Выпрабаванне зоркамі
02.10.2012
—
Новости Общества
|
Сённяшнім вечарам на мінскім стадыёне "Дынама" барысаўскі БАТЭ правядзе свой другі матч у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Сапернік нашага чэмпіёна адмысловай прэзентацыі не патрабуе. Мюнхенская "Баварыя" — чатырохразовы пераможца Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, клуб, які больш за ўсіх (22 разы) перамагаў ва ўнутраным першынстве. Аднак беларусы немцаў не баяцца. Зразумела, за мюнхенцаў гуляюць выдатныя майстры, сапраўдныя зоркі (Франк Рыберы, Анатоль Цімашчук, Марыё Гомес, Бастыян Швайнштайгер, Ар'ен Рабэн), але БАТЭ ўжо мае той еўракубкавы досвед, які дазваляе на важныя матчы выходзіць без дрыжыкаў у каленках. Тым больш нядаўна беларусы перамаглі франзускі "Ліль" і атрымалі першую ў гісторыі лігачэмпіёнскую вікторыю. — Мы маем вопыт падобных супрацьстаянняў, супакой перад гэтымі паядынкамі, — адзначае ў гутарцы з журналістамі Віктар Ганчарэнка, галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ. — У "Баварыі" зараз цудоўная пераможная серыя. Але не трэба забывацца на тое, што мы таксама ў добрай гульнявой форме. Акрамя таго, Віктар Міхайлавіч адзначыў, у калектыве пануе добры настрой, здавацца каманда не збіраецца, а разлічвае прадэманстраваць добры футбол і даць бой вядомаму сапернік. Ганчарэнка прызнаўся, што ў юнацтве за "Баварыю" "не хварэў", больш папулярнай была італьянская "Серыя А". Але "Бундэслігу" ён лічыць турнірам, які вельмі прагрэсуе. "Там шалёная запаўняльнасць стадыёнаў. Матчы праходзяць на высокіх хуткасцях. Лічу гэты чэмпіянат адным з мацнейшых у Еўропе". У сваю чаргу Арцём Радзькоў, абаронца БАТЭ, падкрэсліў, што ніякага піетэту да ног Франка Рыберы няма. Ёсць павага да сапернікаў, але не больш за гэта. Пакуль супрацоўнікі арэны канчаткова ўпрыгожвалі стадыён, "Баварыя" прыехала на клубным аўтобусе да атэля "Краўн Плаза". Не, клуб, безумоўна, прыляцеў самалётам, але, як паведамілі ў прэс-службе "чырвоных", псіхалагічна камандзе больш утульна ў другіх гарадах рухацца на сваім транспарце. Любімчыкаў каля гатэльных муроў сустракала цэлая армада фанатаў. А самыя дасціпныя нават арандавалі жытло ў доме, што насупраць гасцініцы, вывесілі з акна палотнішча з лагатыпам нямецкай каманды. Першым ля атэля, з асобнага аўто, выйшаў сур'ёзны Улі Хёнэс, прэзідэнт клуба. Ну а хутка ў строгіх касцюмах з'явіліся футбалісты нямецкай дружыны. Асабліва фаны віталі француза Франка Рыберы, а крыху здзіўлены падтрымкай галкіпер Мануэль Ноер нават крыху затрымаўся і адказаў балельшчыкам шчырай усмешкай.— БАТЭ — добрая каманда. Я іх яшчэ памятаю па тым часе, калі за "Зеніт" супраць іх гуляў, — кажа ўкраінскі паўабаронца мюнхенцаў Анатоль Цімашчук, якога карэспандэнт "Звязды" ледзь стрымаў ля атэльнага ліфта. — Барысаўчане добра стартавалі ў Лізе чэмпіёнаў. Сустракаюцца на гэты момант фаварыты групы. Мяркую, гульня будзе няпростая. Асноўная сіла БАТЭ — гэта Аляксандр Глеб і хлопцы, якія гуляюць наперадзе. Я з асалодай прыязджаю ў Беларусь і з асалодай тут гуляю. Атрымліваю задавальненне. Дарэчы, падтрымліваць Анатоля Цімашчука і Ко будзе не толькі тысяча заўзятараў. Аказваецца, што з роднага Луцка "пахварэць" за Цімашчука прыедуць яго сваякі. Цікава, як высветліў карэспандэнт, гатуе для баварцаў у гасцініцы свой кухар, які яшчэ загадзя прыляцеў у Мінск. Агародніна, макарона, мяса — усе прадукты набываліся ў Мінску і нічога з інгрэдыентаў каманда з Мюнхена ў Беларусь не везла. Відавочна, да гульні з БАТЭ немцы рыхтуюцца сур'ёзна. Ці вытрымаюць беларусы выпрабаванне зорным "апанентам", даведаемся ўжо вечарам. Галоўнае — быць на стадыёне і падтрымліваць нашага адзінага еўракубкавага ўдзельніка. Пачатак сустрэчы ў 21.45. Тарас ШЧЫРЫ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сённяшнім вечарам на мінскім стадыёне "Дынама" барысаўскі БАТЭ правядзе свой другі матч у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Сапернік нашага чэмпіёна... |
|