Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным. 21.by

Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным

20.11.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Маленькая вайна і "вялікія" інтарэсы

У нас. Вялікая восеньская хваля — так можна назваць шэраг значных кадравых прызначэнняў, які адбыліся (і трэба думаць, працягнуць адбывацца) у вышэйшым эшалоне беларускай улады. Нічога непрадказальнага тут няма. Тое, што адразу пасля парламенцкіх выбараў непазбежны пэўныя перамяшчэнні шэрагу адказных асоб, было не толькі відавочна, але прама выцякала з беларускай палітычнай традыцыі апошніх гадоў.

Можа, самым незвычайным стала прызначэнне паслом у Францыю Паўла Латушкі. Дакладней, ні ў самой адстаўцы (яе многія даўно чакалі), ні ў прызначэнні (Павел Паўлавіч з'яўляецца кар'ерным дыпламатам) нічога дзіўнага няма. Нязвыклымі былі і даручэнні, якія даў новаму паслу кіраўнік дзяржавы.

Па-першае, Аляксандр Лукашэнка асобна падкрэсліў, што на дыпламатычную працу Павел Латушка папрасіўся сам. Відавочна, што гэта было зроблена ў адказ на розныя пагалоскі яшчэ напярэдадні самой адстаўкі.

Па-другое, Прэзідэнт даручыў Латушку вывучыць вопыт дзейнасці Сацыялістычнай партыі Францыі, а потым далажыць вынікі разгляду яму асабіста. Пры гэтым ён не выключыў, што ў хуткім часе падобная партыя можа з'явіцца і ў Беларусі. Адначасова Аляксандр Лукашэнка даў даволі станоўчую характарыстыку працы свайго французскага калегі Франсуа Аланда.

На маёй памяці гэта ўпершыню, калі прэзідэнт дае паслу такое даручэнне. Звычайна кіраўнікам дыпламатычных місій Беларусі за мяжой ставяцца найперш эканамічныя задачы, а палітыка ідзе на другім месцы. Патлумачыць такую незвычайнасць на гэты раз можна дзвюма прычынамі.

Улады робяць стаўку на далейшае развіццё партыйнай сістэмы ў краіне. Вядзецца актыўная праца, хай і не бачная звычайнаму воку, па фарміраванні ідэалогіі грамадскага аб'яднання "Белая Русь", якому, хутчэй за ўсё, наканавана стаць партыяй. Пра тое, што сацыялістычныя ідэі могуць скласці аснову яе праграмы, гаворка ішла ўжо даўно.

Акрамя таго, добрыя словы на адрас Франсуа Аланда могуць азначаць імкненне афіцыйнага Мінска змяніць галоўнага партнёра па перамовах з боку ЕС. Раней у гэтай ролі выступала Германія. Але яе пазіцыя выклікае ўсё большае раздражненне ў Беларусі. Таму мы можам чакаць актывізацыі беларуска-французскіх кантактаў менавіта ў палітычнай сферы.

Вакол нас. Вайны на Блізкім Усходзе чакалі. Аднак зусім не там, дзе яна выбухнула. Дакладней, баявыя дзеянні ў сектары Газа — яшчэ не зусім сапраўдная вайна. Але чалавечыя ахвяры самыя сапраўдныя.

Абвастрэнне ізраільска-палесцінскіх адносін аказалася на руку амаль усім палітычным сілам у рэгіёне.

Ураду Біньяміна Нетаньяху як паветра патрэбна "маленькая пераможная вайна". Кіруючая кааліцыя ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай развалу. І патрыятычныя заявы, абарона насельніцтва ад звыклага ворага — правераны спосаб захавання ўлады і аб'яднання розных палітычных сіл.

Крывавая эскалацыя ідзе на карысць і палесцінскім палітыкам, прычым з розных палюсоў. Для Махмуда Абаса і яго руху ФАТХ — гэта шанц пераадолець раскол у грамадстве, які ўзнік пасля канфлікту з ХАМАС у 2007 годзе. Для самога ХАМАСа ізраільская агрэсія — выратаванне, бо на фоне эканамічных цяжкасцяў аўтарытэт руху ў сектары Газа стаў падаць, і ён фактычна сам справакаваў адказныя дзеянні "сіянісцкага ворага".

У новым ізраільска-палесцінскім канфлікце зацікаўлены і краіны "арабскай вясны". Пасля першай рэвалюцыйнай эйфарыі новыя ўрады сталі перад вялікімі і цяжкімі задачамі найперш гаспадарчага характару. У грамадстве стала ўзрастаць хваля незадаволенасці вынікамі саміх "рэвалюцый". І антыізраільская рыторыка, заклікі да арабскай салідарнасці могуць адцягнуць, хаця б і на пэўны час, увагу грамадзян Туніса, Лівіі, Егіпта ад уласных праблем.

Як гэта не дзіўна, маленькая вайна ў Газе адпавядае інтарэсам Дамаска і Тэгерана. Для першага гэта магчымасць спадзявацца на часовае пераключэнне ўвагі і Захаду, і арабскага свету з уласнай грамадзянскай вайны на больш звыклы канфлікт. Для Ірана відавочным з'яўляецца тое, што Ізраіль не адважыцца на паветраны ўдар па аб'ектах у Ісламскай рэспубліцы пакуль не вырашана праблема Газы.

На жаль, людзі — як у Ізраілі, так і ў Палесціне па-ранейшаму застаюцца закладнікамі гэтых "вялікіх палітычных інтарэсаў".

З гісторыі. На 12 лістапада прыпадае дата някруглая. Але яе значэнне і след у нашай гісторыі ад гэтага не меншыя. У гэты дзень у 1623 годзе пачалося Віцебскае паўстанне — самае буйное выступленне беларускага насельніцтва супраць гвалтоўнага насаджэння царкоўнай уніі.

Да таго часу ўнія фармальна існавала ўжо больш за чвэрць стагоддзя. Аднак сучаснікі пісалі, што ўніяцкая царква — гэта святары без паствы. Праваслаўныя ў сваёй большасці не прынялі рашэнні Брэсцкага сабора. Разгарнулася палемічная барацьба — бадай што вяршыня развіцця старажытнабеларускай літаратуры. Прыхільнікі ўніяцкай ідэі відавочна прайгравалі сваім праціўнікам. І тады на месца палемістаў прыйшлі людзі з іншымі якасцямі. Галоўны з іх — архіепіскап Іасафат Кунцэвіч. Ён стаў забараняць праваслаўным спраўляць шлюбы, хрысціць дзяцей, адпяваць памерлых, нават прыстойна хаваць іх. Святароў арыштоўвалі і накіроўвалі ў астрог.

Крутыя метады Кунцэвіча выклікалі заклапочанасць нават улад, якія ўнію падтрымлівалі. Захаваліся лісты Льва Сапегі да архіепіскапа, у якіх ён перасцерагае таго ад ужывання гвалту. Канцлер ведаў, пра што пісаў.

Выступленні супраць Кунцэвіча ўжо адбываліся ў Магілёве і Полацку. Дарэчы, жыхары гэтых гарадоў прынялі ўдзел у падрыхтоўцы паўстання ў Віцебску. Нарэшце, 12 лістапада ўдарылі званы гарадской ратушы і праваслаўных храмаў. Тысячы ўзбуджаных гараджан накіраваліся да двара архіепіскапа. Нянавісць да Кунцэвіча была такой лютай, што натоўп літаральна разарваў яго. Цела забітага цягалі па вуліцах, а потым скінулі ў Заходнюю Дзвіну.

Расправа ўлад не толькі над удзельнікамі паўстання, але Віцебскам увогуле была вельмі жорсткай. 120 гараджан прыгаварылі да смяротнага пакарання (праўда, большасць здолела ўцячы). Горад пазбавілі магдэбургскага права і ўсіх прывілеяў, наклалі вялікі грашовы штраф. Ратушу зруйнавалі, усе званы горада былі пераліты ў адзін у памяць пра Кунцэвіча, якога прызналі "блажэнным". Кіраваў расправай асабіста Леў Сапега.

Але памяць пра тое паўстанне захавалася ў народзе. Нездарма Уладзімір Караткевіч прысвяціў тым падзеям адну з лепшых сваіх п'ес — "Званы Віцебска".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маленькая вайна і "вялікія" інтарэсы У нас. Вялікая восеньская хваля — так можна назваць шэраг значных кадравых прызначэнняў, які адбыліся (і трэба думаць,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика