Таццяна Шамякіна: 3. «Бачыла, што бацьку хочацца верыць у Бога, а ён не можа... ». 21.by

Таццяна Шамякіна: 3. «Бачыла, што бацьку хочацца верыць у Бога, а ён не можа... »

13.10.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 11 і 12 кастрычніка

— Таццяна Іванаўна, спачатку Іван Шамякін атрымаў Сталінскую прэмію, потым стаў народным пісьменнікам Беларусі, прыйшла слава…

— Так. Слава каласальная. Ужо ў 50—60-я гады, асабліва пасля рамана «Сэрца на далоні», які меў фантастычныя тыражы. І да нас прыходзілі проста мяхі лістоў. Тады тэлевізар мала ў каго быў, людзі чыталі кнігі. І вельмі актыўна.

Мая сястра Алеся Іванаўна час ад часу разбірае архівы бацькі з лістамі ад чытачоў і друкуе іх.

— Выйшаў некалькі гадоў таму цудоўны фільм паводле рамана вашага бацькі «Глыбокая плынь»…

— Я была кансультантам перакладу на беларускую мову гэтай кінастужкі. Рэжысёр фільма Маргарыта Касымава — не беларуска, тым не менш яна ўлавіла дух бацькавых твораў. Я лічу, што фільм атрымаўся, і шкада, што яго рэдка дэманструюць.

— Ці прыходзілі да знакамітага чалавека Івана Шамякіна людзі з просьбамі?

— Ішла актыўная перапіска з чытачамі. А людзей прыходзіла шмат! Цяжка сёння ўявіць. Супрацоўнікі Саюза пісьменнікаў пастаянна раздражняліся, таму што да Шамякіна ішлі і ішлі ў кабінет наведвальнікі. Справа ў тым, што ён восем гадоў быў старшынёй Вярхоўнага Савета — была тады такая пасада. У яго распараджэнні знаходзіўся нейкі фінансавы фонд, і я памятаю, што інвалідам, ветэранам, увогуле няшчасным людзям, якія прыходзілі не толькі да яго на працу, але і ў нашу кватэру, абавязкова дапамагаў. А калі не мог выдзеліць грошы з фонду, даваў свае ўласныя. Мае бацькі лічылі так: калі ім шмат дадзена — талент, слава, папулярнасць, добрая сям’я, то яны павінны як мага больш аддаваць людзям. Гэта было іх, калі хочаце, жыццёвае крэда.

— Таццяна Іванаўна, а хадакі аб чым часцей за ўсё прасілі? Асабліва вяскоўцы?

— Часцей прасілі кватэры. Бацька ганарыўся тым, што за 26 гадоў працы ў Саюзе пісьменнікаў ён «выбіў» кватэры і самім пісьменнікам, і нават часта іх дзецям. Называў лічбу дзвесце! Сёння немагчыма ўявіць, бо кватэры ж — бясплатныя. Яму не вельмі проста было хадзіць да чыноўнікаў, але яго настолькі паважалі ў рэспубліцы, што не маглі адмовіць, таму паходы аказваліся эфектыўнымі.

Людзі з вёсак да яго часта прыяз- джалі. Іх турбавалі самыя розныя справы. Бацька ім і лекі розныя даставаў. Аднойчы аднаму настаўніку, у якога было дрэнна з вачыма, ён аж з Германіі, невядома як, можа, нават праз ваенных, дамогся нейкіх спецыяльных акуляраў.

Бацька сябраваў з леснікамі. Ён нярэдка прасіў выпісаць дровы ці лес на хату якому-небудзь вяскоўцу. Калі мы адпачывалі ў Церусе, людзі прыходзілі да яго з падобнымі просьбамі. У 50—60-я гады людзі жылі вельмі бедна, таму просьбы былі самыя розныя. І ніколі мае бацькі не адмаўлялі, з усіх сіл імкнуліся дапамагчы.

— Дарэчы, ці ўспамінаў Іван Шамякін гады, калі настаўнічаў у вёсцы?

— Той час ён вельмі добра апісаў у аповесці «Мост», якая ўвайшла ў пенталогію «Трывожнае шчасце». Ён, дарэчы, заставаўся пасля Перамогі яшчэ даволі доўга, каля года, у Германіі. Прыйшоў з вайны ў 1946 годзе. Натуральна, там набраўся нямецкіх слоў, і яго тут жа паставілі выкладаць у вясковай школе нямецкую мову і гісторыю. І зрабілі сакратаром партыйнай арганізацыі. Ён распавядаў, што дзеці не хацелі вывучаць нямецкую мову. Яму прыходзілася іх угаворваць. Тады ж, як стаў настаўнікам, паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут. На завочнае аддзяленне. І ў гэтай установе яго лічаць сваім студэнтам, хоць яе ён не скончыў. Таму што наша сям’я пераехала ў Мінск, дзе бацька паступіў у Вышэйшую партыйную школу, будынак якой ўзводзілі яшчэ да вайны. А цяпер тут — адзін з карпусоў БДУ.

— А ці ўспамінаў Іван Шамякін дома вайну?

— Вядома. Увесь час. І да яго часта прыязджалі аднапалчане. Пасля нават наведваліся і іх дзеці. Асабліва з адным армянінам бацька сустракаўся часта. Моцна сябраваў з аднапалчанінам-масквічом Віктарам Вольскім, Героем Савецкага Саюза, які стаў акадэмікам, дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута Лацінскай Амерыкі. Між іншым, ён асабіста сябраваў з прэзідэнтамі Мексікі, іншых краін, сустракаўся з Фідэлем Кастра.

У мяне засталіся падарункі Віктара Вольскага: арыгінальнае ўпрыгожанне з Чылі, розныя керамічныя фігуркі. А ад бацькі ў мяне ўспамін — кнігі з яго аўтографамі, нешта з посуду, некалькі карцін.

— Таццяна Іванаўна, у вашага бацькі было ўсё, але, мабыць, ён аб нечым марыў?

— Ён марыў, каб дзеці выйшлі ў людзі, працягвалі закладзеныя ім традыцыі, таксама сталі пісьменнікамі. Яшчэ пры ім мая дачка Марыя стала пісаць і друкавацца. У яе атрымліваліся нейкія містычныя вершы, фантастыка. Ён пастаянна яе ўгаворваў пісаць рэчы рэалістычныя, бо сам аддаваў перавагу рэалізму. Але ў яе атрымоўвалася зусім іншае.

— Ганарыўся бацька, што вы сталі прафесарам?

— Вельмі. І тым ганарыўся, што мая малодшая сястра — кандыдат навук.

— Ці любіла ваша сям’я ў тэатры хадзіць, кінастужкі глядзець?

— Пастаянна. Яму ж прыходзілася ў тэатрах бываць і па рабоце. Сам пісаў п’есы. Бацькі ледзь не кожны тыдзень наведвалі тэатры. У іх склаліся самыя цесныя і блізкія адносіны з акцёрскім асяроддзем. Вельмі многіх я ведала артыстаў і рэжысёраў, якія прыходзілі да нас і ў гарадскую кватэру, і на лецішча. Бацька сябраваў з Глебавым, Рахленка, Ржэцкай, Макаравай, Жыновічам, Туравым, Яроменкам. Плённае творчае супрацоўніцтва аказалася з Міхаілам Пташуком, які паставіў паводле рамана бацькі выдатны фільм — «Вазьму твой боль», з выключна таленавітым Уладзімірам Гасцюхіным у галоўнай ролі. Шамякін вельмі любіў народную артыстку Марыю Захарэвіч. І яна яго. І сёння яна заўсёды адгукаецца на мае просьбы, чытае са сцэны, на розных сустрэчах урыўкі з твораў Івана Шамякіна.

— Цікава, а якую ежу любіў бацька?

— У нас быў адзін з самых гасцінных дамоў пісьменнікаў. Асабліва да нараджэння маёй малод- шай сястры Алесі. Ледзьве не кожны дзень да нас прыходзілі госці, бо тады будынак Саюза пісьменнікаў Беларусі знаходзіўся праз дарогу ад нашага дома. І паколькі гэта было побач, дык усе пасля работы і завальваліся да нас. І маці — падае, прыбірае, падае, прыбірае. Гатуе пастаянна. Гэта ўспрымалася нармальна. Дарэчы, на стале ніякіх асаблівых прысмакаў не было. Я памятаю, што бацька з Янкам Брылём ездзілі на Каляды ў Ракаў і куплялі парасят. Мы жылі з Брылямі па суседству: мы — на чацвёртым, а яны на пятым паверсе. І на Каляды была традыцыя ў пісьменнікаў — абавязкова смажанае парася на стале. Акрамя таго, у маёй маці была любімая страва — грыбная ікра. Яе яна рабіла вельмі смачную: перакручвала белыя грыбы, дабаўляла лімонны сок, алей і г.д. Гэту страву нахвальвалі ўсе госці. У іншых кулінарак так, як у маці, не атрымоўвалася. І мы самі збіралі грыбы, сушылі на гэтую ікру.

Яшчэ дома часта рабілі вінегрэт. На стол ставілі бульбу, заўсёды клалі капусту, мочаныя яблыкі. Гэта ўсё мая маці ўмела. І добра рабіла. Я так ужо не ўмею. Ежа была, як і ва ўсіх простых людзей.

— Яшчэ такое пытанне: а ці былі ў Івана Шамякіна нейкія дрэнныя звычкі?

— Ён ніколі не паліў. Выпіваў, вядома, з сябрамі, але, па-першае, хапала грошай на вельмі добрае пітво. Гэта — заўсёды каньяк вышэйшай маркі, выдатнае віно. І, галоўнае, ён заўсёды ведаў меру і ніколі не перабіраў. У гэтым плане — проста малайчына. Ні карты, ні даміно ў нас не практыкаваліся. Маці была рашуча супраць. І я не ўмею гуляць у карты.

— Ці гаварылі ў вашай сям’і пра праваслаўе, ці гэта тэма была закрытая?

— Старэйшая сястра ў мяне — Ліна Іванаўна — хрышчоная. Астатніх нас не пахрысцілі. Мы з мужам пахрысціліся ўжо сталымі людзьмі, Алеся — таксама. Крыжыкаў бацькі не насілі, але мая маці верыла ў Бога, у Анёла. І асабліва яе сёстры. Яны мяне вучылі класці крыжык на падушку перад тым, як легчы спаць. І пра Бога расказвалі. У стрыечных сясцёр маёй маці былі надзвычай багатыя абразы і ў вялікай колькасці. А дзед маёй маці быў глыбока рэлігійны чалавек: кожнае лета хадзіў паломнікам у Кіеў, у Лаўру. Усе родзічы спявалі ў царкве. У маці ў радаводзе аказаліся і стараверскія карані. Таму яна трымалася вельмі сціпла, нават аскетычна. Алкаголь не ўжывала, не танцавала ніколі. Прытым, што ў яе была вельмі прыгожая пастава. Стараверства як быццам адышло, на дварэ зусім іншая эпоха, а тым не менш у ёй яно заставалася.

Бацька ж з салідарнасці з маці не танцаваў. Ва ўсялякім разе, я ніколі не бачыла.

А да ікон ён ставіўся абсалютна нармальна. Мяне цётка вучыць крыж класці і папярэджвае: «Толькі бацьку свайму не кажы!» А ён пра гэта цудоўна ведаў, і ставіўся нармальна, пасміхаўся.

Пасля, у 80—90-я гады, асабліва пасля смерці сына і жонкі, я яму пастаянна пра духоўныя рэчы гаварыла, і бачыла, што яму хочацца верыць у Бога, а ён не можа… Настолькі ўкаранілася атэістычнае савецкае выхаванне. Ён прызвычаіўся ўсё аналізаваць, разглядаць з розных бакоў, дыялектычна. Я яму і так, і так выкладаю хрысціянскае вучэнне, даказваю: «Вера ж — яна не рацыянальная. Трэба проста верыць. І ўсё». А ён не мог. Усё праз галаву прапускаў.

— Таццяна Іванаўна, дзякуй за вельмі цікавую размову!

— Дзякуй вам за ўвагу да Шамякіна.

Гутарыла Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

Фота аўтара і з архіва Івана ШАМЯКІНА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 11 і 12 кастрычніка— Таццяна Іванаўна, спачатку Іван Шамякін атрымаў Сталінскую прэмію, потым стаў народным пісьменнікам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика