Сустрэча са школай, якой... няма. 21.by

Сустрэча са школай, якой... няма

04.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Я ніколі не пісала ні ў адну з газет, а цяпер раблю гэта, бо паабяцала сваім землякам з вёскі Радуцічы Асіповіцкага раёна. Наказ быў дадзены пісаць менавіта ў вашу газету, бо вельмі ж яна папулярная сярод нашых вяскоўцаў. І яшчэ. Прасілі, каб артыкул быў абавязкова на беларускай мове.

З павагай, Ала Анатольеўна Кірдун. (г. Мінск)

Калі правесці апытанне жыхароў нашай краіны, каб высветліць, колькі адметнага адбылося ў іх жыцці, то, хутчэй за ўсё, найбольш частымі будуць адказы, звязаныя з цікавым адпачынкам або падарожжам, нараджэннем новай сям'і або дзіцяці, атрыманнем новай пасады або пераходам на іншае месца працы...

А вось цяперашнія і былыя жыхары вёскі Радуцічы Асіповіцкага раёна абавязкова назавуць і яшчэ адну вельмі значную і адметную для іх падзею — гэта сустрэча былых выпускнікоў і настаўнікаў мясцовай школы. Нехта здзіўлена падумае: "І што ж тут адметнага, значнага? Я кожны год у лютым наведваю сваю школу, сустракаюся са сваімі школьнымі сябрамі і настаўнікамі...". Што тут скажаш? Добра таму, у каго такая магчымасць ёсць. Можна параіць толькі, каб даражылі ёю. Для Радуцічаў жа тэма школы — па сённяшні дзень як балючая і незагойная рана.

Вёска наша — старажытная, не так даўно адзначыла 460-годдзе. За час існавання шмат чаго бачыла і перажыла. Сёння таго, хто прыязджае ў Радуцічы ўпершыню, прывабліваюць і рытмічны ўклад жыцця вяскоўцаў, якія падтрымліваюць свае падворкі ў парадку і чысціні, і навакольная прырода. Вёска стаіць на высокім беразе прыгажуні ракі Пціч, у якой у цёплыя летнія дні вада ажно кіпіць ад вялікай колькасці купальшчыкаў. Рыбакі з вудамі тут таксама знаходзяць сваё "шчасце". А якія ж багатыя на грыбы і ягады лясы навокал! Прайшоў колькі метраў за вёску — і ты ўжо ў чарніцах...

Аб гісторыі і прыродзе нашых Радуцічаў можна шмат расказваць з захапленем. Адно толькі засмучае, што аб былым багатым калгасе імя Ульянава, за гады існавання якога была створана вельмі добрая сацыяльная інфраструктура ды пабудаваны новыя вуліцы, цяпер у Радуцічах нагадваюць толькі магазін ды клуб. Нашай роднай школы, якая заўсёды была ў цэнтры вясковага жыцця, з якой непарыўна звязаны лёс кожнага вяскоўца, якая пачала сваё існаванне яшчэ ў 1909 годзе як трохкласнае вучылішча, няма... Яе закрылі ў 1999 годзе як "нерэнтабельную". Аб той яе "рэнтабельнасці" ці "нерэнтабельнасці" вяскоўцы і сёння выказваюць розныя меркаванні. Закрыццё школы стварыла на той час для бацькоў школьнікаў (а тых было каля 70) шмат праблем. Але ў вяскоўцаў ніхто не пытаўся, што значыць для іх школа. Зладжаны калектыў настаўнікаў, многія з якіх мелі багаты педагагічны вопыт і вылучаліся высокім прафесійным узроўнем, распусцілі і адпусцілі, як цяпер кажуць, у свабоднае плаванне.

Вялікі школьны двор апусцеў, зарос травою, як і агарод на беразе ракі. Безгаспадарліва пакінуты стары школьны будынак прыйшоў у заняпад, таму праз колькі гадоў яго разбурылі і зраўнялі з зямлёю. Сёння аб школе нагадваюць толькі магутныя дрэвы, што акаляюць двор, ды спартыўнае абсталяванне, якое дзіўным чынам яшчэ не расцягнулі па падворках для гаспадарчых прылад.

Калі даводзіцца праходзіць паўз маўклівы школьны двор, то ахоплівае адчуванне жудаснага суму — ад таго, што лёс адабраў нават магчымасць ілюзіі вяртання ў школьнае дзяцінства (ілюзіі, якая, напэўна, узнікае ў многіх, калі яны прыходзяць у тыя сцены, дзе вучыліся, і сустракаюць школьных сяброў і настаўнікаў), быццам тваё "ўчора" нехта выкраў і ты цяпер балансуеш у жыцці без апоры (можа, многія чытачы мяне і не надта разумеюць, бо, як кажуць, толькі згубіўшы, можна спасцігнуць усю каштоўнасць згубленага).

Заўсёды зайздросціла, калі мае калегі па працы ці проста знаёмыя расказвалі аб сваіх школьных "вечарах сустрэч": аб тым, якія змены адбыліся ў іх школе і чым яна цяпер жыве; як выглядаюць настаўнікі, якія "яшчэ працуюць" або ўжо "не працуюць", аб цікавых школьных гісторыях, што ўспаміналіся падчас "сустрэчы"; аб аднакласніках, з якімі дзякуючы "сустрэчы" наладзілі сувязь, аб тым, дзе працуюць сябры, колькі ў каго дзяцей і якія ў іх дасягненні. Безумоўна, сёння можна звярнуцца да інтэрнэту, зарэгістравацца на адным з сайтаў накшталт "Вконтакте" або "Одноклассники" і такім чынам ліквідаваць інфармацыйны прабел. Але ж "размовы" праз камп'ютар ніколі не дадуць тых адчуванняў і тых эмоцый, якія даюць асабістыя стасункі...

Сёлета клуб у Радуцічах гасцінна расчыніў свае дзверы, запрашаючы ўсіх выпускнікоў роднай школы на сустрэчу. Яе ініцыятарам і арганізатарам стала загадчыца клуба Мельнік Наталля Аляксееўна. Былыя вучні і настаўнікі нашай няпоўнай сярэдняй школы з'ехаліся з розных куткоў Беларусі, а некаторыя дзеля гэтай сустрэчы прыехалі нават з-за мяжы.

Успамінамі дзяліліся былыя дырэктары школы Фаміна (Дражына) Лідзія Сяргееўна і Бародзіч Сямён Дзмітравіч, аўтарытэт якіх прызнаваўся не толькі ў школьным асяроддзі, але і ва ўсіх навакольных вёсках; завучы Паланейчык Ганна Пятроўна, сустрэчы з якой вельмі рады былі тыя, хто закончыў школу больш як паўстагоддзя таму, і Буліч Ірына Анатольеўна, якая працавала з вучнямі складаных 1990-х гадоў; нашы, без перабольшвання, легендарныя настаўніцы Сафонава Людміла Васільеўна, якая 32 гады выкладала рускую мову і літаратуру, і Райчонак Валянціна Іванаўна, якая 35 гадоў нязменна працавала настаўніцай пачатковых класаў.

Не перадаць словамі, якая эмацыянальная атмасфера панавала ў клубнай зале. Людзі і смяяліся, і плакалі, і абдымаліся, і не шкадуючы далоняў апладзіравалі дзецям, што спявалі пад сучасны музычны акампанемент старыя і новыя песні аб школе. А як ускліквалі, калі пазнавалі сябе на фотаздымках, што дэманстраваліся на экране! Адзін з выпускнікоў школы, Кулевіч Міхаіл Якаўлевіч, з прычыны свайго ўзросту не змог прыехаць на сустрэчу, але даслаў ліст са сваім вершам, прысвечаным родным Радуцічам. Калі сястра Валянціна Якаўлеўна чытала яго, здавалася, што людзі нават не дыхаюць, каб пачуць кожнае вершаванае слова, якім апісваліся такія знаёмыя мясціны і якім выказаны такія ўсім зразумелыя пачуцці любові да іх.

Пасля ўрачыстай часткі ў парку каля клуба было наладжана застолле, танцы, гульні і... зноў успаміны аб школьных гадах. Разыходзіліся мы ўжо глыбокай ноччу. Я не буду далей пісаць аб значэнні праведзенага мерапрыемства, аб такіх паняццях, як "патрыятызм", "духоўнасць", а прывяду толькі радкі з верша Уладзіміра Паўлава, якія прыходзяць на памяць кожны раз, калі толькі ўспамінаецца тая сустрэча з мінулым у клубе:

...Толькі гонар свой трымаем годна.

Лета ў Лету не збяжыць.

І гаворым прынародна:

"Мы жылі і будзем жыць!".

Ала Кірдун (Пінчук),

выпускніца няпоўнай сярэдняй Радуціцкай школы

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Я ніколі не пісала ні ў адну з газет, а цяпер раблю гэта, бо паабяцала сваім землякам з вёскі Радуцічы Асіповіцкага раёна. Наказ быў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика