Жорсткая размова
24.11.2012
—
Новости Общества
|
У нас. Жорсткая размова — такое кароткае, але разам з тым дакладнае азначэнне можна даць амаль любой нарадзе, якую праводзіць Аляксандр Лукашэнка. Не стала выключэннем і 20 лістапада, калі Прэзідэнт прымаў з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Як стала вядома, на гэтай справаздачы прысутнічалі таксама кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў, памочнік Прэзідэнта па эканамічных пытаннях Петр Пракаповіч, міністр эканомікі Мікалай Снапкоў і міністр фінансаў Андрэй Харкавец.
Кіраўнік дзяржавы заўжды падкрэсліваў, што Адміністрацыя Прэзідэнта з'яўляецца палітычным штабам краіны, а ўрад — эканамічным. Доўгі час так і было. З вышэйшых службовых асоб, якія працуюць у будынку на Карла Маркса, 38, у пытанні эканомікі найбольш актыўна ўмешваўся хіба што былы памочнік Прэзідэнта Сяргей Ткачоў. Добра памятаюцца яго публічныя спрэчкі з прадстаўнікамі ўрада. Аднак з таго часу, як Адміністрацыю ўзначаліў Андрэй Кабякоў, яе эканамічны блок стаў моцным, як ніколі да гэтага. Сам Андрэй Уладзіміравіч мае вялікі досвед эканамічнага кіравання. Яго намеснікам з'яўляецца доктар эканамічных навук Андрэй Тур. А памочнікам Прэзідэнта па эканоміцы не так ужо і даўно быў прызначаны Пётр Пракаповіч, дарэчы, Герой Беларусі. Узгаданае пасяджэнне ў Прэзідэнта пацвердзіла прагнозы тых экспертаў, хто прадказваў павялічэнне ўплыву Адміністрацыі на прыняцце ключавых эканамічных рашэнняў. Стала таксама відавочна, што паміж урадам і Адміністрацыяй існуюць пэўныя супярэчнасці ў тым, якія напрамкі эканамічнага развіцця павінны быць прыярытэтнымі. Ці дрэнна гэта? На маю думку, не. Канешне, калі не шкодзіць справе. Мы, грамадзяне, павінны бачыць, што кіраўніцтва краіны прымае рашэнні на падставе выбару паміж рознымі магчымасцямі, што вышэйшыя чыноўнікі — такія ж людзі, якія могуць і спрачацца, і не пагаджацца адзін з адным. Усё гэта робіць уладу больш блізкай і зразумелай. Вакол нас. Ужо некалькі дзён Балканы калоціць. "Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі" поўнасцю апраўдаў харвацкіх генералаў Антэ Гатовіну і Младана Маркача. На радзіме іх сустракалі як герояў. І не дзіўна — фактычна "трыбунал" выдаў індульгенцыю ўсяму кіруючаму палітычнаму класу Харватыі за ўсе злачынствы, якія былі зроблены ў час Югаслаўскай вайны. "Сербаў можна забіваць" — менавіта так трэба разумець апошняе рашэнне Гаагскага судзілішча. Ды і не толькі апошняе. На працэсах, якія ён правёў, былі разгледжаны справы 92 сербаў, 33 харватаў, 8 косаўскіх албанцаў, 7 баснійскіх мусульман і 2 македонцаў. Пры гэтым прысуды ў дачыненні да сербаў больш жорсткія, чым да астатніх. "Сербскія справы" цягнуцца гадамі, многія з абвінавачаных не могуць дачакацца іх заканчэння і так і паміраюць у турме. Самы вядомы прыклад — Слабадан Мілошавіч. У шэрагу выпадкаў арыштаванага трымаюць за кратамі, пакуль на яго не назбіраюць дастаткова доказаў для абвінавачвання. Апраўдальныя прысуды для сербаў адзінкавыя. Затое "трыбунал" вельмі літасцівы да былых праціўнікаў сербаў у той вайне. У свой час абвінавачванні былі зняты з Рамуша Харадзіная, аднаго з галоўных косаўскіх баевікоў, які потым займаў пасаду "прэм'ер-міністра" захопленага края. І толькі міжнародны скандал прымусіў "суддзяў" вярнуцца да разгляду справы. У Гатовіны і Маркача крыві на руках не меней, чым у Харадзіная. Гатовіна ўвогуле, так бы мовіць, дыпламаваны баявік — ён прайшоў школу Замежнага легіёна Францыі. Абодва харвацкія генералы кіравалі правядзеннем аперацыі "Бура" ў 1995 годзе. Тады былі забіты тысячы сербаў, знішчана Рэспубліка Сербская Краіна, сербскае насельніцтва ў Харватыі скарацілася больш чым удвая. Выгнанне сербаў (этнічныя чысткі) суправаджалася здзекамі, катаваннямі, бамбардзіроўкай калон уцекачоў. Усім гэтым і кіравалі Гатовіна і Маркач. Але "суд" не знайшоў доказаў! У гэтым матэрыяле словы "трыбунал", "суд" і "суддзі" нездарма ўзяты ў двукоссе. Тое, што адбываецца ў Гаазе ў дачыненні да разгляду спраў часоў югаслаўскай вайны — ганьба і сорам для міжнароднай супольнасці і правасуддзя. Калі Нюрнбергскі трыбунал стаў сінонімам справядлівасці і непазбежнай адказнасці за ваенныя злачынствы, то "Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі" асацыюецца толькі з падвойнымі стандартамі і палітычнымі інтрыгамі, якія стаяць за кожным прысудам. З гісторыі. 70 гадоў таму пачалося контрнаступленне савецкіх войскаў пад Сталінградам. І гэта, безумоўна, падзея беларускай гісторыі. Таксама, як і польскай, і французскай, і чэшскай — усіх тых народаў, што знаходзіліся пад гітлераўскай акупацыяй і для каго навіна пра страшэнны разгром фашыстаў на Волзе стала сапраўдным прамянём надзеі на вызваленне. Зараз цяжка ўявіць, як людзі ў Еўропе сачылі за тым, што адбываецца на савецка-германскім фронце. Першае паражэнне нямецкіх войскаў пад Масквой узбудзіла шматлікія чаканні. Але летняе наступленне гітлераўцаў у 1942 годзе, калі іх танкавыя калоны праходзілі за суткі да 100 кіламетраў, зноў абрынула заняволеныя народы ў роспач. І тут такое! Сталінград не здаўся! Чырвоная Армія не зломлена — яна перайшла ў наступленне! Рашэнне пра рашучы ўдар па групоўцы генерала Паўлюса прымалася цяжка. Гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца, каму належала сама ідэя ажыццявіць "Каны на Волзе": Жукаву, Васілеўскаму альбо Воранаву? Сталін спачатку не верыў у тое, што Чырвоная Армія здольная правесці такую дасканалую аперацыю. Сумненні былі і ў некаторых генералаў-франтавікоў. Як успамінаў потым маршал Васілеўскі, камандзір 4-га механізаванага корпуса Вольскі нават звярнуўся з лістом да Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, бо лічыў запланаванае наступленне авантурай. Але ўсе хваляванні прайшлі, і 19 лістапада пачалася аперацыя "Уран" — войскі Данскога і Паўднёва-Заходняга франтоў перайшлі ў наступленне, а 23 лістапада злучыліся і замкнулі кола акружэння 6-й нямецкай арміі. Наперадзе была перамога. І ўсё ж юбілей Сталінградскай бітвы, як і ўсе юбілеі, звязаныя з Вялікай Айчыннай, нясе і нотку смутку. Адыходзяць нашы ветэраны... Так, жыццё бярэ сваё. Але менавіта гэта пакаленне, на якое з маленства мы прызвычаіліся глядзець як на прыклад мужнасці, адданасці, чысціні, не хочацца адпускаць. І кожны раз, калі нейкая дата, падзея нагадвае пра мінулую вайну, то сам сабе задаеш такія пытанні: А што ты не зрабіў для тых ветэранаў, каго ведаеш? Можа, абышоў увагай? Не сказаў патрэбнае слова? Не дапамог? І ці зможаш гэта паправіць? Дзякуй вам, нашы даражэнькія! gіgіn@bеltа.bу Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным |
|