Шпацыр па Камароўцы
01.12.2012
—
Новости Общества
|
Пераднавагоднія запасы: зніжкі на ікру і нятанны "Цешчын пачастунак" На навагодні стол, які прыйдзецца рыхтаваць кожнай гаспадыні праз колькі тыдняў, паставіць сёння ёсць магчымасць усё, на што хопіць грошай і фантазіі. Журналісты "Звязды" пацікавіліся, колькі зараз каштуюць "галоўныя героі" навагодняга стала на сталічным Камароўскім рынку, каб пасля параўнаць,як зменяцца цэны бліжэй да зімовых свят. Тыя, каму "адпачыць" тварам у салаце аліўе альбо закусіць чарку халодненькай гарэлкі бутэрбродам з чырвонай ікрой не дазваляе здароўе ці яшчэ што-небудзь, найперш шукаюць на стале ў Новы год... Мандарыны! Пра твар у салаце і ўсё астатняе — гэта жарт, зразумела. А вось наконт мандарынаў можна цэлую сур'ёзную коштавую філасофію разгарнуць.
— А якія смачнейшыя? — цікаўлюся. — Мараканскія звычайна саладзейшыя. Падабаюцца многім. Але тыя, што з Іспаніі, звычайна большыя. А некаторыя пакупнікі кажуць, што і чысцяцца лепш, бо скурка танчэйшая, — адказвае мне прадавец і знаёміць з цэнамі: — Ёсць па 15 тысяч, ёсць па 18. У супрацьлеглым куце рынку ўдалося пабачыць мандарыны і па 14 тысяч рублёў (праўда, маленькія, некаторыя — з зеленаватымі бакамі), і па 20 тысяч (прыгожыя, нават з галінкамі і лісткамі). Найбольш дарагія каштавалі 25 тысяч рублёў. У прынцыпе, аранжавыя навагоднія фрукты на Камароўцы прадаюцца якраз у гэтай цэнавой катэгорыі — ад 14 да 25 тысяч рублёў. "Якая гадасць гэтая ваша заліўная рыба..." Фраза з вядомага фільма закруцілася ў галаве адразу, як толькі пачала прыцэньвацца да марскіх, рачных і азёрных жыхароў, без якіх навагодні стол таксама не ўяўляецца. І не таму, што рыба — "гадасць", а таму, што фільм таксама навявае навагодні настрой. Карацей, за кіло "элітнага" карпа прадаўцы просяць 33 тысячы рублёў, у той жа час як "карп буйны" (без намёку на элітнасць, праўда, рыбіны крыху меншыя) каштуе на 4 тысячы танней. Хочаце набыць амура, рыхтуйце 28-29 тысяч рублёў, а кілаграм талсталобіка каштуе 24 тысячы.
Найважнейшы інгрэдыент яшчэ для адной салаты, зялёны кансерваваны гарошак — ад 5,9 да 8 з лішкам тысяч рублёў. Можна не абмяжоўваць сябе ў колькасці і купіць адразу вялікую бляшанку за 15 тысяч рублёў, у якой змяшчаецца ажно 800 грамаў. Слабасалёная сёмга для бутэрбродаў абыдзецца ў 250—270 тысяч рублёў за кіло. За невялікія кавалкі па 200-300 грамаў (такія набываюць найбольш часта) просяць ад 50 тысяч. Чырвоная рыбка ў вакуумнай упакоўцы таннейшая на 5—10 тысяч рублёў. Далей накіроўваемся да мяса. Тут прадаўцы гатовы зрабіць зніжку. У сярэднім, за кілаграм свіной паляндвіцы просяць каля 70 тысяч рублёў. Дзесьці прапаноўвалі такое ж мяса па 68 тысяч, а дзесьці цэны даходзілі і да 80 тысяч рублёў. Эх, смажаніна, катлетка ці адбіўная з бульбяным пюрэ — акурат тое, чым патрэбна добра накарміць гасцей у пачатку навагодняга застолля, каб бутэрбродаў з ікрой і іншых далікатэсаў больш засталося. Дарэчы, камароўскія цэны на ікру маюць досыць вялікую разбежку. — А чым адрозніваецца чырвоная ікра за 95 тысяч ад той, што каштуе 140? Бляшанкі, здаецца, аднолькавай вагі — грамаў па 100? — Таннейшую з замарожанай сыравіны робяць. Тая, што за 140 тысяч, сапраўды смачнейшая, — тлумачыць прадавец. Такая ж колькасць чорнай ікры каштуе 180 тысяч рублёў. Але ў некаторых атрымліваецца дамовіцца на значна больш нізкую суму. — Прыходзьце, я вам зніжку да 150 тысяч зраблю, — паабяцалі і мне. Працягваючы тэму бутэрбродаў, варта ўспомніць пра сыравэнджаную каўбасу. Цэны на яе на камароўскіх прылаўках, у асноўным, пачынаюцца ад 110 тысяч рублёў. Ёсць і даражэйшыя варыянты — 125, 133 тысячы за кілаграм. І, нарэшце, самая нятанная каўбаса з правакацыйнай назвай "Цешчын пачастунак", якая каштуе 135 тысяч рублёў за кіло. Тут жа варта ўспомніць і пра шпроты, бляшаначка якіх каштуе 11,5 тысячы рублёў. Як высока падымуцца цэны перад самым Новым годам, прадаўцы расказваць не бяруцца. Што ж, паглядзім тыдні праз тры. Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераднавагоднія запасы: зніжкі на ікру і нятанны "Цешчын пачастунак" На навагодні стол, які прыйдзецца рыхтаваць кожнай гаспадыні праз колькі тыдняў,... |
|