Пошукі продкаў. 21.by

Пошукі продкаў

26.09.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Генеалогія робіць чалавека чалавекам. Калі ты пачынаеш распрацоўваць старыя дакументы, думаць пра людзей, што жылі раней, іх жыцці, іх трагедыі, ты перастаеш быць эгаістам..." Карэспандэнт "Звязды" на свае вочы бачыў, як у людзей аднаўлялася кроўная роднасць.

Сядзіба ажыла

Напэўна, даўно не было так цёпла, утульна і гаманліва ў старой сядзібе ХІХ стагоддзя ў вёсцы Блонь, якая належала некалі роду Бонч-Асмалоўскіх. Будынак позняга класіцызму літаральна ажыў на некалькі гадзін. Паглядзець на дом сваіх продкаў сюды прыехалі шматлікія нашчадкі, што сабраліся з усяго зямнога шара: з Беларусі, Расіі, Швейцарыі, Злучаных Штатаў...

Сёлета роду (і аднайменнай вёсцы Асмолавічы) споўнілася 500 гадоў. І гэта толькі па афіцыйных звестках (першая згадка адносіцца да 1512 года), а насамрэч гісторыя сям'і можа быць яшчэ глыбейшай. За столькі гадоў былых насельнікаў Вялікага Княства Літоўскага лёс раскідаў па свеце. Але вельмі доўга Бонч-Асмалоўскія жылі менавіта ў Беларусі. Былі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, выдатнымі воінамі і проста добрымі людзьмі. Служылі дзяржаве, былі сябрамі народу. Ад людзей і ад радзімы ніколі не адварочваліся. Апошнія ўладары сядзібы ў Блоні, Анатоль Восіпавіч Бонч-Асмалоўскі з жонкай Варварай Іванаўнай Вахоўскай і дзецьмі Глебам, Ірынай, Іванам і Радзівонам, былі народнікамі і за тое сядзелі, напэўна, больш, чым жылі ў той сядзібе. Усе прыбыткі ад маёнтка ў іх ішлі на рэвалюцыйную дзейнасць. А землі тут добрыя, таму і прыбыткі нядрэнныя былі. Дарэчы, жыў тут некалі і быў знаёмы з рэвалюцыянерамі Якуб Колас, калі працаваў настаўнікам. Унучка Глеба, вядомага антраполага, расійская пісьменніца Марына Бонч-Асмалоўская цяпер сабрала ў гэтым маёнтку частку тых сваіх родзічаў, якіх знайшла за два гады працы над кнігай аб сваім родзе. Як ні дзіўна, але пазгаджаліся прыехаць на сустрэчу людзі нават з Каліфорніі (ЗША). Усіх іх цягнула сюды. Амаль усе нашчадкі першы раз апынуліся ў Беларусі — і зрабілі гэта з вялікай радасцю, ведаючы, што адсюль ідуць іх карані. Старыя, маладыя, малыя — усе ў аднолькавым захапленні, з бліскучымі вачыма слухалі расповед пра сваіх продкаў, праходзілі па пакоях, дзе некалі тыя жылі. Думаю, што ніхто з гасцей не зможа апісаць дакладна свой стан у той момант. Па тварах я разумеў, што ўнутры ў іх зараз пачуццё, падобнае на тое, якое ўзнікае пры першым каханні — нічога не зразумела, проста добра і ўсё. Некаторыя жанчыны расчуліся да слёз. Але ўсё роўна пасля ўсе падыходзілі да генеалагічнага дрэва сваёй сям'і і весела тыцкалі пальцам у свае імёны на паперы, фатаграфаваліся.

А вы мне хто?

Ад шумнай гаворкі я збег на двор. Агледзеў спакойна сядзібу. Вецер асвяжыў думкі. Сустрэўшы ўсіх ізноў (яны ўжо таксама выйшлі на двор), я адчуў сябе настолькі ўтульна, што здалося, быццам гэта ўсе мае сваякі, гэта мая вялікая сям'я, якая сабралася з нагоды, як гэта часцей за ўсё бывае, чыйго-небудзь вяселля. У наступнае імгненне я вярнуўся ў рэальнасць, але Бонч-Асмалоўскія засталіся ў "мроі". Літаральна за гэтыя паўтары-дзве гадзіны, што спатрэбіліся на агляд дома, яны перасталі быць звычайным натоўпам незнаёмых паміж сабою людзей. Гэта ўжо былі сваякі. Хоць і вельмі далёкія. Гэта можна было зразумець і заплюшчыўшы вочы, бо адусюль было чутно: "Прабачце, а вы мне кім даводзіцеся?". Хлопцы і дзяўчаты, жанчыны і мужчыны пачалі без аніякіх прымусаў знаёміцца і вылічваць "шчыльнасць" свайго сваяцтва. "Ніколі не думаў, што ў мяне столькі родзічаў, — прызнаецца Барыс Груздзеў, які прыехаў сюды з маці, братам, сястрой і дзядзькам з яго сям'ёй з Санкт-Пецярбурга. — А вы мне таксама сваяк?" — на ўсялякі выпадак, з усмешкай пытае мяне хлопец. Я прызнаюся, што насамрэч толькі карэспандэнт, і пачынаю распытваць аб уражаннях. Толькі потым разумею, што няма чаго марна малоць языком: на каленях у суразмоўцы, які прысеў на прызбу, лашчыцца мясцовы кот. Зразумела, што пазнаў сваіх... Вось табе і ўражанні.

Давайце лепш усе разам сядзем!

З цяжкасцю вызваліўшыся ад пяшчотнага і вернага ката, мы пакінулі сэрца Беларусі (у Мар'інай Горцы, побач з якой знаходзіцца Блонь, — геаграфічны цэнтр нашай краіны) і выправіліся ў Асмолавічы, каб убачыць мясціны, адкуль род Асмалоўскіх пачынаўся. Але гэта толькі заўтра. Сёння нас чакала незвычайная вячэра ў Клімавічах, дзе мы начавалі.


  Уладкаваўшыся ў гасцініцы, усе сталі патроху рухацца ў бок мясцовага рэстарана — збіраліся на вячэру. Інтэр'ер шараговага правінцыйнага рэстаранчыка наводзіў сум, падкрэсліваў будзённасць і не даваў надзеі ні на што, акрамя акту прыняцця ежы. Але пачуццё кроўнага яднання хутка перамагло ва ўсіх, асабліва ў моладзі. "Давайце лепш сядзем усе разам, за адзін вялікі стол", — ці то прагучала невядома ад каго, ці проста адначасова ўвасобілася ў думках кожнага. Праз хвіліну ўсе сталы сфарміравалі доўгі "сямейны стол". Нечакана і ўрачыстасць з'явілася сярод шэрасці і звычайнасці. Не хапала толькі мяккіх, ціхіх гукаў прыдворнай музыкі — і ўсё было б, як у кіно. На жаль, калонкі толькі "выплёўвалі" папсовае "тыц-тыц". Нічога — перашкодзіць сапраўднай высакароднасці нішто не можа. І пачалася сямейная вячэра. Для спрашчэння стасункаў кожны па чарзе ўставаў і прадстаўляў сябе астатнім. Пайшла вясёлая гамонка — як быццам яны ўсе тут ведаюць адзін аднаго з нараджэння.

Ведаць уласны радавод? Абавязкова

Мне пашчасціла сядзець побач з Марынай Бонч-Асмалоўскай. Кірунак нашай размовы паступова "збочыў" з гісторыі канкрэтнай сям'і да абмеркавання неабходнасці ведання сваіх каранёў.

— Ведаеце, зараз даволі папулярным становіцца "генеалагічны рух". Многія хочуць ведаць свой радавод — у архівах усё часцей чэргі... — кажа Марына Андрэеўна.

— Але ў той жа час каго ні спытай, хаця б аб прабабцы — добра калі імя ведаюць, — пачынаю спрачацца я.

— Сапраўды. Масавага характару гэта пакуль не набыло. Хтосьці кажа, што яму тое нецікава. Хтосьці — што не мае часу на "раскопкі" ў архівах. Шмат ёсць і такіх, якія сцвярджаюць, што не хацелі б ведаць гісторыю сям'і, бо сярод продкаў былі альбо злачынцы, альбо яшчэ якія родзічы з цемнаватым лёсам. У выніку варушыць гэта ўсё — непрыемна...

— Калі б нашы продкі так думалі, то мы б не ведалі сваёй гісторыі наогул, — пачынаю "філасофскія" развагі я. — На маю думку, ведаць свой род трэба кожнаму, незалежна ад таго, хто былі твае продкі. У многіх жа радавод будзе спрэс сялянскі. Але і гэта не менш годна за шляхецкі ці царскі. Такія веды будуць гарантаваць патрыятызм, яднаць з радзімай мацней за клятвы, прысягі і гэтак далей. Я, напрыклад, кожны год стараюся з'ездзіць на сваю "гістарычную радзіму" — месца, дзе жыла толькі мая бабуля з сёстрамі ды маці ўлетку малой прыязджала, а мяне ні разу не было. Прадзед памёр у 1980-м, дом стаў дзяржаўным. А я толькі праз 10 гадоў нарадзіўся. І ўсё роўна туды мяне цягне, там наталяюцца нейкія незвычайныя, малазразумелыя, але вельмі важныя патрэбы. Продкі сілы даюць.

Далей можна было не размаўляць: мы з Марынай Андрэеўнай добра адзін аднаго зразумелі па вачах і былі згодныя адзін з адным. Ёй такія пачуцці яшчэ больш знаёмыя. Мы сышліся на тым, што ведаць радавод трэба абавязкова.

"Продкі мяне самі шукаюць..."

"Так атрымалася, што некалькі гадоў таму я пачала займацца сваёй генеалогіяй, — расказвае Марына Бонч-Асмалоўская. — Убачыла шмат трагічных лёсаў, неаплаканых людзей. Стала заказваць па іх паніхіды. Па тых, хто быў расстраляны ў 1918-1919 гадах, хто загінуў у Першую сусветную вайну. Аб гэтым згубленым пакаленні мне захацелася шукаць звесткі. Мне захацелася стаць нейкім звязкам паміж гэтымі людзьмі і нашым жыццём, каб захавалася памяць. Генеалогія нешта робіць такое з чалавекам, нешта адкрывае ў ім... Я б не паверыла ў гэта яшчэ некалькі гадоў таму, калі займалася толькі сваімі справамі, сваім жыццём. Адным словам, калі гэта выйшла на ўзровень сардэчнасці, то тады ўсё і адкрылася. У мяне адчуванне, што продкі самі мяне шукаюць, бо мне бесперарыўна праз інтэрнэт дасылаюць нейкія звесткі. Ёсць выдатны генеалагічны форум ВГД. І там людзі ўвесь час адзін аднаму дапамагаюць. Продкі сталі напамінаць аб сабе — так і пачалася праца над кнігай. Гісторыя сям'і, якая тут жыве (хм... Для мяне яны жывыя!)... якая жыла тут, вельмі цікавая і трагічная. Анатоль (Бонч-Асмалоўскі. — Аўт.) і Варвара (Вахоўская. — Аўт.) — народнікі. І выдаткоўвалі ўсе свае сродкі на рэвалюцыю. Яны да канца былі рэвалюцыянерамі. Пастаянна хтосьці з іх сядзеў. Бывала, што і ўся сям'я сядзела. Унучка старэйшага сына Івана падаравала мне запісы майго дзеда Глеба. А ён займаўся генеалогіяй нашага роду. Я іх заўсёды вазіла з сабою. Але ў нейкі момант яны мне нечакана спатрэбіліся. Я на іх паглядзела, прачытала — і раптам мне стала вельмі цікава. Цяпер я адчуваю род і продкаў. І для мяне зусім не мае значэння нават нацыянальнасць: я з Расіі, але мае продкі жылі тут".

Амерыканец знайшоў блізкіх сваякоў у Беларусі

Наступнай раніцай дэлегацыя нашчадкаў выправілася ў Асмолавічы, вёску ў Клімавіцкім раёне, у якой жылі самыя першыя прадстаўнікі будучых Бонч-Асмалоўскіх. Там было вялікае свята з нагоды 500-годдзя (пра яго наша газета ўжо распавядала ў нумары за 11 верасня 2012 года). Для аднаго з гасцей свята скончылася знаходкай траюрадных сясцёр. Пітэр з Каліфорніі, пакуль ішло святкаванне, стаў распытваць мясцовых жыхароў пра сваіх магчымых родзічаў. Ён ведаў, што яны павінны дзесьці тут быць. Аказалася, што ў суседняй вёсцы сапраўды жывуць яго траюрадныя сёстры. Хтосьці згадзіўся хуценька звазіць Пітэра туды на машыне. І без таго ўсмешлівы амерыканец вярнуўся адтуль яшчэ больш вясёлым і шчаслівым і сказаў, што абавязкова сюды яшчэ прыедзе.

Хоць каплічку, але пабудуем!

Яшчэ адна яркая падзея адбылася ў тыя дні ў Асмолавічах. Мясцовыя жыхары і замежныя госці разам прысутнічалі на асвячэнні памятнага крыжа на месцы, дзе стаяла некалі царква. Тут усіх нашчадкаў ізноў апанаваў покліч продкаў. "Давайце збярэм грошы на пабудову тут капліцы, — у адзін голас заявілі яны. — Вядома, на царкву грошай не хопіць, але каплічку мы пацягнем". Так і вырашылі, што абавязкова знойдуць грошы і перададуць іх мясцоваму святару. А той таксама ўспрыняў гэту прапанову вельмі прыязна. "Так мы хоць неяк ушануем памяць сваіх продкаў", — далей гучалі галасы...

На замкавай гары

Бонч-Асмалоўскія не забыліся наведаць і Крычаў. Менавіта ў Крычаўскім замку нёс сваю службу некалі Павел Аўсеевіч Асмалоўскі (першы афіцыйны прадстаўнік гэтай сям'і). Ды і многія далейшыя носьбіты прозвішча абаранялі крычаўскую зямлю, якая знаходзілася на памежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскага княства. На замкавай гары, дзе некалі быў замак (на жаль, драўляны, таму і не захаваўся да нашых дзён), цяпер стаіць невялічкая царква і некалькі яблынь з вельмі смачнымі пладамі. Там увесь час гуляе шалёны вецер, а з вышыні так прыемна назіраць за Сожам, на якім стаіць Крычаў. Тыя, хто ляжыць у гэтай зямлі і чыя кроў тут лілася стагоддзямі, "сустрэлі" гасцей ветліва. Калі госці забраліся на тое месца, дзе раней стаяла адна з чатырох вежаў, здані спачатку ціхенька, а пасля больш моцна (як даўнія сябры) патузалі, пацерабілі валасы нашчадкаў. Думаю, здані хацелі сказаць "дзякуй" за тое, што на іх не забыліся...

Не забывайцеся ж і вы на сваіх продкаў. Старайцеся ведаць хаця б некалькі пакаленняў. Прывучайце да гэтага дзяцей — тады яны і вас паважаць будуць. Ды чалавеку і жыць заўсёды лепш, калі ён ведае, што ў яго ёсць карані, на якія можна абаперціся.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Мінск — Блонь — Асмолавічы — Крычаў

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Генеалогія робіць чалавека чалавекам. Калі ты пачынаеш распрацоўваць старыя дакументы, думаць пра людзей, што жылі раней, іх жыцці, іх трагедыі, ты перастаеш...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика