпер "Гульцы" Гогаля. Банда карцёжнікаў-прайдзісветаў разыгрывае цэлае прадстаўленне, каб падмануць свайго таварыша, таксама карцёжнага шулера. Але амаль да канца дзеі глядач не здагадваецца аб тым, што гэта спектакль у спектаклі, што гульцы падманваюць свайго самага разумнага падзельніка. Усё высвятляецца ў канцы. Ды да самага фіналу спектакль трымае ў напрузе, баішся і вока адвесці, каб не прапусціць нешта важнае. Калі глядзіш, няма калі думаць, што перад табой віртуозная ігра — вось гэта і ёсць сапраўдны тэатр, дзеля якога і варта праводзіць фестывалі! Асэнсаванне прыходзіць потым. А там толькі паспявала прамільгнуць думка, што ў гэтым вар'яцкім свеце вераломна падмануць, разыграць, падставіць могуць кожнага. І няма ніякага паратунку ад прайдзісветаў рознага кшталту. Канёк Сяргея Фядотава — цьмянае святло, містычныя маніпуляцыі і элементы фантасмагорыі. І ўсё гэта працуе ў геніяльнай рэжысёрскай задумцы на канчатковы вынік. А значыць, у руках майстра магчымасці класікі — невычарпальныя.

Святлана ЯСКЕВІЧ

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрый Саломін перажываў за поспех моладзі Малога тэатра, а талінскія акцёры паказалі віртуозную ігру Многія і многія брастаўчане чакалі сёлетні фестываль з-за...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика