Дзядулі сучасных электрачайнікаў
30.11.2012
—
Новости Общества
|
"Руская чайная машына" — такім афіцыйным словазлучэннем у Еўропе называлі самавар, адзін з галоўных электрапрыбораў на кухні дзесяцігоддзі таму. Дзядулі сучасных электрачайнікаў даўно пайшлі на пенсію, але выкідваць іх мы чамусьці не збіраемся. Гісторыя прыбора Насуперак агульнапрынятаму меркаванню самавар прыдумалі не рускія. Дакладней, саму сістэму падагрэву вады вынайшлі ў Кітаі і Старажытным Рыме яшчэ задоўга да з'яўлення рускіх самавараў. Існуе легенда, што першы самавар у Расію прывёз Пётр І з Галандыі. Але насамрэч першы самавар з'явіўся праз паўстагоддзя пасля смерці Пятра: яго ў 1778 годзе браты Іван і Назар Лісіцыны зрабілі на Урале — там была разгорнута напачатку невялікая вытворчасць самавараў. Пазней самавары Лісіцыных славіліся разнастайнасцю формаў і аздаблення: бочачкі, вазы з чаканкай і гравіроўкай, самавары з кранамі ў выглядзе дэльфіна, з петлепадобнымі ручкамі. Першыя самавары па знешнім выглядзе і прызначэнні былі падобнымі да англійскіх так званых "чайных урнаў", якія служылі для кіпячэння вады і выкарыстоўваліся ў Англіі ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя. Але ў канцы стагоддзя рускі самавар ужо меў асабістыя канструктыўна-функцыянальныя асаблівасці. І самаварная справа пайшла па краіне. На пачатку ХІХ стагоддзя першае месца па вытворчасці самавараў заняла Тула, якую называлі самаварнай сталіцай. У тыя часы на фабрыцы Васіля Ломава выпускалася больш за дзве тысячы самавараў у год. Гэта былі вельмі якасныя прыборы, якія прадаваліся на вагу і дорага каштавалі. ХІХ стагоддзе — гэта залаты век самаварнай справы ў Расіі. Кожная фабрыка старалася прыдумаць свой, непадобны да іншых самавар. Адсюль разнастайнасць формаў прыбора: гранёныя, шарападобныя, канічныя. Рознымі былі і памеры: ад двухсотграмовага стакана да дваццаці літраў. Таксама спрабавалі знайсці ўніверсальнае выкарыстанне самаварам: вырабляліся самавары-кафейнікі, дамашнія, дарожныя і г.д. Але большасць з іх так і не атрымала распаўсюджвання. У ХХ стагоддзі самавары выкарыстоўваліся толькі для кіпячэння вады. Найбольшага развіцця самаварная вытворчасць дасягнула ў 1913 годзе, калі толькі ў Туле выраблялася 660 тысяч самавараў у год. Першая і Другая сусветныя войны спынялі выраб самавараў: на самаварных фабрыках выраблялі патроны і іншыя боепрыпасы. Але ў мірны час вытворчасць зноў аднаўлялася. У 1950 годзе Тульскі патронны завод перайменавалі ў "Штамп". Пасля вайны гэта было адзінае прадпрыемства, якое вырабляла самавары. А з 1956-га завод пачаў выраб электрычных самавараў, якія прыйшлі на змену вугальным. Такія самавары масава выкарыстоўваліся савецкімі людзьмі. Але ў сярэдзіне дзевяностых яны пачалі выходзіць з карыстання: на змену ім прыйшлі электрачайнікі з функцыяй аўтаматычнага адключэння пасля закіпання вады. Вытворчасць самавараў у некаторых краінах працягваецца і сёння. Напрыклад, найбольш цікавымі з'яўляюцца нямецкія самавары, якія забяспечаны скрытым награвальным элементам, абаронай ад перагрэву, маюць фільтр ад накіпу і іншыя ноу-хау. "Гэта ж частка нашай сямейнай гісторыі" Урачы Аляксандр і Алена Гарагляд з'яўленню самавара ў сваім доме абавязаны сяброўцы Алене, якая ў далёкія васьмідзясятыя працавала ва ўнівермагу "Беларусь". У часы дэфіцыту жанчына "прытрымала" прыбор для маладой сям'і і прадала яго Гараглядам за сорак рублёў — тады гэта былі вялікія грошы. Так пузаты сябар заняў сваё пачэснае месца ў доме. — Карысталіся мы ім доўга і многа, для гарбаты ваду грэлі толькі ў самавары — рытуал такі быў, — дзеліцца ўспамінамі Алена. — Гасцей заўсёды сустракалі з самаварам на стале. Усё як у сапраўднай рускай сям'і. Дакладней — беларускай. Самавар праслужыў Гараглядам больш за дзесяць гадоў, а потым, як і ў многіх іншых сем'ях, быў заменены электрычным чайнікам і адпраўлены ў ссылку на дачу. — Зараз самавар у нас — прадмет інтэр'еру, — усміхаецца Аляксандр. — Шмат гадоў таму дзесьці згубіўся провад для падключэння яго да электрасеткі. Каб купіць яго дзе... Самавар на стале — сімвал міру і цеплыні ў доме. Алена з Аляксандрам дасталі самавар (хоць ён і не працуе) з шафы: прыемна вярнуць старую рэч на яе месца. — Выкідваць на сметнік яго не збіраемся! Гэта ж частка нашай сямейнай гісторыі. Любоў Бяляева. Фота аўтара Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Руская чайная машына" — такім афіцыйным словазлучэннем у Еўропе называлі самавар, адзін з галоўных электрапрыбораў на кухні дзесяцігоддзі таму. Дзядулі...
|
|