Ці правільна ляжаць “паліцэйскія”?
29.11.2012
—
Новости Общества
|
У некаторых месцах “ляжачыя паліцэйскія” стандарту не адпавядаюць. Маладзечанскія кіроўцы ўжо даўно звыкліся з такой з’явай на дарозе, як штучная няроўнасць альбо “ляжачы паліцэйскі”.Вузкія і шырокія, высокія і нізкія, тыя, што вельмі перашкаджаюць, і тыя, праз якія праязджаеш, амаль не знізіўшы хуткасць….А між іншым, ва ўсіх штучных няроўнасцей павінны быць стандарт. Па каментар мы звярнуліся да інжынера па бяспецы дарожнага руху аддзялення ДАІ Маладзечанскага РАУС Уладзіміра Мумрыкава: – Усе памеры і месцы размяшчэння штучных няроўнасцей прапісаныя ў стандарце. Памер “паліцэйскага” залежыць ад якасці дарогі. А яго вышыня ў любым выпадку не павінна перавышаць 6,5 см. – Вы кажаце, што самы вузкі паліцэйскі не павінны быць вузейшы за метр, а як быць з “паліцэйскім” на вуліцы Вольнай? Я сама замярала, яго шырыня менш за 40 см. – Справа ў тым, што стандарты для штучных няроўнасцей пачалі дзейнічаць у 2006 годзе, а я мяркую, што “паліцэйскі” на вул.Вольнай быў усталяваны значна раней. – Якія яшчэ ўмовы павінны захоўвацца пры ўсталяванні “паліцэйскіх”? – Ну, па-першае, “паліцэйскія” павінны быць усталяваны ў тых месцах, дзе ёсць небяспека ДТЗ – каля навучальных ўстаноў, вакзалаў, стадыёнаў. Адным словам, дзе дарогу пераходзіць шмат людзей. Згодна са стандартам, штучная няроўнасць павінна знаходзіцца ў месцы, якое добра бачнае і кіроўцам, і пешаходам. Штучная няроўнасць, вышэйшая за 1 см, – толькі пад добрым асвятленнем. – З якога матэрыялу павінны быць вырабленыя “паліцэйскія”, што выкарыстоўваюцца на маладзечанскіх вуліцах? – На сённяшні дзень у горадзе ёсць толькі паліцэйскія з асфальту. – Дазвольце не пагадзіцца, я бачыла і такія, якія выкладзеныя з некалькіх бардзюраў. – Напэўна, такіх паліцэйскія вы бачылі ў дварах. Гэта “народныя ўмельцы” так засцерагаюць свае двары. А яшчэ “паліцэйскія” не павінны быць пашкоджаныя. – А што рабіць, калі ўсё ж такі заўважыш, што ўмовы ўсталявання парушаныя? – Звяртацца ў ДАІ. Калі я ўжо развітвалася, Уладзімір Яўгенавіч пажартаваў: калі пасля вашага артыкула маладзечанцы з лінейкамі кінуцца замяраць “паліцэйскіх”, парайце ім не забыцца абазначыць сябе флікерамі. Як я мерала “паліцэйскіх” Праблема “ляжачых паліцэйскіх” мне, як кіроўцу з пяцігадовым стажам, добра вядомая. Узяўшы лінейку, рулетку і відэакамеру, пайшла мераць тыя з іх, якія мне даўно здаваліся падазронымі. Нагадаю, што згодна са стандартам, шырыня штучнай няроўнасці павінна быць 1-3,5 м, а вышыня – 6,5 см. Паліцэйскі №1: Вуліца Таміліна. Новы “паліцэйскі” з’явіўся насупраць медыцынскага каледжа. Калі з шырынёй у яго ўсё нармальна (1, 5 м), то вышыня, як я і думала, не зусім адпавядае стандарту. У залежнасці ад таго, з якога боку мераць, вышыня гэтага “паліцэйскага” 8-12 см! Яўнае парушэнне! Паліцэйскі №2: Вуліца Прытыцкага. Мяркую, што мала хто з кіроўцаў не чапляўся бамперам за “паліцэйскага” насупраць “Беларусбанка”, але цяпер яго выраўнялі. Вышыня яго 6 см, а за кошт таго, што яго раўнялі, шырыні яму дабавілі. Гэты паліцэйскі – мой рэкардсмен па шырыні – 2,30 м! Паліцэйскі №3: Вуліца Вольная. Тут побач ляжаць два “паліцэйскія”, таксама ў сваім родзе рэкардсмены – шырыня не дасягае нават і 40 см. Паліцэйскі №4: Вуліца Францішка Скарыны. “Паліцэйскі” на гэтай вуліцы зацікавіў тым, што ён ляжыць у “шахматным” парадку. І здалёк нагадвае жывую змяю. Вельмі ж ён розны ў сваёй шырыні! А памераць яго так і не атрымалася, таму што, калі я падыходзіла да краю дарогі, машыны спыняліся, каб прапусціць мяне ці проста пасігналіць. І я вырашыла не рабіць перашкоду руху. Паліцэйскі №5: Тая ж вуліца Скарыны. Заезд у двор. Стаяць тры дарожныя знакі! Знак “Штучная няроўнасць”, знак “Абмежаванне хуткасці” і знак “Асцярожна, дзеці!”, а “паліцэйскага” няма… Дакладней кажучы, ад яго застаўся толькі невялічкі фрагмент каля самай узбочыны. Наталля ТУР, Фота cars.ru Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Маладзечанскія кіроўцы ўжо даўно звыкліся з такой з’явай на дарозе, як штучная няроўнасць альбо “ляжачы паліцэйскі”. |
|