Адкрытая еўразійская прастора
14.11.2012
—
Новости Общества
|
Як толькі свет пабачыў артыкул прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "Новы інтэграцыйны праект для Еўразіі: будучыня, якая нараджаецца сёння", асабліва ў заходняй прэсе розныя эксперты пачалі выказваць думкі наконт таго, што Крэмль ініцыіруе новы геапалітычны праект, накіраваны на рэстаўрацыю СССР у межах СНД, таму зусім хутка трэба чакаць новага супрацьстаяння, новай "халоднай вайны" паміж Расіяй і Захадам. Але з цягам часу стала зразумела, што праект Еўразійскага саюза не з'яўляецца аднаўленнем СССР версіі 2.0, а наадварот, упісваецца ў логіку тых інтэграцыйных працэсаў, якія ахопліваюць зараз усю Еўразію і Еўра-Атлантыку. Калі ўважліва чытаць "Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі", якую падпісалі прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана ў лістападзе 2011 года, то там можна знайсці згадку аб мэтазгоднасці правядзення скаардынаванай працы ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы па пытаннях гарманізацыі і ўзаемнага збліжэння інтэграцыйных працэсаў у Еўра-Атлантыцы і Еўразіі. Як паказвае ў сваім даследаванні "Еўразійская кантынентальная інтэграцыя" дырэктар Цэнтра інтэграцыйных даследаванняў пры Еўразійскім банку развіцця Яўген Вінакураў разам з доктарам эканамічных навук Аляксандрам Лібманам, вектар еўразійскай інтэграцыі мае кантынентальны характар, а не абмяжоўваецца толькі постсавецкай прасторай. Гэты еўразійскі кантынентальны вектар абумоўлены, перш за ўсё, не ініцыятывамі дзяржаўных урадаў, а спантаннай актыўнасцю "знізу" разнастайных бізнэс-структур, што функцыянуюць па законах рынку, і суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, якія сваёй дзейнасцю ўтвараюць складаную сетку ўзаемаадносін паміж рознымі краінамі і рэгіёнамі Еўразіі. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць працэс станаўлення еўразійскіх транснацыянальных кампаній (асабліва еўрапейскіх, расійскіх і кітайскіх), прамыя замежныя інвестыцыі і міграцыйныя патокі. Калі яшчэ сорак гадоў таму Еўразія была арэнай барацьбы паміж канкурыруючымі адасобленымі палітычна і эканамічна блокамі, часта адарванымі ад глабальнай эканомікі, то зараз павуцінне сувязяў паміж Еўропай, Паўночнай і Цэнтральнай Еўразіяй і Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіяй становіцца шчыльней з кожным годам. За гэты час Еўразія стала не толькі больш інтэграванай, але і больш шматпалярнай, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму. У гэтым кантэксце пад кантынентальнай еўразійскай інтэграцыяй трэба разумець якасны рост эканамічных, палітычных і сацыяльных узаемасувязяў паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі гульцамі рэгіёнаў еўразійскага кантынента: Еўропай, Паўночнай і Цэнтральнай Еўразіяй (постсавецкім светам), Усходняй, Паўднёвай і Заходняй Азіяй. З-за таго, што кантынентальная інтэграцыя ў асноўным звязана з "інтэграцыяй знізу", паколькі міжурадавае супрацоўніцтва звычайна адстае ад развіцця эканамічных сувязяў, не трэба чакаць утварэння нейкай усёабдымнай еўразійскай палітычнай інтэграцыйнай структуры. Для яе няма падстаў, і ў ёй няма неабходнасці. Супрацоўніцтва дзяржаўных і недзяржаўных суб'ектаў еўразійскага кантынента павінна будавацца згодна з прынцыпам перасякальных сувязяў паміж рознымі арганізацыямі, блокамі, "клубамі", арыентаваных на рашэнне канкрэтных задач. На думку Вінакурава і Лібмана, еўразійская кантынентальная інтэграцыя магла б стаць асноўнай сілай развіцця ў галіне гандлю энергарэсурсамі і іншымі таварамі, стварэння трансеўразійскіх інфраструктур, у сферах транспарту, руху капіталу і працоўнай сілы, турызму, барацьбы з наркагандлем і папярэджвання трансгранічных санітарна-эпідэміялагічных пагроз. Безумоўна, што кантынентальная інтэграцыя ў Еўразіі немагчыма без здзяйснення праектаў агульнай інфраструктуры, якія і ствараюць магчымасці для перамяшчэння тавараў, паслуг і працоўнай сілы. Таму паміж рознымі суб'ектамі еўразійскай кантынентальнай інтэграцыі павінна існаваць разуменне таго, што рэгіянальныя праекты супрацоўніцтва прызваны насіць не ўзаемавыключальны, а ўзаемадапаўняльны характар. Вядома, працэс еўразійскай кантынентальнай інтэграцыі ўскладняецца натуральнай неаднастайнасцю палітычных інтарэсаў, маштабнай эканамічнай і палітычнай разнастайнасцю краін Еўразіі. І таму, на погляд Вінакурава і Лібмана, найважнейшае пытанне сёння наступнае: ці дазволяць палітычныя сілы, якія дамінуюць на еўразійскім кантыненце, упэўнена развівацца гэтаму інтэграцыйнаму працэсу? Ці ж саперніцтва за рэсурсы і ўплыў, тэрытарыяльныя спрэчкі, каштоўнасныя і палітычныя рознагалоссі прывядуць да новага глыбокага расколу паміж краінамі і рэгіёнамі ўнутры Еўразіі, як гэта адбывалася ў мінулым? Гісторыя еўразійскай прасторы сведчыць, што адносіны паміж еўразійскім гандлем і палітычнай інтэграцыяй, якая ў асноўным адбывалася ў выніку фарміравання вялікіх кантынентальных імперый, былі неадназначнымі. З аднаго боку, фарміраванне буйных імперый стварала агульную прававую прастору і гандлёвую інфраструктуру. З іншага боку, пастаянная канкурэнцыя паміж гэтымі імперыямі за магчымасць кантраляваць гандлёвыя патокі і рынкі прыводзіла да буйных войнаў паміж імі, якія нярэдка канчаліся поўным знішчэннем гэтай самай гандлёвай інфраструктуры, што негатыўна адбівалася на развіцці грамадстваў. Трэба адзначыць, што кантынентальная інтэграцыя еўразійскай прасторы "знізу" не з'яўляецца феноменам апошніх дзесяцігоддзяў. Менавіта прадпрымальніцкая ініцыятыва, прычым не першы раз у гісторыі кантынента, становіцца сілай еўразійскай кантынентальнай інтэграцыі. Таму, на думку Вінакурава і Лібмана, сітуацыя, у прыватнасці, у эканамічнай сферы, у Еўразіі развіваецца ў кірунку, супрацьлеглым таму, які ў чарговы раз прапануецца некаторымі экспертамі, што выступаюць за стварэнне альтэрнатывы Захаду. Таму ў межах гэтай логікі памылкова лічыць будучы Еўразійскі саюз геапалітычным блокам, які агароджваецца ад астатняга свету новым "стальным занавесам" і супрацьстаіць Захаду. Наадварот, Еўразійскі саюз сёння ствараецца як максімальна транспарэнтная (адкрытая) прастора, перш за ўсё з эканамічнага пункту гледжання. Так, Расія ў канцы жніўня 2012 года стала членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, чым адкрыла свой рынак не толькі для эканомік краін-членаў гэтай арганізацыі, але і рынкі Беларусі і Казахстана, якія не з'яўляюцца яе членамі, але ўжо вымушаны гуляць па іх правілах у межах Адзінай эканамічнай прасторы. Для Беларусі з гэтага выцякаюць два вынікі. Па-першае, у Еўразійскім саюзе проста так не атрымаецца схавацца ад глабальнага эканамічнага крызісу, эканамічных і палітычных санкцый і г.д. Яго эканамічная транспарэнтнасць і няздольнасць мадэрнізаваць беларускую эканоміку і грамадства пад новыя абставіны выступаюць для нашага развіцця дадатковым фактарам рызыкі. Па-другое, паколькі магістральным трэндам еўразійскай кантынентальнай інтэграцыі сёння з'яўляецца інтэнсіфікацыя эканамічных і палітычных сувязяў паміж Расіяй і Еўропай (і шырэй — з Захадам), выпадзенне Беларусі з гэтых сувязяў тоіць пагрозу патраплення на перыферыю працэсаў еўразійскай інтэграцыі. Таму першае, што трэба зрабіць, — гэта пераасэнсаваць еўразійскую інтэграцыю ў логіцы еўразійскай кантынентальнай інтэграцыі і выбудаваць сваю эканоміку, унутраную і знешнюю палітыку з улікам гэтых тэндэнцый. Арсеній СІВІЦКІ, палітычны аналітык, магістрант факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як толькі свет пабачыў артыкул прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "Новы інтэграцыйны праект для Еўразіі: будучыня, якая нараджаецца сёння", асабліва ў... |
|