Футбол як цуд!. 21.by

Футбол як цуд!

04.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па заканчэнні гульні стадыён-пенсіянер "Дынама" перажываў другую маладосць. Арэна літаральна патанала ў татальнай эйфарыі. Распранутыя фанаты шалелі, журналісты задаволена ўсміхаліся, а футбалісты святкавалі цудоўную вікторыю ў цэнтры поля. Вось ён, еўрапейскі фурор. Беларускія клубы яшчэ ніколі не перамагалі ў еўракубках каманды калібру "Баварыі"! А тым больш у хатнім інтэр'еры, пры родных балельшчыках, з пераканаўчым лікам 3:1. Натуральна, адзінкі верылі ў падобны вынік. Але многія ведалі дакладна: хлопцы Віктара Ганчарэнкі бой славутаму саперніку дадуць.

Што такое "Баварыя"? Гэта 112 гадоў слаўнай гісторыі, якую разгортваюць перад намі дзясяткі славутых футбалістаў. Напрыклад, абаронца, легенда нямецкага футбола, чэмпіён свету-1974 Паўль Брайтнэр. Зараз сівабароды гер Паўль працуе ў штабе "Баварыі" і таксама сачыў за падзеямі мінскага матча "чырвоных". Эмоцыі, напэўна, утойваў унутры, часам кранаючы пальцамі падбароддзе. А вось большую гаму пачуццяў можна было пабачыць на твары Улі Хёнэса, прэзідэнта клуба, які калісьці правёў за "Баварыю" больш за 230 матчаў у амплуа нападаючага. Бачачы, як яго каманда саступае беларусам, ён проста апускаў вочы долу, праціраў іх, нібы сапраўды бачыў усё ў дрэнным, нерэальным сне, а пасля неяк проста нервова пляснуў у ладкі — фініш. Зорная "Баварыя" хоць і гуляла без Ар'ена Рабэна і Марыа Гомеса, аднак нічога не здолела супрацьпаставіць камандзе, якая амаль цалкам складаецца з беларускіх хлопцаў. Спачатку стадыён ускалыхнуў голам Аляксандр Паўлаў, а пасля Віталь Радзівонаў прымусіў Мануэля Ноера ў другі раз вымаць мяч з сеткі. Паміж галамі барысаўчан быў трывожны трапны стрэл Франка Рыберы, але, па вялікім рахунку, гэты ўдар ніяк не паўплываў на вынік. Беларуская каманда нават здолела яшчэ раз пакрыўдзіць гасцей. 3:1 — другая феерычная перамога БАТЭ ў сёлетняй Лізе чэмпіёнаў, пасля якой беларусы захоўваюць лідарства ў сваім квартэце.


— Згаджуся, што ў моманце, калі я забіваў, прысутнічаў элемент выпадковасці, — адказвае на пытанні журналістаў стомлены Аляксандр Паўлаў, які адразу пасля сустрэчы атрымаў некалькі sms-віншаванняў. — Але пабольш бы такіх выпадковасцяў. А "Баварыя" дзейнічала так, як нас папярэджвалі трэнеры.

— Безумоўна, разумеем, што гэта сенсацыя, — адзначае яўна задаволены Аляксандр Глеб, які гуляў супраць "Баварыі" яшчэ ў Бундэслізе. — Мы заслужылі перамогу, аддалі ўсе сілы на полі. Я наогул ганаруся хлопцамі. Будзем імкнуцца працягваць падобным чынам. У будучыні гэтая каманда можа вырашаць вялікія задачы.

* * *

Дарэчы, за падзеямі на малахітавым дынамаўскім газоне назіралі 24.636 балельшчыкаў. Месцаў вольных сапраўды хапала, а таму дзіўна, чаму з двухмільённага горада не назбіралася тысяч трыццаць, каб падтрымаць нашага чэмпіёна. Хто ведае, можа, кагосьці напалохалі цэны на квіткі, а можа, нехта збірае грошы на бліжэйшыя хатнія матчы зборнай, аднак гэта ўсё роўна не падстава.

— Шчыра кажучы, засмуціла тое, што былі свабодныя месцы на трыбунах, — заўважае Дзмітрый Мазалеўскі, нападаючы БАТЭ. — І я не ведаю, на каго ісці глядзець, як не на "Баварыю". Думаю, на нашым матчы з "Валенсіяй" будзе аншлаг і, спадзяюся, балельшчыкі нас падтрымаюць.

Зразумела, гэта не тычыцца тых, хто ўвесь матч актыўна "хварэў" за сваіх любімцаў. Гледачы наогул творча падрыхтаваліся да гульні. Нехта па традыцыі твар сабе размаляваў, а нехта прыйшоў на стадыён у саламяных капелюшах, шынялі і будзёнаўцы! А вось на гасцявым сектары фанаў "Баварыі" хапала чырвона-белых банэраў. Ноймаркт, Гамерцынген, Вальдкірхен... Калі вывучыць геаграфію палотнішчаў, разумееш, што падтрымаць каманду Юпа Хайнкеса ў Мінск прыехалі з усіх куткоў Баварыі. Не дапамагло...

Горад, між іншым, яшчэ доўга спрабаваў заснуць пасля фінальнага свістка македонца Аляксандра Стаўрава. Асабліва гэта тычылася прычыгуначных раёнаў, адкуль на Барысаў са шчаслівымі заўзятарамі адыходзілі апошнія электрычкі.

Тарас ШЧЫРЫ. Фота Надзеі Бужан.

  А тым часам у інтэрнэце...

Перамога над "Баварыяй" дазволіла барысаўчанам пасля двух тураў заняць першае месца ў групе F. На рахунку беларусаў — 6 балаў. Па 3 — у "Баварыі" і "Валенсіі", якая ўпэўнена перайграла "Ліль" — 2:0. Цікава, а што пра поспех БАТЭ пішуць у інтэрнэце?

Расія 

Роlах (сайт: sроrts.ru):

— БАТЭ, віншую. Мінімум палова Расіі за вас "хварэла", астатняя палова футболам не цікавіцца. Малайцы! Такое адчуванне, быццам любімая каманда перамагла. І такая моцная "шпілька" расійскім клубам мільянераў. Відавочна, што хлопцы гулялі найперш не за грошы, а за клуб, горад, краіну. Так трымаць!

Nіbur (сайт:сhаmріоnаt.соm):

— БАТЭ здзівіў!!! Засталося перайграць "Ліль" дома, і плэй-оф — за крок ад іх. Досыць будзе ўзяць адзін бал з "Валенсіяй" і "Баварыяй".

d.d. (сайт: sоvsроrt.ru):

— Эх, прагнаць бы цалкам "Спартак", набыць бы БАТЭ па цане аднаго Карыёкі, назваць "Спартаком" і атрымліваць задавальненне.

Украіна

Раvоr (сайт:fооtbаll.uа):

— БАТЭ нагадаў "Дынама" напрыканцы 1990-х. Малайцы. І ўсе свае, без легіянераў. Віншую беларусаў.

Сhаmаrtіn (сайт:fооtbаll.uа):

— У любым выпадку — гэта шок месяца. БАТЭ — суровыя пацаны.

ПольшЧа

Lukаsz (сайт:еurоfutbоl.рl):

— Недасягальны ўзор для польскіх клубаў. Брава, БАТЭ!

Англія

RЕDnРrоud (сайт:guаrdіаn,со.uk):

— Гэта самы дзіўны вынік вечара. Выдатная праца, БАТЭ. Цікава, як далёка яны здолеюць прайсці ў гэтых спаборніцтвах.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па заканчэнні гульні стадыён-пенсіянер "Дынама" перажываў другую маладосць. Арэна літаральна патанала ў татальнай эйфарыі. Распранутыя фанаты шалелі,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика